У чэмпіянаце Беларусі па футболе ў Вышэйшай лізе ўчора адным матчам стартаваў другі круг бягучага сезона. Працягвае сваё зацяжное падзенне барысаўскі БАТЭ, які на «Барысаў Арэне» прайграў «Віцебску» з буйным лікам 1:5. Прычым усе 6 мячоў былі забітыя ў другім тайме.

Апошні раз БАТЭ прайграваў на сваім полі «Віцебску» 27 гадоў таму – у 1998 годзе. Цяпер серыя каманды без перамог у чэмпіянаце складае дзевяць матчаў. Апошні раз барысаўскі клуб перамагаў у першынстве краіны тры месяцы таму – 2 траўня, калі быў мацнейшы за дзяржынскі «Арсенал» (1:0). Зараз БАТЭ пасля 16-і тураў ідзе 12-м у турнірнай табліцы, маючы ў актыве 16 ачкоў. Розніца ад зоны вылету складае ўсяго 5 ачкоў.
Учора ў польскай Экстракласе стартаваў трэці тур. Плоцкая «Вісла» беларускага паўабаронцы Глеба Кучко прымала глівіцкі «Пяст» форварда Германа Баркоўскага. Што праўда, беларускага дэрбі не атрымалася. Глеб на поле так і не выйшаў, а Герман адгуляў увесь матч, але нічым дапамагчы «Пясту» так і не змог. «Вісла», якая толькі ў гэтым сезоне вярнулася ў Экстракласу, перамагла 2:0, мае 100% вынік 3 з 3 і па праве займае зараз першы радок у чэмпіянаце.
Пасля матчаў у адказ другога раунда кваліфікацыі Лігі канферэнцый Беларусь займае 49-е месца ў табліцы каэфіцыентаў УЕФА. У зводнай табліцы беларусы маюць 6,375 бала. Столькі ж – у Люксембурга. Клубы з чэмпіянату Беларусі зарабілі 1.875 бала ў першых раундах усіх турніраў.
Нагадаем, менскае «Дынама», «Тарпеда-БелАЗ» і берасцейкае «Дынама» завяршылі выступленні ў еўракубках. «Нёман» выйшаў у трэці раунд кваліфікацыі Лігі канферэнцый, дзе сустрэнецца з фарэрскім «Клаксвікам» Першы паядынак пройдзе ўжо ў аўторак 5 жніўня на Фарэрах, у адказ – 14 жніўня ў Венгрыі.
Для таго, каб нам вярнуць чацьвёртую каманду ад Беларусі ў еўракубках у сезоне 2027/28 дастаткова будзе адной перамогі «Немана» ў гэтым еўрасезоне. Нагадаю, што ў мінулым сезоне мы гэтую магчымасць страцілі і ў еўрасезоне 2026/27 Беларусь будзе прадстаўленая ўсяго 3 камандамі.
Змяніўся расклад нашых камандаў і ў клубным рэйтынгу УЕФА. Так зараз «Дынама» Менск на 207-м месцы, «Тарпеда-БелАЗ» на 237-м, БАТЭ на 248-м, «Нёман» на 335-м, «Шахцёр» на 339-м, «Дынама» Берасце на 362-м, «Гомель» на 402-м і «Іслач» на 409-м з 415 камандаў.
«Дынама» (Менск) зарабіла 960 тысяч еўра прызавых за ўдзел у еўракубках. Чэмпіён Беларусі павінен атрымаць 175 тысяч еўра прызавых ад УЕФА за ўдзел у першым кваліфікацыйным раундзе Лігі чэмпіёнаў, таксама 175 тысяч еўра за ўдзел у другім кваліфікацыйным раўндзе Лігі канферэнцый і 350 тысяч еўра пасля вылету ў ім. Таксама клубу належыць выплата 260 тысяч еўра, як чэмпіёну, які не кваліфікаваўся ў еўракубкі. А вось жодзінскае «Тарпеда-БелАЗ» зарабіла 700 тысяч еўра прызавых выплат ад УЕФА. Па 175 тысяч еўра каманда павінна зарабіць за ўдзел у двух раўндах еўракубкаў, таксама, пасля вылету ў другім раўндзе, клуб павінен атрымаць 350 тысяч еўра.
Беларуская зборная па міні-футболе саступіла ў апошнім групавым матчы на таварыскім турніры ў Тайландзе Continental Futsal Championship зборнай Саўдаўскай Аравіі з лікам 2:4, заняла 2-е месца і ў паўфінале турніра згуляе сёння з камандай гаспадароў – зборнай Тайланда, якая да гэтага разграміла зборную Новай Зеландыі з лікам 10:0 і заняла ў сваёй групе 1-е месца.
Беларуская плыўчыха Аліна Змушка заваявала бронзавы медаль на чэмпіянаце свету па водных відах спорту, які праходзіць у Сінгапуры. Яна выступала на дыстанцыі 200 метраў брасам і фінішавала з вынікам 2:23.52. Спачатку Аліна Змушка падчас свайго заплыву ішла толькі на пятым месцы, але пасля змагла паскорыцца і падзяліла трэцяе месца з прадстаўніцай ПАР Кэйлін Корбет. Абедзве спартоўкі атрымаюць бронзавыя медалі. Перамогу ж святкавала амерыканка Кейт Даглас, якая прайшла дыстанцыю за 2:18.50. Перад тым бронзу і срэбра на гэтым чэмпіянаце, на якім спартсмены з Беларусі выступаюць у нейтральным статусе, узяла беларуская сінхраністка Васіліна Хандошка.
У Кітаі праходзіць фінальны турнір Лігі нацыяў па валейболе. У чвэрціфінале зборная Польшчы з лёгкасцю абыграла Японію з лікам 3:0 (25:23, 25:24, 25:12). А таксама Славенія перайграла Францыю 3:1 (25:22, 15:25, 25:19, 25:18). У паўфіналах сёння сыдуцца Італія ды Славенія, Бразілія ды Польшча.
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя






