BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Баварыя” і ПСЖ прабіліся ў чвэрцьфінал Лігі чэмпіёнаў

Нямецкая “Баварыя” і французскі “Пары Сэн-Жэрмэн” сталі першымі чвэрцьфіналістамі футбольнай Лігі чэмпіёнаў. У Мюнхене чэмпіёны Германіі пасля выязной паразы ад рымскага “Лацыё” 0:1 узялі пераканаўчы рэванш, перамогшы 3:0. Галявы дубль аформіў Хары Кейн, яшчэ адзін мяч забіў Томас Мюлер. “Пары Сэн-Жэрмэн” абыграў у Сан-Себасцьяне іспанскі “Рэал Сасьедад” з лікам 2:1 дзякуючы дублю свайго лідара Кіліяна Мбапэ. На сваім полі парыжане таксама былі мацней – 2:0. Яшчэ два чвэрцьфіналісты вызначацца сёння. Дзеючы пераможца Лігі чэмпіёнаў ангельскі “Манчэстэр Сіці” згуляе на сваім полі з “Капенгагенам”. “Манчэстэр Сіці” упэўнена абыграў яго ў дацкай сталіцы з лікам 3:1. У сталіцы Іспаніі мадрыдскі “Рэал” сустрэнецца з нямецкім “Лейпцыгам”. У гасцях мадрыдскі клуб выйграў з мінімальнай перавагай – 1:0.

“Хапаэль” з Анцілеўскім і Паляковым саступіў “Макабі” у Кубку Ізраіля

У матчы 1/8 фіналу Кубка Ізраіля “Хапаэль” з Хайфы прайграў на сваім полі “Макабі” з Петах-Тыквы з лікам 0:3. У складзе гаспадароў Дзяніс Палякоў выйшаў на 27-й хвіліне, а Дзмітрый Анцілеўскі атрымаў папярэджанне, а на 62-й хвіліне траўмаваўся і быў заменены.

Футбалісткі Грузіі, Літвы і Кіпра сталі суперніцамі зборнай Беларусі ў кваліфікацыі Чэмпіяната Еўропы

У штаб-кватэры УЕФА ў швейцарскім Ньёне адбылося лёсаванне адборавага турніру чэмпіянату Еўропы 2025 года сярод жаночых каманд. Футбалісткі зборнай Беларусі выступяць у трэцім па рангу дывізіёне – лізе С. У кваліфікацыйнай групе 1 суперніцамі падначаленых Юрыя Малеева будуць каманды Грузіі, Літвы і Кіпра. Матчы адборавага турніру пройдуць з 3 красавіка да 16 ліпеня. Прамыя пуцёўкі ў фінальную стадыю жаночага Еўра-2025 атрымаюць па дзве лепшыя каманды з чатырох квартэтаў лігі А.

“Барселона” блізкая да дамоўленасці з галоўным трэнерам “Спортынга”

Кіраўніцтва “Барселоны” наблізілася да дасягнення дамоўленасці аб супрацоўніцтве з галоўным трэнерам “Спортынгу” Рубенам Амарымам. Пра гэта паведамляе The Independent. Цяперашні настаўнік «блаўграны» Хаві пакіне каманду пасля заканчэння бягучага сезона. Адзначаецца, што на 39-гадовага партугальскага спецыяліста таксама прэтэндуюць “Баварыя” і “Ліверпуль”. Амарым узначальвае «Спортынг» з 2020 года. За час працы з лісабонскім клубам 39-гадовы спецыяліст выйграў чэмпіянат і Суперкубак Партугаліі, а таксама два Кубкі партугальскай лігі. На дадзены момант “Барселона” займае трэцяе месца ў турнірнай табліцы іспанскай Прымеры. Падначаленыя Хаві набралі 58 ачкоў за 27 тураў і адстаюць ад лідыруючага “Рэала” на восем балаў.

Трэнерскі штаб “Дынама-Маладзечна” адпраўлены ў адстаўку

У “Дынама-Маладзечне” будзе новы трэнерскі штаб. Пра гэта ў інтэрв’ю клубнай прэс-службе паведаміў дырэктар Ігар Нікалайчык. – Трэнерскаму штабу ў пачатку сезона была пастаўлена задача вывесці каманду ў плэй-оф. Дамаўляліся, што калі задачы не будуць выкананы, то не будзем працягваць супрацоўніцтва. У нас будзе новы трэнерскі штаб. Выправім сітуацыю і з трэнерам для брамнікаў. У гэтым сезоне працавалі без яго. Так выйшла, што адмысловец, які працаваў з галкіперамі, спантанна сышоў у іншы клуб і не змаглі знайсці замену, – адзначылі ў прэс-службе. У мінулым сезоне каманду ўзначальваў Аляксандр Палішчук. Яго асістэнтамі былі Уладзімір Магдзееў, Аляксандр Уладыкін і трэнер па АФП Вольга Сушко. Пад кіраўніцтвам Палішчука каманда правяла 55 матчаў, у якіх святкавала толькі 14 перамог. “Дынама-Маладзечна” завяршыла сезон на апошнім месцы ў Betera-Экстралізе.

CAS скасаваў дыскваліфікцыю Халеп з чатырох гадоў да дзевяці месяцаў

Спартовы арбітражны суд (CAS) скараціў дыскваліфікацыю румынскай тэнісісткі Сімоны Халеп з чатырох гадоў да дзевяці месяцаў. Аб гэтым паведамляе BBC. Паколькі яна ўжо адбыла часовую дыскваліфікацыю з кастрычніка 2022 года, румынка можа неадкладна вярнуцца ў тур. Слуханні па справе тэнісісткі праходзілі 7-9 лютага ў Лазане. 32-гадовая румынская тэнісістка абскардзіла рашэнне Міжнароднага агенцтва па забеспячэнні сумленнасці (ITIA) у тэнісе аб чатырохгадовай дыскваліфікацыі за ўжыванне допінгу і запатрабавала адмены ўсіх накладзеных санкцый. Пасля пасяджэння Халеп заявіла, што ўпэўнена ў хуткім допуску на афіцыйныя турніры ВТА. У верасні мінулага года Халеп была дыскваліфікаваная да кастрычніка 2026 года з-за парушэння антыдопінгавых правіл.

Беларускае Радыё Рацыя