Беларуская тэнісістка Вікторыя Азаранка не змагла прабіцца ў чвэрцьфінал турніру WTA-500 у аўстралійскім Брысбене. У 1/8 фіналу яна саступіла чэшцы Марыі Бузкавай з лікам 4:6, 4:6. У сваю чаргу, першая ракетка свету Арына Сабаленка працягвае змаганне і сёння сустрэнецца з Юліяй Пуцінцавай з Казахстана. Турнір у Брысбене з’яўляецца падрыхтоўкай да Australian Open, дзе беларускі раней ужо станавіліся чэмпіёнкамі: Азаранка — у 2012 і 2013 гадах, Сабаленка — апошнія два сезоны.
Грос з “Дынама” — сярод найлепшых гульцоў КХЛ
Амерыканскі абаронца менскага “Дынама” Джордан Грос заняў чацвёртае месца ў рэйтынгу найлепшых гульцоў КХЛ за апошнія тры тыдні. За шэсць матчаў ён набраў 6 ачкоў (3+3) і вызначыўся дублем у апошнім матчы супраць “Лакаматыва”. Рэйтынг узначаліў абаронца казанскага “Ак Барса” Мікіта Лямкін. “Дынама” займае шостае месца ў Заходняй канферэнцыі і 4 студзеня сустракаецца з “Тарпеда”.
Авечкін — другі найлепшы хакеіст XXI стагоддзя
Паўночнаамерыканскае выданне Sportsnet назвала расейскага форварда “Вашынгтона” Аляксандра Авечкіна другім найлепшым хакеістам XXI стагоддзя. Рэйтынг узначаліў канадзец Сідні Кросбі з “Піцбурга”. У тройку таксама ўвайшоў Конар Макдэвід з “Эдмантана”. У топ-10 трапілі таксама іншыя легендарныя хакеісты, такія як Павел Дацюк і Ніклас Лідстрэм.
За менскае “Дынама” Сядзько ў гэтым сезоне не згуляе
Паўабаронца менскага “Дынама” Павел Сядзько пакідае клуб пасля заканчэння кантракта. За два сезоны ў складзе “Дынама” ён правёў 58 матчаў, у якіх забіў 11 галоў, і двойчы станавіўся чэмпіёнам Беларусі.
Глеб пачынае трэнерскую кар’еру
Легендарны беларускі футбаліст Аляксандр Глеб паведаміў пра намер пачаць працу ў якасці трэнера. Нядаўна ён атрымаў трэнерскую ліцэнзію катэгорыі “А” і плануе спачатку працаваць памочнікам галоўнага трэнера, каб назапасіць неабходны досвед.
“Рэал” плануе падпісаць Александэра-Арнольда
Мадрыдскі “Рэал” рыхтуе другую прапанову па абаронцу “Ліверпуля” Трэнту Александэру-Арнальду. Ангельскі клуб раней адхіліў прапанову, але “Рэал” гатовы прапанаваць каля 20 мільёнаў фунтаў. Кантракт футбаліста з “Ліверпулем” заканчваецца напрыканцы сезона.
Свет развітаўся са старэйшай алімпійскай чэмпіёнкай
На 104-м годзе жыцця памерла венгерская гімнастка Агнеш Келеці — пяціразовая алімпійская чэмпіёнка. Яна заваявала золата на Алімпійскіх гульнях у 1952 і 1956 гадах, а таксама мела яшчэ восем медалёў.
Беларускае Радыё Рацыя