Футбалісты балгарскага клуба “Лудагарэц” сталі супернікамі менскага “Дынама” ў другім раўндзе кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў.

У паядынку ў адказ першага кваліфікацыйнага раўнда чэмпіёны Балгарыі саступілі ў Батумі мясцоваму “Дынама” з лікам 0:1, але дзякуючы перамозе ў Разградзе 3:1 прайшлі далей. Менскае “Дынама” па суме дзвюх сустрэч адолела чэмпіёна Арменіі ерэванскі “Пюнік” – 0:0 і 1:0. Паядынкі паміж чэмпіёнамі Беларусі і Балгарыі адбудуцца 23-24 і 30-31 ліпеня.
Чарняк падпісаў кантракт з берасцейскім «Дынама»
22-гадовы нападнік Ілля Чарняк перайшоў у берасцейскае «Дынама».
Кантракт з гульцом заключаны да канца года і мае опцыю падаўжэння. У сёлетнім сезоне Чарняк выходзіў на поле ў 4 матчах ЧБ, галявымі дзеяннямі не вызначыўся. Менскае «Дынама» ў турнірнай табліцы займае першае месца, берасцейцы размяшчаюцца на чацвёртым.
Модрыч падоўжыў кантракт з Рэалам
38-гадовы паўабаронца Лука Модрыч працягнуў кантракт з мадрыдскім Рэалам. Пра гэта паведамляе прэс-служба клуба. Кантракт быў падпісаны да 30 чэрвеня 2025 года. У складзе “сметанковых” харвацкі футбаліст выступае з 2012 года. З Рэалам ён выйграў 6 Ліг чэмпіёнаў, 5 Клубных чэмпіянатаў свету, 4 Суперкубкі Еўропы, 4 Ла Лігі, 2 Кубкі Іспаніі і 5 Суперкубкаў Іспаніі. На індывідуальным узроўні футбаліст выйграў Залаты мяч у 2018 годзе, узнагароду ФІФА. Модрыч мае самую вялікую колькасць тытулаў у гісторыі клуба. Усяго за мадрыдскі клуб Лука правёў 534 матчы, забіўшы 39 галоў і аформіў 86 галявых перадач.
Ілля Протас падпісаў кантракт з «Віндзарам»
Беларускі нападнік Ілля Протас падпісаў кантракт з «Віндзарам» з моладзевай канадскай лігі Антарыё (OHL). Раней клуб абраў беларуса на імпарт-драфце CHL у першым раўндзе пад агульным 3-м нумарам.
Да гэтага «Вашынгтон» абраў хакеіста ў трэцім раўндзе драфта НХЛ-2024 пад агульным 75-м нумарам. За каманду выступае яго брат Аляксей Протас. Адзначым, што беларус правёў 61 гульню за «Дэ-Мойн» у мінулым сезоне USHL і набраў 51 (17+34) ачко.
Расеец Брынкман пакінуў менскае «Дынама»
23-гадовы расеец Арсень Брынкман пакінуў менскае «Дынама». Кантракт быў скасаваны па дамове бакоў. Абаронца далучыўся да каманды ў чэрвені мінулага года. У «рэгулярцы» Брынкман правёў за «Дынама» 25 матчаў і аформіў 1+1 па сістэме «гол+пас» пры паказчыку карыснасці «+3». У плэй-оф КХЛ ён не выйшаў ні разу.
Беларускія весляры пачалі выступленні на маладзёжным чэмпіянаце свету
У балгарскім Плоўдзіве стартавала першынства планеты па веславанні на байдарках і каноэ сярод юніёраў да 18 гадоў і спартоўцаў не старэйшых за 23 гады. У праграме першага дня спаборніцтваў юніёраў адбыліся адборавыя заезды ў дзевяці відах праграмы. На дыстанцыі 1000 метраў сярод мужчынскіх байдарак-двоек беларусы Ігар Якшын і Ілья Філімонаў паказалі найлепшы вынік і наўпрост выйшлі ў пятнічны фінал. Таксама на тысячы ў жаночых каноэ-адзіночак з першага месца ў фінал прабілася Марыя Папічыч. На 500-метроўцы каноэ-двоек за медалі будуць змагацца Глеб Дзёмін і Іван Казлоў, якія сталі ўдзельнікамі вырашальнага заезду пасля трэцяй пазіцыі на папярэдняй стадыі. Яшчэ ў шасці дысцыплінах беларускія весляры адабраліся ў паўфіналы.
У Менску ліквідуюць грамадскае аб’яднанне «Беларуская рэспубліканская федэрацыя амерыканскага футбола»
Менскі гарадскі суд разгледзіць пазоў рэжымнага Мінюста аб ліквідацыі ГА «Беларуская рэспубліканская федэрацыя амерыканскага футбола».
Арганізацыя была зарэгістраваная 17 кастрычніка 2017 года і з’яўляецца паўнапраўным чальцом Міжнароднай федэрацыі амерыканскага футбола (IFAF).
Беларускае Радыё Рацыя






