BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Баскетбалісты «МІНСКА» першымі выйшлі ў фінал чэмпіянату Беларусі

Баскетбалісты «МІНСКА» сталі першымі фіналістамі мужчынскага чэмпіянату Беларусі.
Пасля дзвюх хатніх вікторый над віцебскім «Рубонам» (96:75 і 86:57) дзеючыя чэмпіёны краіны ўпэўнена перамаглі і на выездзе – 100:63. У другой паўфінальнай серыі ўладальнік срэбра мінулага першынства «Гродна-93» пасля трох паядынкаў выйграе ў бронзавага прызёра магілёўскага «Барысфена» – 2:1. Спачатку супернікі абмяняліся перамогамі ў Гародні – у першай гульні гаспадары выйгралі з лікам 75:73, а потым магіляўчане ўзялі рэванш – 73:68. Учора ў Магілёве гарадзенская дружына здолела яшчэ раз дамагчыся поспеху – 82:72. Наступная сустрэча таксама пройдзе ў магілёўскім спарткомплексе «Алімпіец» сёння і ў выпадку перамогі баскетбалісты «Гродна-93» праб’юцца ў фінал.

БАТЭ ўсталяваў антырэкорд па колькасці ачкоў пасля 7 тураў у гісторыі

У дзень дзесяцігоддзя адкрыцця «Барысаў-Арэны» БАТЭ згуляў унічыю з «Іслаччу» 1:1 у 7-м туры чэмпіяната Беларусі па футболе. У гаспадароў забіў Алег Нікіфарэнка на 43-й хвіліне, у гасцей голам вызначыўся Аляксандр Шасцюк на 59-й хвіліне. Такім чынам барысаўскі клуб пасля сямі тураў набраў шэсць ачкоў і ідзе на 11-м месцы ў табліцы. Гэты вынік зʼяўляецца для БАТЭ найгоршым у гісторыі. Раней найгоршым паказчыкам пасля 7 тураў былі 10 ачкоў у 2000-м і 2003-м гадах.

Ройс абвясціў, што пакіне «Барусію» пасля гэтага сезона

Паўабаронца «Барусіі» Дортмунд Марка Ройс паведаміў, што пакіне нямецкі клуб пасля завяршэння бягучага сезона. «Неверагодна ўдзячны і ганаруся гэтым асаблівым часам у маім клубе «Барусія Дортмунд». Правёў больш за палову свайго футбольнага жыцця ў гэтым клубе і атрымліваў асалоду ад кожнага дня, хоць, вядома, былі і складаныя моманты.
Будзе цяжка развітвацца напрыканцы сезона. І ўсё ж рады, што зараз ёсць яснасць і мы можам цалкам сканцэнтравацца на фінальных гульнях, якія вельмі важныя.», – заявіў Ройс.
Дортмундцы купілі Марка ў 2012 годзе ў «Барусіі» Менхенгладбах за 17 мільёнаў еўра. За праведзены час у клубе нямецкі паўабаронца забіў 168 мячоў і аддаў 99 асістаў у 424 матчах.
Разам з «Барусіяй» Ройс выйграў два Кубкі Германіі і тры нацыянальныя Суперкубкі. У сезоне 2012/13 быў пройгрыш «Баварыі» 1:2 у фінале Лігі чэмпіёнаў.

Найлепшы хакеіст экстралігі сезона-2023/24 Шалагін перайшоў у магнітагорскі «Металург»

Найлепшы гулец беларускай хакейнай экстралігі ў сезоне-2023/24 Міхаіл Шалагін перайшоў у магнітагорскі «Металург». Нападнік заключыў з уладальнікам Кубка Гагарына двухбаковы кантракт на адзін год. У мінулым сезоне Шалагін, які выступаў за салігорскі «Шахцёр», пабіў рэкорды экстралігі па колькасці закінутых шайб і набраных ачкоў за адзін рэгулярны чэмпіянат. На цырымоніі закрыцця сезона расейскі форвард стаў галоўнай дзеючай асобай, забраўшы пяць статуэтак. 24-гадовы Шалагін ужо мае вопыт выступаў у Кантынентальнай хакейнай лізе: у сезоне-2022/23 ён правёў дзесяць матчаў за менскае «Дынама» і набраў два (1+1) ачкі. Раней нападнік абараняў колеры «Спартака» і «Аўтамабіліста» ў КХЛ, а таксама гуляў за «Хімік», «Гарняк», АКМ і «Югру» ў ВХЛ.

Грынкевіч і Каралёк выйгралі парную велагонку на чэмпіянаце Беларусі

У Мінскай вобласці адбыліся адкрыты чэмпіянат і першынства Беларусі па веласіпедным спорце на шашы ў парнай гонцы. У пятніцу на дарогах вобласці разыграны пяць камплектаў узнагарод. Перамогу ў парнай гонцы ў мужчын святкавалі Марк Грынкевіч і Яўген Каралёк, у аналагічным выглядзе праграмы ў жанчын чэмпіёнкамі краіны сталі Аліна Абраменка і Юлія Усава.

Тры беларусы выступяць на турніры Вялікага шлема па дзюдо ў Душанбэ

У сталіцы Таджыкістана Душанбэ працягваецца чарговы турнір серыі Вялікага шлема па дзюдо 2024 года з удзелам беларускіх спартоўцаў. На турнір заявіліся 390 дзюдаістаў з 66 краін, у тым ліку трое прадстаўнікоў беларускай каманды. У пятніцу ў Душанбэ былі разыграны пяць камплектаў узнагарод, а сёння ў барацьбу за медалі ўступіць першы з нашых спартоўцаў – Руслан Галавачоў, які выступае ў вагавай катэгорыі да 73 кг. Супернікам беларуса на стадыі 1/16 фіналу будзе дзюдаіст з Германіі Ігар Вандтке.

Беларусаў і расейцаў дапусцілі да адбору на Алімпіяду па веславанні на байдарках і каноэ

Міжнародная федэрацыя вяслярнага спорту дапусціла да ўдзелу беларускіх і расейскіх спартоўцаў да алімпійскага адборавага турніру па веславанні на байдарках і каноэ ў Венгрыі. У заяўку ўвайшлі нейтральныя спартоўцы з беларускімі пашпартамі – Алег Юрэня, Уладзіслаў Кравец, Дзмітрый Натынчык, Іван Патапенка, Віталь Асецкі, Уладзіслаў Палешка, Аліна Світа, Вераніка Леанюк, Марыя Каваленка, Юлія Трушкіна, Ангеліна Барданоўская, і Вольга Клімава. Нагадаем, што Міжнародная федэрацыя вяслярнага спорту дапусціла беларусаў і расейцаў да міжнародных спаборніцтваў летам мінулага года. Еўрапейскі адборавы турнір да Гульняў-2024 пройдзе ў Сегедзе з 8 па 9 траўня.

Беларускае Радыё Рацыя