BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Баскетбалісткі “Гарызонта” выйгралі Кубак Беларусі

Баскетбалісткі “Гарызонта” пяты раз запар сталі ўладальніцамі Кубка Беларусі сярод жаночых каманд. На паркеце сталічнага РГУАР падначаленыя Наталлі Трафімавай перамаглі ў вырашальным паядынку баскетбалістак “Мінска” з лікам 89:78. Лідар пераможцаў Анастасія Верамеенка прызнана найлепшым гульцом кубкавага турніру. У матчы за бронзавыя ўзнагароды гарадзенская “Алімпія” выйграла ў маладзёжнай каманды БК “Мінск” – 68:53.

Хакеісты “Нёмана” і “Металурга” перамаглі ў матчах экстралігі

Матчы ў Менску і Гародні завяршылі гульнявую праграму нядзелі ў беларускай хакейнай экстралізе. Цэнтральным паядынкам дня стаў матч “Юнацтва” і “Металурга” на “Чыжоўка-Арэне”. Два дні таму ў вочнай сустрэчы “сталёвыя ваўкі” за 60 хвілін так і не здолелі закінуць менчанам і прайгралі 0:4, а напярэдадні ў атацы ў дзейных чэмпіёнаў атрымалася значна больш. Павел Воранаў вывеў жлабінчан наперад на сёмай хвіліне, а ў другім перыядзе па шайбе дадалі Аляксандр Хаванаў і Міхаіл Стэфановіч. Гаспадары здолелі адказаць толькі голам Германа Пірагоўскага. У выніку 3:1, “Металург” перапыніў серыю “Юнацтва” з дзесяці запар матчаў з набранымі ачкамі. Паралельна ў Гародні мясцовы “Нёман” другі раз за тры дні разграміў смаленскі “Славуціч” – на гэты раз гарадзенцы былі мацней з лікам 6:1. Дубль за “Нёман” аформіў Уладзіслаў Куліеў.

Футбалісты “Гомеля” згулялі ўнічыю з “Іслаччу”

У заключным паядынку 27-га тура чэмпіяната Беларусі па футболе гамяльчане на сваёй арэне разышліся мірам з “Іслаччу” з Менскага раёна – 0:0. “Гомель” не прайграе ў шасці паядынках запар, святкаваўшы тры вікторыі і тройчы згуляўшы ўнічыю. У першым матчы нядзелі “Нафтан” у Наваполацку не змог адолець салігорскі “Шахцёр” – нічыя 0:0. Футбалісты “Смаргоні” з лікам 1:0 выйгралі ў дзяржынскага “Арсенала”, для якога гэта чацвёртае фіяска запар.

“Манчэстэр Юнайтэд” згуляў унічыю з “Чэлсі”

“Манчэстэр Юнайтэд” на сваім полі згуляў унічыю з “Чэлсі” ў матчы 10-га тура чэмпіянату Англіі — 1:1. У гаспадароў мяч з пенальці на 70-й хвіліне забіў паўабаронца Бруну Фернандэш. Госці адказалі голам Мойзеса Кайседа на 74-й. “МЮ” набраў 12 ачкоў і займае 13-е месца ў табліцы, “сінія” з 18 баламі падняліся на чацвёрты радок, абышоўшы “Арсенал” і “Астан Вілу”, якая разгромна саступіла “Тотэнхэму” 1:4. “Барселона” абыграла “Эспаньёл” у матчы 12-га тура чэмпіянату Іспаніі — 3:1. У гаспадароў дубль аформіў Дані Ольма, яшчэ адзін мяч забіў Рафінья. “Барса” святкавала чацвёртую перамогу запар і лідыруе ў табліцы з 33 ачкамі. “Інтэр” перамог “Венецыю” ў матчы 11-га тура чэмпіянату Італіі – 1:0. Адзіны мяч забіў форвард міланцаў Лаўтара Марцінэс. “Інтэр” з 24 ачкамі абышоў “Аталанту” і ўзняўся на другое месца ў турнірнай табліцы.

Свёнтэк перамагла Крэйчыкаву на выніковым турніры WTA

У Эр-Рыядзе працягваецца выніковы турнір Жаночай тэніснай асацыяцыі (WTA). Дзеючая пераможца гэтых спаборніцтваў другая ракетка свету полька Іга Свёнтэк у сваім першым матчы групавога этапа адолела 13-ы нумар сусветнага рэйтынгу чэшку Барбару Крэйчыкаву – 4:6, 7:5, 6:2.

Беларускае Радыё Рацыя