У першым матчы 2024 года Вікторыя Азаранка адолела на турніры WTA 500 у аўстралійскім Брысбене 80-ю ракетку свету расейку Ганну Калінскую 6:1, 7:6.

Гэтая перамога стала для беларускай тэнісісткі 600-й у WTA-туры. Экс-першая ракетка свету Вікторыя Азаранка заваявала 21 тытул у адзіночным разрадзе, у тым ліку два трафеі Australian Open. Цяпер яна займае 23 месца ў рэйтынгу WTA.
Вызначаны ўсе паўфіналісты моладзевага чэмпіянату свету па хакеі
Сталі вядомыя каманды, якія згуляюць у паўфінале маладзёжнага чэмпіянату свету па хакеі ў шведскім Гётэборгу. У апошнім паядынку чвэрцьфіналу зборная Швецыі абыграла каманду Швейцарыі ў авертайме з лікам 3:2. Раней зборная Фінляндыі перамагла каманду Славакіі таксама ў авертайме 4:3, зборная ЗША разграміла латвійцаў 7:2, а чэхі сенсацыйна адолелі канадцаў 3:2. Паўфінальныя матчы адбудуцца 4 студзеня: фіны згуляюць з камандай ЗША, а зборная Швецыі будзе змагацца з чэхамі. Нагадаем, Міжнародная федэрацыя хакея адхіліла зборныя Беларусі і Расеі ад удзелу ў міжнародных турнірах.
Кірыл Вяргейчык завяршыў кар’еру, ён стане трэнерам у Акадэміі АБФФ
Як стала вядома «Трыбуне», беларускі 32-гадовы нападнік Кірыл Вяргейчык завяршыў прафесійную кар’еру. Футбаліст стане трэнерам у Акадэміі АБФФ. У апошнім сезоне Вяргейчык выступаў за «Слуцк», у 26-і матчах ва ўсіх турнірах ён адзначыўся адной галявой перадачай. Нагадаем, што Вяргейчык зʼяўляецца падпісантам за рэжым.
«Ювентус» зацікаўлены ў набыцці Судакова з «Шахцёра»
Італьянскі «Ювентус» і асабіста галоўны трэнер Масіміліяна Алегры выказалі зацікаўленасць у набыцці атакуючага паўабаронцы данецкага «Шахцёра» Георгія Судакова, паведамляе Tuttosport. Алегры настойвае на набыцці 21-гадовага гульца ў бліжэйшы месяц. У гэтым сезоне Судакоў у 18 матчах ва ўсіх турнірах вызначыўся трыма галамі і адной выніковай перадачай.
Ван Бронкхарст можа ўзначаліць “Бешыкташ”
Вядомы па выступах за «Барселону» і зборную Галандыі Джавані ван Бронкхарст вядзе перамовы з турэцкім «Бешыкташам» аб тым, каб стаць галоўным трэнерам каманды. Раней паведамлялася, што экс-трэнер зборнай Расеі Станіслаў Чарчэсаў з’яўляецца адным з кандыдатаў на гэтую пасаду. Акрамя іх, на пасаду галоўнага трэнера «Бешыкташа» прэтэндуюць Фабіа Каннавара, Славен Біліч, Хорхе Сампаолі, Руд ван Ністэлрой, Франк дэ Бур і Бруна Жэнезіё. Апошнім клубам у трэнерскай кар’еры 48-гадовага Джавані ван Бронкхарста быў «Рэйнджэрс», з якім ён растаўся ў лістападзе 2022 года. Раней спецыяліст трэніраваў “Феенорд” і “Гуанчжоў”, а таксама працаваў у сістэме англійскага “Манчэстэр Сіці” і маладзёжнай зборнай Нідэрландаў.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: sport5.by