Учора, 26 траўня, на «Барысаў Арэне» адбыўся заключны матч 10 тура ў Вышэйшай лізе чэмпіянату Беларусі па футболе. Мясцовы БАТЭ не здолеў перамагчы аднаго з аўтсайдараў «Смаргонь» і згуляў з той унічыю – 2:2. Варта адзначыць, што «мядзведзі» з «абаранкавай» сталіцы Беларусі адкрылі лік у гульні ўжо на 7 хвіліне. І параўнялі яго ажно толькі на 93-й хвіліне сустрэчы.

Такім чынам пасля адной трэцяй часткі праведзенага чемпіянату першая тройка лідараў выглядае наступным чынам – на першым месцы дэбютант «МЛ» Віцебск з 26 ачкамі, на другім «Дынама» з Берасця і ў іх 21 ачко, а замыкае тройку мазырская «Славія», у якой на ачко меней. Гарадзенскі «Нёман» ідзе на 6-м месцы і мае 15 ачкоў.
У зоне вылету знаходзяцца «Маладэчна», «Смаргонь» ды дзяржынскі «Арсенал».
Таксама ўчора адбыўся заключны матч 9 тура ў розыгрышы Першай лігі. У заходнепалескім дэрбі «Ніва» з Камянеччыны ў Пінску разграміла з лікам 5:0 мясцовую «Хвалю». І такім чынам «Ніва» узнялася на трэцюю пазіцыю ў турнірнай табліцы, абышоўшы «Ліду», якая ідзе чацвёртай. На другім месцы – бабруйская «Белшына». На першым – «Дняпро» (Магілёў).
45-гадовы беларускі спецыяліст Сяргей Кузняцоў пакінуў пасаду галоўнага трэнера «Дайнавы» з Алітуса, што выступае ў вышэйшым дывізіёне чэмпіянату Літвы па футболе.
Беларус узначальваў каманду з 2022 года. Пад яго кіраўніцтвам яна выйшла ў А Лігу Літвы. У сезоне-2024 каманда заняла 4-е месца. Зараз жа пасля 13 тураў каманда з 3 баламі замыкае турнірную табліцу.
«Залатую буцу» сезону 2024/25 гадоў заваяваў форвард «Рэала» Кіліян Мбапэ.
26-гадовы футбаліст аформіў 31 гол у дэбютным сезоне Ла Лігі.
Нападнік «Спортынга» Віктар Дзёкерэш забіў больш мячоў (39), але ён ніжэй у спісе з-за ніжэйшага каэфіцыента галоў, які прысвоены чэмпіянату Партугаліі.
Мбапэ стаў першым французам, які выйграў «Залатую буцу» з часу Цьеры Анры ў сезоне 2004/05 і першым гульцом «Рэала» з часу Крышціяну Раналду ў сезоне 2014/15.
Топ-5 «Залатой буцы» гэтага сезону выглядае такім чынам:
1. Кіліян Мбапэ («Рэал» Мадрыд) – 31 гол з каэфіцыентам 2 – разам 62 ачкі
2. Віктар Дзёкерэш («Спортынг» Лісабон) – 39 х 1,5 = 58,5 ачкі
3. Махамед Салах («Ліверпуль») – 29 х 2 = 58 ачкоў
4. Роберт Левандоўскі («Барселона») – 27 х 2 = 54 ачкі
5. Хары Кейн («Баварыя» Мюнхен) – 26 х 2 = 52 ачкі
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя






