BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Баварыя” і “Атлетыка” разграмілі сваіх супернікаў

Ліга чэмпіёнаў

10 сакавіка на футбольных палях Еўропы былі згуляныя першыя 4 матчы 1/8 фінала Лігі чэмпіёнаў.

Гэта былі дзьве пары дыяметральна супрацьлеглых па выніку матчаў.
Турэцкі «Галатасарай» у Стамбуле з мінімальным лікам 1:0, забіўшы гол ужо на 7 хвіліне, перайграў ангельскі «Ліверпуль».

Яшчэ адзін прадстаўнік туманнага альбіёна «Ньюкасл» згуляў унічыю 1:1 з гішпанскай «Барселонай».
Тут падзеі разгортваліся драматычна. Спачатку на 86 хвіліне наперад выйшлі «сарокі». А ўжо пасля таго, які мінулі дададзеныя да асноўнага часу 4 хвіліны, суддзя паставіў 11-метровы ўдар, якім «каталонцы» і скарысталіся.

З іншага боку італьянская «Аталанта» толькі на 93 хвіліне змагла адказаць на 6 галоў «Баварыі», якая нямецкай машынай прайшлася па бергамасках з лікам 6:1.

А таксама гішпанскі «Атлетыка» ў Мадрыдзе разбіў ангельскі «Тотэнхэм» з лікам 5:2.
Лонданскія «шпоры» да 15-й хвіліны ўжо «гарэлі» 0:3. І на 17 хвіліне галоўны трэнер «Тотэнхэма» харват Ігар Тудар прымае рашэнне замяніць чэшскага брамніка Антаніна Кінскі, які не граў у аснове каля паўгода, «перагарэў» са старта і «прывёз» сабе 2 з 3 галоў.
Адзначу, што гэта была самая ранняя замена галкіпера, не звязаная з траўмай, за ўсю гісторыю Лігі чэмпіёнаў.

Сёння будуць згуляныя яшчэ чатыры матчы. Гульні ў адказ 17 і 18 сакавіка.

Абаронца «Атыраў» Руслан Юдзянкоў уключаны ў сімвалічную зборную стартавага тура Казахскай футбольнай Прэм’ер-Лігі па версіі партала Sofascore.
Беларускі абаронца дапамог «нафтавікам» не прапусціць у гульні з «Улытаў» (0:0).
Руслан Юдзянкоў атрымаў адзнаку 8.1 бала.

Абаронца «Зімбру» Мікалай Золатаў уключаны ў сімвалічную зборную па выніках першага тура фінальнай часткі чэмпіянату Малдовы па футболе.
Гульня Золатава дазволіла камандзе Алега Кубарава згуляць унічыю з «Мілсамі» (0:0).
«Зімбру» з 15 баламі займае першы радок у табліцы фінальнай часткі чэмпіянату Малдовы.

Учора АБФФ абвясціла спіс удзельнікаў чэмпіянату Беларусі па футболе сярод каманд першай лігі ў сезоне-2026.
Сярод іх ёсць і «Салігорск», які прайшоў ліцэнзаванне.
Каманда была сфармаваная ў 2025 годзе і ў дэбютным сезоне ў Д3 заняла 8-е месца.
Усяго ў турніры выступяць 18 каманд.
Лёсаванне першай лігі ў менскім Доме футбола адбудзецца 13 сакавіка.

«Калгары» пацярпеў паразу ад «Вашынгтона» з лікам 3:7 у матчы рэгулярнага чэмпіянату НХЛ.
27-гадовы беларускі форвард прайграўшых Ягор Шаранговіч на 38-й хвіліне закінуў шайбу ў меншасці і дапамог сваёй камандзе здзейсніць камбэк з ліку 0:3.
Ён правёў на лёдзе 15 хвілін 13 секунд, набраў 1 (1+0) выніковае ачко і завяршыў матч з паказчыкам карыснасці «0».
У бягучым сезоне НХЛ Шаранговіч прыняў удзел у 59 матчах, у якіх набраў 23 (13+10) ачкі, мае паказчык карыснасці «-20» і 8 хвілін штрафнога часу.
Беларускі форвард «Вашынгтона» Аляксей Протас на 9-й хвіліне зрабіў выніковую перадачу на Тома Уілсана пры другім узяцці брамы суперніка.
Ён правёў на лёдзе 17 хвілін 20 секунд. На рахунку Протаса 1 (0+1) выніковы бал і паказчык карыснасці «+1».
У бягучым сезоне НХЛ Протас правёў 61 матч, у якіх набраў 44 (21+23) ачкі, мае паказчык карыснасці «+18» і 20 хвілін штрафнога часу.
«Чыкага» Арцёма Леўшунова адолеў у авертайме «Юту» з лікам 3:2. Беларус правёў на лёдзе 19 хвілін 10 секунд.
«Ванкувер» Мікіты Талапілы прайграў «Атаве» з лікам 0:2. Беларус усю гульню прабыў у запасе.

Беларускі форвард Ілля Протас прызнаны найлепшым гульцом тыдня ў «Хершы». Беларус набраў 3 (2+1) балы ў трох матчах каманды з АХЛ.
У сезоне Ілля правёў 57 матчаў і набраў 48 (24+24) балаў. Протас-малодшы з’яўляецца найлепшым бамбардзірам і снайперам каманды.

У чэмпіянаце Беларусі па баскетболе ў Групе А лідар табліцы «Гродна-93» ў Магілёве перайграў «Барысфен» з лікам 87:84.
Гарадзенцы маюць 43 ачкі, што на тры пункты болей за асноўных канкурэнтаў – «Мінск» і «Барысфен», якія ідуць другім і трэцім адпаведна.

Учора прайшлі выбары новага кіраўніка Беларускай федэрацыі тэніса.
Ім стаў 52-гадовы беларускі спецыяліст Аляксандр Захарчанка. На гэтай пасадзе ён замяніў Сяргея Рутэнку, які займаў яе з лістапада 2021 года.
Захарчанка вядомы па працы ў ФК БАТЭ Барысаў, дзе доўгі час ён быў намеснікам старшыні праўлення Анатоля Капскага.
Новы кіраўнік Беларускай федэрацыі тэніса пракаментаваў сваё прызначэнне наступнымі словамі:
«Ёсць у мяне невялікі досвед у тэнісе. Ён, перш за ўсё, звязаны з аматарскім»

Беларуская тэнісітка Арына Сабаленка выйшла ў чвэрцьфінал турніру WTA-1000 у Індыян-Уэлсе.
У 1/8 яна перайграла 16 ракетку японку Наомі Осаку з лікам 2:0 – 6:2, 6:4.
Гэты чвэрцьфінал стаў 31-м для спартоўкі на турнірах такога роўню.
Такім чынам беларуска абышла Серэну Уільямс і стала шостай тэнісісткай па колькасці выхадаў у чвэрцьфіналы турніраў WTA-1000.

Сербскі тэнісіст Новак Джокавіч (№3 ATP) выйшаў у трэці круг турніру ATP 1000 там жа.
У 1/16 фіналу Новак перамог Аляксандра Кавачавіча (№72 ATP) з ЗША з лікам 2:1 – 6:4, 1:6, 6:4.
Такім чынам 38-гадовы серб 113-ы раз у кар’еры выйшаў у 1/8 фіналу турніру серыі ATP Masters 1000. Ён апярэдзіў Рафаэля Надаля (112) і стаў аднаасобным лідарам па гэтым паказчыку з моманту ўвядзення фармату ў 1990 годзе.
У наступным раўндзе Новак згуляе супраць брытанца Джэка Дрэйпера (№14 ATP).

Беларускі барэц Магамедхан Магамедханаў перамог у фінале чэмпіянату Еўропы U-23 у сербскім Зрэняніне
У вагавой катэгорыі да 65 кг прадстаўнік беларускай каманды быў мацнейшым за расейца Джамбулата Кізінава.
Саступаючы 0:8, Магамедхан здолеў правесці прыём на тушы і датэрмінова завяршыць двубой.

Учора на Паралімпійскіх гульнях у Італіі адбыўся фінал спрынта ў лыжных гонках стоячы сярод мужчын.
21-гадовы беларус Раман Свірыдзенка заваяваў залаты медаль і ён стаў першым для нашай каманды.
Срэбны прызёр немец Себасцьян Марбургер адстаў ад беларуса на 2.7 секунды.
1. Раман Свірыдзенка (Беларусь) – 2:35.4.
2. Себасцьян Марбургер (Германія) – 2:38.1.
3. Бенжамін Даўе (Францыя) – 2:42.2.

А таксама ў лыжных гонках у спрынце сядзячы сярод жанчын Лідзія Лобан стала 9-й – 3:22.5. Валянціна Бірыла заняла 12-е месца – 3:29.3.
У лыжных гонках у спрынце стоячы сярод жанчын Дар’я Федзьковіч заняла выніковае 14-е месца – 3:21.50.

Такім чынам Беларусь з золатам займае зараз 16 месца ў медальным заліку. Украінскія параатлеты з 3 залатымі, 2 срэбнымі і 5 бронзавымі медалямі займаюць 5 радок.

Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя