У аўторак асноўны этап рэвалюцыйнага сезона Лігі чэмпіёнаў пачаўся шасцю матчамі. У першым слоце дня італьянскі “Ювентус” перамог нідэрландскі ПСВ 3:1, а англійская “Астан Віла” разграміла швейцарскі “Янг Бойз” – 3:0. Другі слот уключаў у сябе чатыры паядынкі, у якіх таксама абышлося без нічыіх. “Мілан” саступіў “Ліверпулю” 1:3, іспанскі мадрыдскі “Рэал” адолеў нямецкі “Штутгарт” 3:1, а партугальскі “Спортынг” справіўся з французскім “Лілем” – 2:0. Сапраўдным упрыгожаннем гульнявога дня стала сустрэча нямецкай “Баварыі” і харвацкага “Дынама” з Заграба. Заўзятары нацешыліся 11 забітымі мячамі, покерам Гары Кейна і, як следства, неверагоднай перамогай гаспадароў – 9:2. Нагадаю, у гэтым сезоне фармат турніру зведаў рэвалюцыйныя інавацыі: зараз адна на ўсіх турнірная табліца, колькасць удзельнікаў вырасла да 36, кожная каманда правядзе па восем паядынкаў супраць розных супернікаў, а фінальныя туры этапу лігі адбудуцца ў студзені.
Шымановіч выйшла ў другі раўнд турніру ў ЗША
227-я ракетка планеты Ірына Шымановіч выйшла ў другі раўнд турніру WTA-35 у ЗША. Беларуска ў двух сэтах была мацней за 1093-ю ў сусветным рэйтынгу амерыканку Каці Віршольм — 6:4, 6:1. У наступным крузе Шымановіч згуляе супраць пераможцы пары Ан — Алсоля. Адзначу, што на гэтым турніры беларуска з’яўляецца трэцяй сеянай.
Беларускі абаронца запрошаны на трэнінг-кэмп “Вініпег Джэтс”
«Вініпег Джэтс» абвясціў расклад і склад удзельнікаў трэніровачнага лагера, які працягнецца з 20 верасня па 4 кастрычніка. У кэмп атрымалі запрашэнні 53 хакеісты — 32 форварды, 16 абаронцаў і 5 брамнікаў. Выклік атрымаў беларускі абаронца Дзмітрый Кузьмін, які ўзяў сабе ў камандзе гульнявы швэдар з 58-м нумарам. 15 жніўня 2021 года Кузьмін падпісаў двухбаковы кантракт пачаткоўца з «Вініпег Джэтс». Тэрмін пагаднення скончыцца ў 2026 годзе. У АХЛ ураджэнец вёскі Холстава Магілёўскай вобласці зарабляе 80 000 даляраў за год. У мінулым сезоне АХЛ Кузьмін правёў 18 матчаў за “Манітобу Мус” і набраў 3 (1+2) ачкі, пры паказчыку карыснасці “-3” і 6 хвілінах штрафу. У КХЛ правамі на Кузьміна валодае менскае «Дынама».
На ўкраінскага баксёра Аляксандра Вусіка надзелі кайданкі ў аэрапорце Кракава
Украінскі баксёр, абсалютны чэмпіён свету ў цяжкай вазе Аляксандр Вусік быў затрыманы ў аэрапорце Кракава. Былі абнародаваны відэазапісы, на якіх бачна, як Вусіка пад рукі адводзяць на допыт людзі ў форме, на спартоўца зашчэплены кайданкі. Аднак умяшальніцтва ўкраінскіх дыпламатаў дазволіла хутка разабрацца з інцыдэнтам. Партал Onet са спасылкай на спартовага прамоўтэра Анджэя Васілеўскага прывёў такую версію здарэння: Вусік прыехаў на машыне з Кіева ў Кракаў і адтуль збіраўся ляцець у Іспанію на зборы. Па невядомых прычынах асобе, якая суправаджала баксёра, было адмоўлена ў допуску на рэйс. Спартовец адмовіўся ляцець адзін і пачаў супраціўляцца затрыманню калегі. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў сябе ў тэлеграм-канале паведаміў, што ўжо пагаварыў з Вусікам па тэлефоне, заявіў, што абураны такім стаўленнем да яго, а яшчэ даў міністрам даручэнне “неадкладна разабрацца ва ўсіх дэталях інцыдэнту”. Па словах Зяленскага, Вусіка хутка адпусцілі.
Пазней сам баксёр выступіў з заявай наконт свайго затрымання. «Сябры, усё добра. Здарылася непаразуменне, якое хутка вырашылася. Рэспект польскім праваахоўнікам, якія выконваюць свае абавязкі, нягледзячы на рост, вагу, размах рук і рэгаліі. Дзякуй Богу за ўсё», – напісаў Вусік у сацсетках. Нагадаю, бой-рэванш паміж чэмпіёнам свету ў суперцяжкім дывізіёне па версіях WBC, WBA, WBO і IBO Вусікам і экс-чэмпіёнам па версіі WBC Тайсанам Ф’юры адбудзецца 21 снежня.
Беларускае Радыё Рацыя