
Баскетбалісткі “Менска” заваявалі золата чэмпіянату Беларусі. Яны выйгралі ў “Гарызонта” фінальную серыю — 3:0. У вырашальным матчы, які прайшоў у Маладзечне, “Менск” святкаваў перамогу з лікам 72:66. У ранейшых паядынках выйграваў 74:51 і 80:64. Тры папярэднія сезоны першынства краіны выйграваў “Гарызонт”. “Менск” — семіразовы чэмпіён Беларусі. Бронзавыя медалі ў гарадзенскай “Алімпіі”.
Баскетбалісты магілёўскага “Барысфена” сталі ўладальнікамі бронзавых узнагарод мужчынскага чэмпіянату Беларусі. Двойчы абыграўшы віцебскі “Рубон” на сваёй пляцоўцы, магіляўчане здабылі трэцюю вікторыю ў Віцебску – 94:87. У Магілёве падначаленыя Андрэя Крываноса двойчы буйна перамаглі – 91:73 і 85:67.
У першым паядынку залатой серыі дзейныя чэмпіёны краіны баскетбалісты “Менска” абыгралі ў сябе дома “Гародня-93” з лікам 75:66.
“Нёман” стаў лідарам футбольнага чэмпіянату Беларусі
“Нёман” стаў лідарам футбольнага чэмпіянату Беларусі ў вышэйшай лізе. У матчы 9-га тура гарадзенцы з цяжкасцю абыгралі дзяржынскі “Арсенал” — 1:0. Адзіны гол забіў Андрэй Якімаў на 71-й хвіліне. “Смаргонь” і “Іслач” згулялі ўнічыю 1:1. У “Нёмана” стала 21 ачко. На другім месцы “Тарпеда-БелАЗ” з 19 ачкамі, у жодзінцаў ёсць матч у запасе. Іншыя матчы тура пройдуць 17-19 траўня.
“Сталіца” адолела “Вітэн” у госцевым паўфінале чэмпіянату Беларусі па міні-футболе
Спартоўцы “Сталіцы” святкавалі валявую перамогу над “Вітэнам” з лікам 2:1 у гасцявым паўфінале чэмпіянату Беларусі па міні-футболе. Сустрэча ў Воршы пачалася для дзейнага чэмпіёна няўдала: ужо на 2-й хвіліне Павел Рагавік вывеў гаспадароў наперад. Пасля перапынку госці здолелі пераламіць ход паядынку, і спачатку Арцём Якубаў зраўняў лік, а за 3 хвіліны да фінальнай сірэны Арцём Козел забіў пераможны мяч. Другі паядынак адбудзецца 20 траўня на паркеце менскага спарткомплексу “Уручча”, а 24 траўня каманды зноў будуць супернічаць у Воршы.
Сабаленка выйшла ў фінал турніру WTA-1000 у Рыме і згуляе са Свёнтэк
Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка прабілася ў фінал турніру катэгорыі WTA-1000 у Рыме з прызавым фондам 4 мільёны 800 тысяч еўра. У паўфінале другая ракетка планеты абыграла амерыканскую тэнісістку Даніэль Колінз, якая займае 15-е месца ў сусветным рэйтынгу, – 7:5, 6:2. У чвэрцьфінале Колінз перамагла беларуску Вікторыю Азаранку – 6:4, 6:3. Такім чынам, 18 траўня ў вырашальным паядынку спаборніцтваў на адкрытых грунтавых кортах італьянскай сталіцы, як і нядаўна ў Мадрыдзе, Арына Сабаленка сустрэнецца з лідарам сусветнага рэйтынгу полькай Ігай Свёнтэк.
Беларускае Радыё Рацыя