Баскетбалісты “Гродна-93” сталі пераможцамі 28-га розыгрышу Кубка Беларусі сярод мужчынскіх каманд, які праходзіў у Магілёве. У вырашальным паядынку за галоўны трафей каманда Дзмітрыя Кузьміна перамагла баскетбалістаў “МІНСКА” 80:63. Уладальнікамі бронзы сталі баскетбалісты магілёўскага “Барысфена”, якія абыгралі віцебскі “Рубон” – 98:75. Больш за ўсіх Кубкам валодаў “МІНСК”, у якога 14 перамог, у актыве “Гродна-93” зараз 8 трафеяў. У пачатку лістапада кубкавы турнір жаночых каманд пяты раз запар выйгралі баскетбалісткі “Гарызонта”, якія адолелі ў вырашальным матчы “МІНСК” з лікам 89:78.

Футбалісты “Гомеля” і “Славіі” згулялі ўнічыю
Футбалісты “Гомеля” і “Славіі” згулялі ўнічыю ў матчы 29-га тура чэмпіянату Беларусі. У сваёй апошняй хатняй сустрэчы гэтага сезона гамяльчане не змаглі парадаваць заўзятараў, завяршыўшы паядынак без забітых мячоў – 0:0. У першым паядынку дня наваполацкі “Нафтан” згуляў унічыю на сваім полі з дзяржынскім “Арсеналам” – 0:0. Футбалісты “Віцебска” перамаглі на хатнім стадыёне берасцейскае “Дынама” – 2:0. Калі сёння менскае “Дынама” пераможа на сваёй арэне барысаўскі БАТЭ, то другі раз запар стане чэмпіёнам Беларусі.
Гол Шкурына дапамог “Сталі” перайграць “Радамяк”
У выязным паядынку 16-га тура чэмпіянату Польшчы па футболе мелецкая “Сталь” узяла верх над “Радомякам” – 2:1. Беларускі форвард Ілля Шкурын выйшаў у стартавым складзе гасцей, забіў гол на 45-й хвіліне і пакінуў поле на 85-й. Каманда беларуса набрала 18 ачкоў і размясцілася на 12-м радку ў турнірнай табліцы.
Менскія дынамаўцы прайгралі “Аўтамабілісту”
Хакеісты менскага “Дынама” пацярпелі другую паразу запар у бягучай хатняй серыі рэгулярнага чэмпіянату КХЛ. Сталічны клуб сустракаўся з “Аўтамабілістам”. У першым перыядзе каманды скарысталіся сваімі шанцамі ў большасці: госці выйшлі наперад ужо на 67-й секундзе матча, але гаспадары хутка зраўнялі лічбы намаганнямі Аляксандра Волкава. У другім перыядзе гледачы на запоўненай “Мінск-Арэне” ўбачылі толькі адну закінутую шайбу, яе аўтарам стаў абаронца Брэды Лайл. Да перамогі ў асноўны час “зубры” не дацярпелі пяць хвілін: екацярынбуржцы аднавілі парытэт і перавялі сустрэчу ў авертайм, за лічаныя секунды да заканчэння якога засмуцілі гаспадароў лёду зноў. Фінальны лік – 2:3, падначаленыя Дзмітрыя Квартальнава прайграюць чацвёрты матч з апошніх шасці.
“Юнацтва” выйшла на першае месца ў экстралізе
Хакеісты сталічнага “Юнацтва” ўзначалілі турнірную табліцу беларускай экстралігі пасля 25 тураў рэгулярнага чэмпіянату. На лёдзе “Чыжоўка-Арэны” падначаленыя Сяргея Стася перамаглі салігорскі “Шахцёр” 4:1, па два асістэнцкія балы за “Юнацтва” зарабілі Валянцін Дземчанка і Герман Несцераў. Сталічны клуб набраў 39 ачкоў у 25 матчах і выйшаў на першае месца ў экстралізе, на адзін пункт апярэдзіўшы “Дынама-Маладзечна”, якое ўзначальвала табліцу з самага старту сезона ў пачатку верасня. Таксама ў Гомелі мясцовы клуб сустракаўся з “Брэстам”. Асноўны час паядынку скончыўся ўнічыю 2:2. Не выявіў пераможцу і авертайм, а ў серыі булітаў дакладней апынуліся берасцейцы, якія выйгралі сёмы матч з апошніх васьмі. Таксама ў нядзелю адбыліся дэрбі на поўначы і захадзе краіны. У Наваполацку “Хімік” мінімальна адолеў “Віцебск” 1:0. “Нёман” на выездзе дзякуючы дублю Мікіты Цітова ўсухую разабраўся з “Лідай” 3:0.
Менскі СКА і ЦСКА згулялі ўнічыю ў SEHA-лізе
Гандбалісты СКА і ЦСКА разышліся мірам у вайсковым дэрбі SEHA-лігі. У сустрэчы ў менскім спарткомплексе “Уручча” гаспадары доўгі час саступалі, але ў выніку дамагліся нічыі – 28:28.
Беларускае Радыё Рацыя






