BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

БАТЭ ў Барысаве перамог «Маладзечна»

У розыгрышы Вышэйшай лігі чэмпіянату Беларусі па футболе на выходных былі згуляныя матчы 18 тура.

Футбол. Здымак ілюстрацыйны.
Футбол. Здымак ілюстрацыйны.

У суботу БАТЭ ў Барысаве перамог «Маладзечна» з лікам 2:1. Барысаўчане перапынілі антырэкордную ў сваёй гісторыі 10-матчавую бязвыйгрышную серыю ў Вышэйшай лізе, якая доўжылася больш за 3 месяцы. Да гэтага апошняя перамога ў ЧБ была зафіксаваная 2 траўня. БАТЭ набраў 19 ачкоў і падняўся на 11-е месца, абагнаўшы «Гомель» і аддаліўшыся ад зоны вылету. «Маладзечна» з 4 баламі працягвае замыкаць табліцу.

Наваполацкі «Нафтан» на сваім полі ў паўночным дэрбі з буйным лікам 3:0 перамог «Віцебск». І «Тарпеда-БелАЗ» у Жодзіна здолеў выратаваць нічыю 2:2 у матчы з адным з аўтсайдэраў чэмпіянату – «Слуцкам».

А вось у нядзелю «Мінск» на сваім полі мінімальна 1:0 саступіў «Іслачы».
І ў матчы тура, які праходзіў у Віцебску, мясцовы «МЛ» у сустрэчы з берасцейскім «Дынама» ў самым канцы матча здолеў выратаваць нічыю 1:1 і, як след, «абаранак» у графе паразы. А таксама ў гэтай гульні віцебчукі прапусцілі мяч у сваю браму ўпершыню за 8 матчаў. Усяго такіх – 7 за 18 тураў.

Гарадзенскі «Нёман» з прычыны ўдалага выступлення ў Лізе канферэнцыяў працягвае прапускаць гульні ўнутранага чэмпіянату. Гэтым разам з менскім «Дынама».

Такім чынам, на першым радку па-ранейшаму знаходзіцца дэбютант лігі – віцебскі «МЛ» з 46 ачкамі, на другім – мазырская «Славія», у якой у актыве 38 пунктаў і замыкае тройку лідараў – менскае «Дынама», у якога 32 ачкі і 2 гульні ў запасе.

Замыкае табліцу трыа гарадоў – «Слуцк», «Смаргонь» і «Маладзечна».

У розыгрышы Першай лігі чэмпіянату Беларусі па футболе былі згуляныя матчы 20 тура. З цікавых вынікаў адзначым сінхронныя перамогі лідараў чэмпіянату. «Ніва» Долбізна перайграла на выездзе «Воршу» з лікам 4:1. «Дняпро» ў Магілёве менскіх айцішнікаў з «Uni X Labs» 2:0. І «Баранавічы» на сваім полі перайгралі дубль менскага «Дынама» з лікам 2:1.

На першым месцы ідзе «Дняпро» з 44 ачкамі, на другім і трэцім «Баранавічы» і «Ніва», якія маюць па 40 пунктаў.

У суботу на стадыёне ў Баранавічах быў згуляны фінал Кубка Беларусі па футболе сярод жанчын.
Дзяўчаты з «Дынама-БДУФК» з лікам 2:1 перамаглі «Мінск» і пацвердзілі свой Кубак, выйграны год таму ў такім самым супрацьстаянні, толькі з лікам 1:0.

Рэкорд жа па колькасці трафеяў належыць «Бабруйчанцы» з 10 перамогамі, у той час як у «Мінску» на рахунку 8 кубкавых трыўмфаў.

Некалькі навінаў ад беларускіх гульцоў у еўрапейскіх чэмпіянатах.

У 5-м туры чэмпіянату Славеніі па футболе «Мура» разграміла «Дамжале»  з лікам 3:0. Беларускі паўабаронца пераможцаў Раман Пасевіч выйшаў на поле ў другім тайме. Футбаліст адзначыўся голам у дадатковы час і ўсталяваў канчатковы лік. Для Пасевіча гэта гульня стала дэбютнай у чэмпіянаце Славеніі. Цікавым было святкаванне Раманам свайго дэбютнага гола за каманду – ён апрануў на сябе маску Чалавека-павука.

– Я прыехаў дапамагаць і ратаваць каманду. Таму так і адсвяткаваў свой дэбютны мяч за «Муру», – сказаў Пасевіч.

У турнірнай табліцы яго новая каманда размяшчаецца на 8-м месцы і мае ў актыве 4 ачкі. Нагадаем, што Раман быў у ліку тых беларускіх спартоўцаў, хто падпісаў у 2020 годзе адкрыты ліст супраць фальсіфікацыі выбараў і гвалту над беларусамі, да якога яны прывялі.

Беларускі паўабаронца берлінскага «Дынама» Жан Шчарбакоўскі забіў у браму «Бохума» ў гульні 1/32 фіналу Кубка Нямеччыны. 24-гадовы паўабаронца зʼявіўся з першых хвілінаў і забіў адзіны гол сваёй каманды на 46-й хвіліне. Які ў выніку дапамог перавесці гульню ў дадатковы час, дзе «Бохум» усё ж даціснуў суперніка -1:3. Жан Шчарбакоўскі быў вымушаны пакінуць поле на 64 хвіліне з-за пашкоджання.

У бягучым сезоне на рахунку Жана 2+1 па сістэме гол + пас у трох матчах Д4 Германіі.

У 5 туры польскай футбольнай Экстракласы «Пяст» Глівіцы згуляў унічыю 0:0 у Любліне з «Маторам». Беларускі форвард «Пяста» Глеб Баркоўскі выйшаў у асноўным складзе каманды, але быў заменены на 78 хвіліне гульні. Яго каманда зараз займае перадапошні радок у табліцы.
Лідар турніру плоцкая «Вісла» на сваім полі перамагла 1:0 варшаўскую «Легію» беларускага форварда Іллі Шкурына. Той выйшаў на поле на 72 хвіліне гульні, але нічым сваёй камандзе дапамагчы не змог. «Легія» ідзе на 5 месцы. А над ёю на 4 месцы – беластоцкая «Ягелонія», якая ўчора ў Радаме здабыла валявую перамогу над «Радамякам» з лікам 2:1. Якую ёй прынёс сваім дублем – гішпанец Хесус Імаз.

На выходных былі згуляныя некаторыя матчы Кубка Салея – Кубка Беларусі па хакеі.
«Віцебск» перамог «Магілёў» 6:1. Жлобінскі «Металург» па булітах 3:2 перайграў наваполацкі «Хімік». «Гомель» перайграў смаленскі «Славуціч» з лікам 5:2. «Брэст» перамог баранавіцкі «Авіятар» 5:1. «Ліда» на сваёй пляцоўцы саступіла «Дынама-Маладэчна» з лікам 1:2. І гарадзенскі «Нёман» перайграў салігорскі «Шахцёр» з лікам 6:4.  

Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя