
У чатырох еўрапейскіх краінах працягваецца чэмпіянат кантынента па баскетболе. Учора былі згуляныя чарговыя 6 матчаў. Цэнтральны паядынак дня адбыўся у Тамперэ, дзе Фінляндыя на родным паркеце змагалася з камандай Літвы. Каманда Рымаса Курцінайціса перапыніла пераможную серыю суомі – 81:78. У гэтай групе В без стратаў ідзе адзін з фаварытаў Еўра – зборная Германіі, якая літаральна дэкласавала і прынізіла зборную Вялікабрытаніі – 120:57. Такім чынам у немцаў зараз максімальныя 8 ачкоў, Літва і Фінляндыя маюць па 7 і таксама будуць у плэй-оф.
У кампаніі А выразныя два лідары. Турцыя ўпэўнена адолела Эстонію – 84:64, а Сербія таксама без праблем разабралася з Чэхіяй – 82:60. Туркі і сербы ідуць без стратаў, а на трэцяй пазіцыі пакуль Латвія, якая ўчора адолела Партугалію – 78:62.
У Тайляндзе на чэмпіянаце свету па валейболе сярод жанчын прайшлі дзве заключныя сустрэчы 1/8-й фінала. Зборная ЗША досыць упэўнена дала рады з паўночнымі суседзямі – камандай Канады – 3-0 (па партыях 25:18, 25:21, 25:21). За тры партыі справілася і дружына Турцыі ў спаборы з Славеніяй, але тут змаганне было больш зацятым: па сэтах 30:28, 25:13 і 29:27.
У чвэрцьфінальных матчах сустрэнуцца: Нідэрлянды – Японія, Італія – Польшча, Францыя – Бразілія, ЗША – Турцыя. Паядынкі пройдуць 3 і 4-га верасня
На адкрытым чэмпіянаце ЗША па тэнісе надышла стадыя 1/8-й фіналу. У мужчынскім спаборы серб Новак Джокавіч упэўнена за тры сэты адолеў немца Яна-Ленарда Штруфа – 6:3, 6:3, 6:2. З такім жа лікам 3-0 амерыканец Тэйлар Фрыц узяў верх над чэшскім майстрам Томашам Махачам – лік па партыях 6:4, 6:3, 6:3.
Аўстраліец Алекс дэ Мінаўр без аніякіх праблем перамог 3-0 швайцарца Леандра Рыдля – 6:3, 6:2, 6:1. Канадзец Фелікс Ожэ-Альясім упэўнена выбіў з турніра апошняга расейца – Андрэя Рублёва – таксама 3-0: 7:5, 6:3, 6:4 па партыях.
У жаночым адзіночным разрадзе першая ракетка свету Арына Сабаленка не пакінула шанцаў іспанскай прадстаўніцы Крысціне Букшы – 6:1, 6:4 па сэтах. Суперніцай Сабаленкі ў чвэрцьфінале стане дасведчаная чэшка Маркета Вондрушава, якая сваім парадкам перамагла больш рэйтынгавую Алену Рыбакіну з Казахстану – 6:4, 5:7 і 6:2 у вырашальным сэце.
Полька Іга Свёнтэк за дзве партыі лёгка аформіла праход далей у матчы з расейкай Аленай Аляксандравай – 6:3, 6:1 па партыях. Японка Наомі Осака крыху нечакана ўпэўнена перамагла 3-ю ракетку свету – амерыканку Како Гаўф – 6:3, 6:2.
Звернемся да мацнейшых еўрапейскіх футбольных чэмпіянатаў. У ангельскай Прэм’ер-лізе вызначыўся аднаасобны лідар. Гэта дзейсны чэмпіён краіны «Ліверпуль». У прынцыповым матчы з лонданскім «Арсеналам» мерсісайдцы дасягнулі вікторыі, дзякуючы шэдэўральнаму выкананню штрафнога венграм Дамінікам Сабаслаі. Перамогшы 1:0, «Ліверпуль» набраў максімальныя 9 ачкоў. Другім з 7-мі пунктамі ідзе лонданскі «Чэлсі», яшчэ ў пяці клубаў па 6 ачкоў.
У нямецкай бундэслізе пасля двух тураў табліцу ўзначальваюць мюнхенская «Баварыя», франкфурцкі «Айнтрахт» і «Кёльн» – па 6 ачкоў.
У іспанскай Прымеры «Барселона» у Мадрыдзе не змагла адолець крыўдзіцеля гарадзенскага «Нёмана» – клуб «Райо Валекана» – 1:1. Наперад у чэмпіянаце выйшлі мадрыдскі «Рэал» і «Атлетык» з Більбао – пасля трох тураў па 9 ачкоў. «Барса», «Вільярэал» і «Эспаньёл» маюць па 7.
У італьянскай серыі «А» пасля двух тураў без стратаў ажно чатыры клубы: «Напалі», турынскі «Ювентус», «Рома» і нечакана «Крэманезе» набралі па 6 балаў. Першай вікторыі дасягнуў рымскі «Лацыё», які разграміў 4:0 «Верону.
Х. Каменскі, Беларускае Радыё Рацыя






