BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

„Барселона“, „Баварыя“, ПСЖ і „Інтэр“ у чвэрцьфінале Лігі чэмпіёнаў

У Лізе чэмпіёнаў УЕФА вызначыліся першыя чвэрцьфіналісты — “Барселона”, “Баварыя”, ПСЖ і “Інтэр”. Мюнхенская “Баварыя” пасля ўпэўненай хатняй перамогі над “Байерам” 3:0 дамаглася яшчэ аднаго поспеху на выездзе — 2:0, дзякуючы галам Кейна і Дэвіса. ПСЖ стварыў сенсацыю, выбіўшы “Ліверпуль” у серыі пенальці. Пасля перамогі ў гасцях 1:0, “Ліверпуль” прайграў на хатняй арэне з тым жа лікам — за ПСЖ адзначыўся Усман Дэмбеле, а ў серыі пенальці французы намаганнямі італьянскага брамніка Джанлуіджы Донарумы былі мацнейшымі — 4:1. “Барселона” пасля вікторыі ў Лісабоне 1:0 упэўнена адолела “Бенфіку” на сваім полі — 3:1. Дубль на рахунку Рафіньі, які з 11 галамі стаў лідарам бамбардзірскай гонкі. “Інтэр” у Ратэрдаме перамог “Феенорд” 2:0, а на хатняй арэне аформіў перамогу 2:1, забяспечыўшы сабе месца ў чвэрцьфінале.

Італьянцы дагналі беларусаў у кваліфікацыі чэмпіянату Еўропы па міні-футболе

Зборная Італіі перамагла Мальту з лікам 5:1 і дагнала беларусаў у адборавай групе чэмпіянату Еўропы па міні-футболе. Раней падначаленыя Аляксандра Чэрніка выйгралі ў Фінляндыі 3:1 і цяпер дзеляць першае месца з італьянцамі (па 10 ачкоў). Беларусы сустрэнуцца з Італіяй у ключавым матчы 11 красавіка.

Хет-трык Протаса прынёс перамогу «Вашынгтону»

Аляксей Протас упісаў сваё імя ў гісторыю НХЛ, аформіўшы першы хет-трык у кар’еры. У матчы супраць «Анахайма» беларус тройчы вызначыўся і дапамог «Вашынгтону» перамагчы з лікам 7:4. Протас правёў на лёдзе 18 хвілін і зарабіў паказчык карыснасці +4. На рахунку беларуса ўжо 58 ачкоў у бягучым сезоне (28 шайб і 30 перадач).

Пераможная серыя «Дынама» ў КХЛ спынілася на дзевяці матчах

«Дынама-Мінск» не здолела ўсталяваць рэкорд клуба, саступіўшы СКА ў Санкт-Пецярбургу з лікам 1:3. Адзіны гол менчукоў закінуў Вадзім Мароз, рэалізаваўшы большасць у фармаце 5 на 3. Да гэтага «Дынама» выйграла 9 матчаў запар, але параза апусціла каманду на чацвёртае месца ў Заходняй канферэнцыі. Наступны матч — супраць «Северсталі» ў Чарапаўцы 13 сакавіка.

«Дынама-Маладзечна» разграміла «Нёман» і аднавіла раўнавагу ў серыі

Хакеісты «Дынама-Маладзечна» не пакінулі шанцаў «Нёману», перамогшы з лікам 5:0 у другім матчы чвэрцьфінальнай серыі плэй-оф беларускай экстралігі. Галкіпер «Дынама» Андрэй Макараў зрабіў 31 сэйв і не прапусціў ніводнай шайбы. У іншым матчы «Віцебск» перамог «Брэст» з лікам 4:1 і павёў у серыі 2:0. Наступныя гульні пройдуць у Маладзечне і Берасці.

Залатая стральба Яскевіч: беларуска заваявала тытул чэмпіёнкі Еўропы

Беларуская стральчыха Любоў Яскевіч стала чэмпіёнкай Еўропы ў стральбе з пнеўматычнага пісталета з адлегласці 10 метраў. У фінале, які праходзіў у Харватыі, яна перамагла армянку Эльміру Карапецян з лікам 15:13. Гэта не першы поспех Яскевіч на міжнароднай арэне — раней яна заваёўвала золата ў камандных спаборніцтвах і бронзу ў асабістым заліку.

Беларускае Радыё Рацыя