BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Барусія” адолела футбалістаў ПСЖ у першым паўфінале Лігі чэмпіёнаў

Футбалісты дортмундскай “Барусіі” перамаглі “Пары Сэн-Жэрмэн” у першым матчы паўфінала Лігі чэмпіёнаў.

Сустрэчу ў Дортмундзе гаспадары правялі вельмі дысцыплінавана, не дазволіўшы вызначыцца Кіліяну Мбапэ і яго партнёрам. А на 36-й хвіліне гульні Ніка Шлотэберг аддаў цудоўную перадачу Нікласу Фюлькругу, які забіў пераможны мяч – 1:0. Другі матч гэтых супернікаў пройдзе 7 траўня ў Парыжы.

“Днепр” і “Смаргонь” не забілі мячоў на старце 7-га тура чэмпіянату Беларусі

Футбалісты “Смаргоні” і магілёўскага “Дняпра” разышліся мірам у стартавым паядынку 7-га тура чэмпіянату Беларусі. Сустрэча ў Смаргоні прайшла з перавагай гаспадароў поля, але яны так і не здолелі яе рэалізаваць, у выніку нічыя – 0:0. Сёння чэмпіён краіны менскае “Дынама” прыме на сваёй арэне футбалістаў “Віцебска”, а ў Гародні срэбраны прызёр “Нёман” пасля дзвюх паразаў запар паспрабуе здабыць перамогу ў паядынку з салігорскім “Шахцёрам”. Заўтра адбудуцца яшчэ два матчы. Футбалісты “Мінска” на полі сталічнага САК “Алімпійскі” сустрэнуцца з “Тарпеда-БелАЗам”, а ў Барысаве БАТЭ згуляе з “Іслаччу” з Менскага раёна.

Беларускія гандбалісты не згуляюць у “Фінале чатырох” Лігі чэмпіёнаў

Беларускія гандбалісты не змаглі дапамагчы сваім клубам прабіцца ў вырашальны этап Лігі чэмпіёнаў. Польскі “Кельцэ” з беларусам Арцёмам Каральком у складзе пасля перамогі над дзейным пераможцам галоўнага кантынентальнага турніру нямецкім “Магдэбургам” 27:26 на выездзе  саступіў у асноўны час з мінімальнай розніцай – 22:23. У серыі пасляматчавых пенальці поспех быў на баку прадстаўніка бундэслігі – 4:3. У двух паядынках Арцём Каралёк закінуў 4 мячы, усяго ў яго актыве 28 дакладных кідкоў у гэтым сезоне Лігі чэмпіёнаў. Не здолеў выйсці ў “Фінал чатырох” і венгерскі “Веспрэм”, за які выступае беларус Мікіта Вайлупаў. У чвэрцьфінале ў адказ чэмпіёны Венгрыі прайгралі на выездзе дацкаму “Ольбаргу” – 28:33, а на мінулым тыдні ў хатняй сустрэчы выйгралі з перавагай у адзін мяч – 32:31. У гэтых сустрэчах Мікіта Вайлупаў закінуў 11 мячоў і давёў свой бамбардзірскі лік да 60 мячоў. Яшчэ два ўдзельнікі вырашальнага этапу вызначацца сёння пасля заключных матчаў чвэрцьфінальнай стадыі: “Кіль” прыме “Манпелье”, якому прайграў у першым матчы – 30:39, а “Барселона” пасля перамогі над “Пары Сэн-Жэрмэн” 30:22 паспрабуе скончыць справу на хатняй арэне.

Сабаленка выйшла ў паўфінал турніру WTA-1000 у Мадрыдзе

Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка выйшла ў паўфінал турніру WTA-1000 у Мадрыдзе з прызавым фондам 7 мільёнаў 800 тысяч еўра. У заключным паядынку чвэрцьфінальнай стадыі другая ракетка планеты перайграла расейскую тэнісістку Міру Андрэеву, якая займае 43-е месца ў сусветным рэйтынгу, – 6:1, 6:4. У гульні за выхад у фінал Сабаленка сустрэнецца з прадстаўніцай Казахстана 4-ым нумарам рэйтынгу WTA Аленай Рыбакінай. У другім паўфінальным матчы лідар сусветнага рэйтынгу польская тэнісістка Іга Свёнтэк будзе супернічаць з амерыканкай Мэдысан Кіз.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Eurosport