BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Бардзілоўская заваявала “срэбра” ў Алімпійскіх гульнях у Парыжы

Адразу пачынаем з добрай навіны з алімпійскага Парыжу. Беларускія атлеты сёння распакавалі алімпійскую капілку і паклалі туды першы медаль.
19-гадовая Віялета Бардзілоўская заваявала “срэбра” ў скачках на батуце. Дагэтуль найлепшым вынікам магіляўчанкі ў сезоне было 10-е месца на этапе Кубку свету. Аднак на Алімпіядзе яна шакавала сваім выступам ўсіх экспертаў і заваявала нечаканае 2-е месца. Першае месца ў гэтай дысцыпліне ў брытанкі Брыёні Пэйдж, трэцяе – у канадыйкі Саф’ян Мето.
Малады чалавек срэбнай прызёркі – алімпійскі чэмпіён мінулай алімпіяды ў Токіа Іван Літвіновіч сёння ўвечары таксама распачынае свой выступ. Кваліфікацыя запланаваная на 18-ю, а фінал на 20-ю гадзіны. Па беларускім часе на гадзіну пазней.

Таксама сёння а 21:39 па беларускім часе пройдзе фінал у плаванні 200 м на спіне. Гэта каронная дыстанцыя беларускай плаўчыхі Анастасіі Шкурдай. Што праўда, дзяўчына прабілася ўчора ў фінал толькі з восьмым вынікам.

А вось беларускія стралкі сёння завяршылі выступ на Алімпіядзе без выніковых медалёў. Следам за Дар’яй Чупрыс без фіналу спаборніцтваў засталася Аляксандра Пятрова. Яна страляла з малакалібернага пісталета на дыстанцыі 25 метраў. Усяго выступленне завяршылі 20 удзельніц з 40. У Пятровай 20-ы вынік. А ў фінал наогул патрапілі толькі восем спартовак.

Марыя Жодзік, што жыве і трэніруецца ў Беластоку і выступае за зборную Польшчы, не змагла прабіцца ў паўфінал скачкоў у вышыню. У кваліфікацыі спартоўка паказала найлепшы вынік 1 метр 83 сантыметры і заняла 15 месца. Каб патрапіць у паўфінал ёй трэба было скочыць у адной са спробаў на 14 сантыметраў вышэй.

А тым часам яшчэ адна этнічная беларуска Жаклін Дубровіч заваявала залаты медаль для Злучаных Штатаў Амерыкі ў складзе каманды па фехтаванні на рапірах. Вядома, што бацькі 30-гадовай Жаклін эмігравалі з Беларусі ў ЗША ў канцы 80-х гадоў.

А тым часам на кортах Парыжа праходзяць фінальныя сустрэчы тэнісных турніраў. Там ужо вызначыўся першы фіналіст адзіночнага мужчынскага разраду. Гішпанец Карлас Алькарас з лёгкасцю абыграў канадыйца Фелікса Ажэ-Альясіма з лікам 6:1, 6:1.
Таксама ў гэтыя хвіліны праходзіць сустрэча за бронзавы медаль паміж полькай Ігай Свёнтэк і славачкай Аннай-Каралінай Шмідлавай. Ці здолее Іга заваяваць трэцюю бронзу для польскай зборнай даведаемся неўзабаве.

А тым часам медальны залік выглядае наступным чынам. На першым месцы па-ранейшаму Кітай з 12 залатымі медалямі, на другім Злучаныя Штаты Амерыкі з 9-ю медалямі і на трэцяе месца з такой жа колькасць ўзнагарод вышэйшага гатунку ўзняліся спартоўцы з Брытаніі. Беларускія ж атлеты, якія выступаюць у нейтральным статусе са срэбраным медалем фактычна на 41 месцы, а ў рэальнасці ў афіцыйным заліку яны адсутнічаюць. Вынік таму – саўдзел нашай краіны ў вайне ва Украіне.

Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя