BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

БАТЭ і “Іслач” згулялі ўнічыю ў чэмпіянаце Беларусі

Футбалісты барысаўскага БАТЭ не ўтрымалі перамогу ў хатнім матчы чэмпіянату Беларусі з “Іслаччу”. Напрыканцы першага тайма Алег Нікіфарэнка вывеў гаспадароў наперад, а на зыходзе гадзіны гульнявога часу Аляксандр Шасцюк аднавіў раўнавагу – 1:1. Барысаўчане не выйграюць ужо шэсць тураў запар. У першым паядынку футбалісты жодзінскага “Тарпеда-БелАЗа” здабылі валявую вікторыю ў гасцях у “Мінска” дзякуючы дублю Максіма Скавыша – 2:1. Пасля гэтага поспеху тарпедаўцы набралі 16 ачкоў і дагналі лідара турніра мазырскую “Славію”.

“Сталіца” перамагла БЧ у 1/4 фіналу чэмпіянату Беларусі па міні-футболе

На чэмпіянаце Беларусі па міні-футболе пачаўся раунд плэй-оф. Дзеючыя чэмпіёны краіны спартоўцы “Сталіцы” на сваёй арэне ўпэўнена перайгралі гомельскі БЧ з лікам 6:3. Уладальнік срэбраных медалёў мінулага першынства гомельскі ВРЗ таксама з цяжкасцю адолеў менскі клуб “Дынама-БНТУ” – 2:1. У сталічным дэрбі бронзавыя прызёры спартоўцы “Мінска” саступалі “Ахове-Дынама” 0:2, пасля перапынку вырваліся наперад, але асноўны час усё ж завяршыўся ўнічыю – 3:3. У авертайме Раман Беланожка дакладным ударам прынёс перамогу “Мінску” – 4:3. Сёння аршанскі “Вітэн” будзе супернічаць з гарадзенскім “УУС-Дынама”. Сустрэчы ў адказ серый да дзвюх перамог адбудуцца 7-8 траўня.

Беларускія хакеісты абгулялі зборную Казахстана на турніры ў Астане

На “Барыс-Арэне” ў Астане працягваецца міжнародны турнір па хакеі Qazaqstan Hockey Open-2024 з удзелам зборных Беларусі, Казахстана і Расеі 25. Падначаленыя Дзмітрыя Квартальнава пачалі выступы на турніры матчам супраць гаспадароў пляцоўкі, якія напярэдадні мінімальна саступілі расейцам 0:1. Паядынак выдаўся куды больш выніковым, важную ролю ў такім развіцці падзей адыграў форвард беларускай каманды Аляксандр Скарэнаў. Ужо на 10-й секундзе сустрэчы нападнік вывеў гасцей наперад, у сярэдзіне стартавай трэці падвоіў перавагу беларускай зборнай, а незадоўга да адыходу на першы перапынак аформіў хет-трык – 3:0. У пачатку другога перыяду казахстанцы адквіталі адну шайбу, але літаральна праз хвіліну Ігар Мартынаў вярнуў беларусам лідарства ў тры галы – 4:1. Аднак далей ініцыятыву ў матчы пачаў захопліваць супернік, і ў выніку зраўняў лік – 4:4. Зыход паядынку вырашыўся ў авертайме, які праходзіў у фармаце “3 на 3”. З перадачы Ігара Мартынава вызначыўся Віталь Пінчук і прынёс беларусам перамогу 5:4.

Беларускі Змушко і Куляшова перамаглі на адкрытым чэмпіянаце Турцыі

У турэцкім Эдзірнэ працягваецца адкрыты чэмпіянат Турцыі па плаванні з удзелам беларускіх плыўцоў. У другі дзень спаборніцтваў спартоўцы вызначылі наймацнейшых у 12 відах праграмы, два фіналы скончыліся беларускімі перамогамі. На дыстанцыі 100 метраў брасам роўных не было Аліне Змушко, якая паказала час 1:07,57 сек. – бліжэйшая з суперніц прайграла больш за тры секунды. На дыстанцыі 50 метраў батэрфляем у дзяўчат першае месца заняла Анастасія Куляшова, апярэдзіўшы прадстаўніцу Казахстана Соф’ю Спадарэнку на 0,21 секунды.

Беларускае Радыё Рацыя