BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Баскетбалісты «Мінска» сталі чэмпіёнамі Беларусі

Баскетбалісты «Мінска» сталі чэмпіёнамі Беларусі. Яны выйгралі фінальную серыю ў «Гродна-93» з лікам 3:1. Спачатку ў сталіцы «Мінск» двойчы выйграў – 75:66 і 88:79. Аднак у Лідзе «Гродна-93» перамог у авертайме і часова захаваў інтрыгу – 91:88. Напярэдадні каманды зноў гулялі ў Лідзе, і «Мінск» выйграў 90:81. Баскетбалісты «Мінска» сталі чэмпіёнамі Беларусі 16-ы раз запар. У нацыянальным чэмпіянаце менская каманда гуляе ўпэўнена, а вось у Лізе ВТБ былі рэкордныя 39 паразаў у 40 матчах сезона. Бронзу чэмпіяната Беларусі заваяваў магілёўскі «Барысфен».

«Тарпеда-БелАЗ» выйграла ў берасцейскага «Дынама» і стала лідарам чэмпіянату

У матчы 10-га тура чэмпіянату Беларусі па футболе ў вышэйшай лізе берасцейскае «Дынама» прайграла «Тарпеда-БелАЗ» – 0:1. Адзіны гол забіў на 52-й хвіліне Максім Скавыш (гэта быў яго 350-ы матч у чэмпіянатах Беларусі). У іншым матчы «Віцебск» выйграў у «Нафтана» – 2:0. Раней «Слуцк» выйграў у «Нёмана» 2:0, а «Іслач» – у «Мінска» 3:0. «Тарпеда-БелАЗ» набрала 23 ачкі і стала лідарам чэмпіянату. У «Нёмана» – 21, у берасцейскага і менскага «Дынама» – па 19 ачкоў. Але ў менчукоў матч у запасе – яны згуляюць у нядзелю ў гасцях са «Славіяй».

Аршанскі «Вітэн» здабыў першую перамогу ў паўфінале чэмпіянату Беларусі па міні-футболе

Аршанскі «Вітэн» скараціў адставанне ад «Сталіцы» ў паўфінальнай серыі чэмпіянату Беларусі па міні-футболе. Пасля двух паразаў ад дзеючых чэмпіёнаў краіны аршанцы выйгралі на сваёй арэне ў серыі пасляматчавых пенальці. Асноўны і дадатковы час завяршыўся ўнічыю – 4:4, а шасціметровыя ўдары лепш прабілі гульцы «Вітэна» – 6:5. У двух стартавых матчах перамагалі мінчане – 2:1 (у гасцях) і 4:2 (дома). Чацвёртая сустрэча адбудзецца 28 траўня на пляцоўцы менскага спарткомплексу «Уручча».

Шаўчук перамагла на першынстве кантынента па барацьбе сярод моладзі

Беларуска Аліна Шаўчук заваявала залаты медаль чэмпіянату Еўропы па барацьбе сярод атлетаў не старэйшых за 23 гады, які праходзіць у Баку. Беларуска стала наймацнейшай на кантыненце ў сваім узросце ў катэгорыі да 72 кг. Напярэдадні Шаўчук нанесла паразы Марзіе Садзігавай з Азербайджана і турчанцы Букрэназ Серт, а ў вырашальным паядынку з лікам 4:0 адолела Надзею Сакалоўскую з Украіны. Таксама за золата ў вазе да 62 кг змагалася Яна Траццяк. Раней на турніры беларуска перамагла літоўку Інэту Дантайце і эстонку Вікторыю Веса, але ў галоўнай сутычцы саступіла ўкраінцы Ірыне Бондар, стаўшы тым самым уладальніцай срэбра.
Такім чынам, пасля пяці дзён спаборніцтваў у актыве беларускай дэлегацыі 8 узнагарод : 3 залатых, 2 срэбраных і 3 бронзавых медаля.

Беларускае Радыё Рацыя