
Завяршыўся першы матч чвэрцьфіналу Лігі чэмпіёнаў паміж французскім “ПСЖ” і іспанскай “Барселонай”. Сустрэча прайшла на стадыёне “Парк дэ Прэнс” у Парыжы. На 37-й хвіліне нападнік каталонскай каманды Рафінья адкрыў лік. У пачатку другога тайма былы нападнік “Барсы” Усман Дэмбеле аднавіў раўнавагу. Праз пару хвілін партугалец Віцінья забіў другі мяч “ПСЖ” у браму каталонцаў. На 62-й хвіліне Рафінья аформіў дубль з перадачы Педры і зрабіў лік нічыйным. На 77-й хвіліне абаронца «Барселоны» Андрэас Крыстэнсэн пасля падачы кутавога забіў трэці мяч каталонцаў і ўсталяваў канчатковы лік сустрэчы 3:2. Мадрыдскі “Атлетыка” на хатняй арэне перамог дортмундскую “Барусію” 2:1. На пятай хвіліне матчу пасля няўдалага розыгрышу «Барусіяй» мяча забіў паўабаронца «Атлетыка» Радрыга Дэ Поўль. На 32-й хвіліне забіў абаронца гаспадароў Самуэл Ліно. На 81-й хвіліне матчу адставанне «Барусіі» скараціў нападнік Себасцьен Алер, які выйшаў на замену.
“Металург” разграміў “Берасце” і павёў у фінальнай серыі
У Жлобіне стартавала фінальная серыя плэй-оф беларускай хакейнай экстралігі паміж “Металургам” і “Берасцем”. Аўтарам першай шайбы фіналу стаў форвард “Металурга” Аляксандр Падкарытаў, які адкрыў лік на шостай хвіліне стартавага перыяду. На адказ гасцям спатрэбілася ўсяго 50 секунд: лічбы на табло зраўняў Канстанцін Татаранка. Даказваць статус фаварыта гаспадары пачалі ў другім перыядзе: спачатку большасць рэалізаваў Канстанцін Лукін, затым адзін за адным адзначыліся Міхаіл Стэфановіч і Ягор Старкоў – 4:1. У заключным гульнявым адрэзку “сталёвыя ваўкі” давялі лік да разгромнага намаганнямі Сяргея Кузняцова і Віталя Пінчука. 6:1 – “Металург” захоплівае лідарства ў серыі да чатырох перамог. Наступны паядынак пройдзе ў Жлобіне 12 красавіка.
“Менск” прайграў “Руне” у перадапошнім паядынку Адзінай лігі ЗГБ
Баскетбалісты “Менска” пацярпелі паразу ў перадапошнім матчы Адзінай лігі ВТБ. У выязным матчы з маскоўскай “Рунай” мінчане вялі аж да апошняй хвіліны, але ў самым канцы гаспадары былі дакладней і выйгралі з перавагай у 4 ачкі – 78:74. Самым выніковым у складзе мінчан стаў Рыгор Матавілаў, які набраў 16 ачкоў. Заключны паядынак другога этапа рэгулярнага чэмпіянату падначаленыя Аляксея Сухавецкага таксама правядуць у расійскай сталіцы – 14 красавіка яны сустрэнуцца з баскетбалістамі МБА.
“Менчанка” з перамогі стартавала ў плей-оф чэмпіянату Беларусі па валейболе
У чэмпіянаце Беларусі па валейболе сярод жаночых каманд стартавала паўфінальная стадыя плэй-оф. Пуцёўкі ў паўфінал турніру раней заваявалі берасцейскае “Прыбужжа”, гарадзенскі “Камунальнік-ДРГУ”, а таксама “Камунальнік” з Магілёва, якія занялі першае, другое і трэцяе месцы па выніках рэгулярнага чэмпіянату. Наўпрост у лік паўфіналістак трапілі дзеючыя чэмпіёнкі краіны з “Менчанкі”, якія ў гэтым сезоне выступалі ў розыгрышы жаночай расійскай Суперлігі. Абарону нацыянальнага тытула сталічныя валейбалісткі пачалі з хатняй гульні супраць магілёўскіх валейбалістак. Першы матч серыі да трох перамог скончыўся ўпэўненай перамогай “Менчанкі” з лікам 3:0.
Беларускае Радыё Рацыя






