Учора дзвюма гульнямі на беларускіх стадыёнах распачалася праграма шостага тура чэмпіянату ў Вышэйшай лізе. Барысаўскі БАТЭ на сваім гарадскім стадыёне без асаблівых цяжкасцяў перамог «Слуцк» з лікам 2:0. А вось лідар чэмпіянату мазырская «Славія» ў Мазыры не здолела перамагчы аднаго з аўтсайдараў – дзяржынскі «Арсенал» і згуляла з тым унічыю 1:1. Сёння ж у Гародні чакаецца прынцыповае «заходняе дэрбі» – «Нёман» прымае ў сябе берасцейскае «Дынама».

Учора ў польскай Экстракласе таксама былі згуляныя першыя дзве гульні 30 тура. Цяперашні лідар турнірнай табліцы «Ракаў» у Чэнстахове разграміў з лікам 3:0 мінулагодніх віцэ-чэмпіёнаў «Шлёнск» з Уроцлава. А вось «Пушча» ў Непаломіцах выдала на пару з «Пагоняй» Шчэцін цэлы феерверк з галоў і чырвоных картак, актыўны ўдзел у якім узяў беларускі легіянер «пушчанцаў» – Герман Баркоўскі. Ён аддаў два голавыя пасы і ў сярэдзіне другога тайма зарабіў сабе выдаленне з поля. Па выніку «Пушча» Баркоўскага саступіла з хакейным лікам 4:5. Прычым пяты гол прапусціла ўжо на 93-й хвіліне. Чым яшчэ больш наблізіла сябе да зоны вылету. А вось «Пагоня», тым часам, яшчэ бліжэй падабралася да беластоцкай «Ягелоніі», што ідзе трэцяй.
УЕФА ўсё ніяк не можа вызначыцца, што рабіць са зборнай Беларусі па міні-футболе, якія нечаканая для ўсіх узяла ды выйшла на Чэмпіянат Еўропы 2026 года. Рашэнне адносна ўдзелу ці няўдзелу зборнай Беларусі ў гэтым чэмпіянаце чакаецца на пасяджэнні выканаўчага камітэта, якое адбудзецца ў траўні. Пра гэта паведамляе прэзідэнт Латвійскай федэрацыі футболу Вадзім Лашэнка.
Праблема ўзнікла з-за таго, што беларуская зборная паспяхова прайшла кваліфікацыю і выйшла ў фінальную частку турніру, які павінен прайсці ў Літве ды Латвіі, а гэтыя краіны па палітычных прычынах прынцыпова не хочуць прымаць на сваёй тэрыторыі беларускіх спартоўцаў. УЕФА, аднак, хоча, каб беларускія футбалісты ўсё ж змаглі ўзяць удзел у спаборніцтвах, і вядзе перамовы з абедзвюма футбольнымі федэрацыямі. Чэмпіянат Еўропы па футболе пройдзе ў Рызе і Коўне з 18 студзеня па 8 лютага наступнага года.
На тэнісным турніры Mutua Madrid Open WTA 1000 у Мадрыдзе ў барацьбу ўступіла першая ракетка свету беларуска Арына Сабаленка. Яна ў 1/32 фіналу спакойна перайграла расейку Кацярыну Блінкову 2:0, па сэтах 6:3, 6:4. У наступным раўндзе Арына згуляе з 26-й ракеткай сусветнага рэйтынгу бельгійкай Эліз Мэртэнс. Гэтая сустрэча адбудзецца ў нядзелю. Нагадаем, што агульны прызавы фонд турніру складае 8 963 700 даляраў. Тут у парным разрадзе выступае яшчэ адна беларуска – Вікторыя Азаранка.
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя






