
У матчы ў адказ 1/8 фіналу Лігі чэмпіёнаў паміж дортмундскай «Барусіяй» і ПСВ на трэцяй хвіліне сустрэчы гол забіў паўабаронца “Барусіі” Джэйдан Санча. На 95-й хвіліне гулец «Барусіі» Марка Ройс усталяваў канчатковы лік у матчы 2:0. У першым матчы 1/8 фіналу Лігі чэмпіёнаў паміж гэтымі камандамі быў зафіксаваны нічыйны вынік 1:1. Такім чынам, “Барусія” выходзіць у чвэрцьфінал Лігі чэмпіёнаў, а ПСВ пакідае турнір. У другім супрацьстаянні для выяўлення пераможцы спатрэбіўся авертайм і серыя пенальці. На 33-й хвіліне «Інтэр» адкрыў лік, дзякуючы голу абаронцы Федэрыка Дзімарка. Аднак ужо праз дзве хвіліны форвард «матраснікаў» Антуан Грызман аднавіў раўнавагу. На 87-й хвіліне форвард Мэмфіс Дэпай дапамог “Атлетыка” выйсці наперад — 2:1. Першы матч завяршыўся мінімальнай перамогай “Інтэра” — 1:0, таму гульня перайшла ў дадатковы час. Галоў забіта не было, а ў серыі пенальці перамог “Атлетыка” з лікам 3:2. Галкіпер «матраснікаў» Ян Облак адбіў два пенальці ў серыі.
“Карона” прайграла “Ракуву”, Шыкаўку замянілі ў другім тайме
“Карона” на хатняй арэне саступіла “Ракуву” ў матчы 24-га тура чэмпіянату Польшчы па футболе з лікам 0:2. У гаспадароў беларускі нападнік Яўген Шыкаўка выйшаў у старце і быў заменены на 71-й хвіліне. “Карона” з 23 баламі ідзе 15-й у турнірнай табліцы.
Хакеісты “Гомеля” выйшлі наперад у чвэрцьфінальнай серыі супраць “Нёмана”
У трэцім матчы серыі першага раўнда плэй-оф беларускай хакейнай экстралігі “Гомель” адолеў на хатняй арэне гарадзенскі “Нёман” – 3:1, гамяльчане выходзяць у серыі наперад 2:1. Чацвёртая гульня паміж камандамі адбудзецца таксама ў Гомелі заўтра. Таксама трэці паядынак у сваім супрацьстаянні праводзілі хакеісты наваполацкага “Хіміка” і салігорскага “Шахцёра”. 4:1 на карысць салігарчан. Для поспеху ў серыі “гарнякам” трэба перамагчы яшчэ раз, найбліжэйшы шанец для гэтага ў салігарчан будзе заўтра таксама на чужой пляцоўцы.
Беларускія гандбалісты саступілі расейцам у першым таварыскім матчы
Беларускія гандбалісты пацярпелі паразу ад расейцаў у першым з трох выязных таварыскіх паядынкаў. У Казані падначаленыя Юрыя Шаўцова саступілі гаспадарам 28:31. Лепшым гульцом у складзе беларускай каманды прызнаны Ігар Бяляўскі, які закінуў 9 мячоў. У пятніцу каманды сустрэнуцца на пляцоўцы маскоўскага спарткомплексу “Дынама”.
Сабаленка не прайшла ў чвэрцьфінал тэніснага турніру ў Індыян-Уэлсе
Арына Сабаленка не здолела прабіцца ў чвэрцьфінал турніру WTA-1000 у амерыканскім Індыян-Уэлсе з прызавым фондам 9 мільёнаў 200 тысяч даляраў. У матчы 1/8 фіналу другая ракетка свету саступіла амерыканскай тэнісістцы Эме Навара, якая займае 23-е месца ў сусветным рэйтынгу, – 3:6, 6:3, 2:6. Паядынак працягваўся 1 гадзіну 55 хвілін.
Беларускае Радыё Рацыя






