BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Баскетбалісты “Барысфена” ўпершыню выйгралі Кубак Беларусі

Баскетбалісты магілёўскага “Барысфена” ўпершыню сталі ўладальнікамі Кубка Беларусі. На паркеце менскага спарткомплексу РДУАР падначаленыя Андрэя Крываноса перамаглі “Гродна-93” з лікам 83:75. У сустрэчы за бронзавыя ўзнагароды баскетбалісты “МІНСКА” разграмілі віцебскі “Рубон” з розніцай 46 ачкоў – 100:54. Лепшым гульцом кубкавага турніру прызнаны магіляўчанін Андрэй Рагазенка. На мінулым тыдні баскетбалісткі “Гарызонта” чацвёрты раз запар сталі ўладальніцамі Кубка краіны сярод жаночых каманд, адолеўшы ў фінальнай сустрэчы баскетбалістак “МІНСКА” – 77:67.

Хакеісты “Металурга”, “Нёмана” і “Ліды” перамаглі ў матчах у экстралігі

Трыма матчамі ў Берасці, Жлобіне і Маладзечне завяршыўся каляндарны год у рэгулярным чэмпіянаце беларускай хакейнай экстралігі. “Нёман”, які ідзе ў турнірнай табліцы чацвёртым, гасцяваў у “Дынама-Маладзечна”. Гарадзенцы здолелі ўзяць пераканаўчы рэванш з лікам 7:1, па дублю за “Нёман” аформілі Арцём Кіслы і Мікіта Бастрыкін, тры выніковыя перадачы аддаў Мікіта Рэмезаў. Паралельна ў Жлобіне мясцовы “Металург” прымаў аўтсайдэра чэмпіянату “Магілёў”. “Сталёвыя ваўкі” перамаглі з лікам 3:1. Дзякуючы гэтаму поспеху жлабінчане падняліся ў зону плэй-оф, абышоўшы “Хімік”. “Ліда” ў гасцях з такім жа лікам абыграла “Брэст”, тым самым “рыцары” працягнулі пераможную серыю да чатырох матчаў і ўзлезлі ў топ-10.

Лапцеў блізкі да пераходу ў «Тарпеда-БелАЗ»

Нападнік Дзяніс Лапцеў пакінуў БАТЭ. Telegram-канал «Вуха» паведамляе, што футбаліст блізкі да пераходу ў «Тарпеда-БелАЗ». У вышэйшай лізе Лапцеў вызначыўся 8 галамі і 2 выніковымі перадачамі.

Бакіч і Арынья пакінулі менскае «Дынама»

Гульцы менскага «Дынама» Душан Бакіч і Арынья пакінулі клуб – паведамляецца ў прэс-службе «Дынама». Раней паведамлялася, што Душан Бакіч можа перайсці ў бухарэсцкае «Дынама». А таксама з’яўлялася інфармацыя, што агент нападніка сустракаўся з прадстаўнікамі «Фенербахчэ». У сезоне-2023 форвард зборнай Чарнагорыі правёў за беларускую каманду 30 матчаў ва ўсіх турнірах, забіў 14 мячоў і аддаў 11 галявых перадач.

Шкурын стаў самым дарагім беларускім гульцом

Transfermarkt абнавіў кошт гульцоў чэмпіянату Польшчы, у тым ліку і беларускага нападніка «Сталі» Іллі Шкурына. Кошт футбаліста ацэньваецца ў 1 мільён 200 000 даляраў. Папярэдняя ацэнка Шкурына на 6 кастрычніка складала 800 000 даляраў. Цяпер Ілля Шкурын – самы дарагі беларускі футбаліст. Ён абагнаў гульца «Астаны» Макса Эбонга (1 млн даляраў), а таксама Паўла Савіцкага з «Нёмана», Кірыла Капленку з «Арэнбурга» і Уладзіслава Марозава з мінскага «Дынама» (усе 900 000 даляраў). У бягучым сезоне польскага чэмпіянату Шкурын адзначыўся 8 галамі і 5 галявымі перадачамі.

Беларускае Радыё Рацыя