BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Беларус Грамыка прынёс перамогу “Кайрату”

Некалькімі матчамі ўчора распачалася серыя гульняў у адказ у другім раўндзе футбольных еўракубкаў. 5 сустрэч прайшлі ў Лізе чэмпіёнаў.

28-гадовы беларускі легіянер Валер Грамыка стаў аўтарам пераможнага гола «Кайрата» з Алматы ў двубоі з фінскім «КуПС». Тыдзень таму казахстанскі клуб прайграў у першым матчы фінам з лікам 0:2, і здавалася, што шанцаў у яго на выхад далей няма. Але ўчора на сваім полі, пры 23 000 заўзятараў і поўным аншлагу на трыбунах, ён разграміў суперніка з лікам 3:0. Наш паўабаронца прыняў удзел у галах сваёй каманды на 9 і 29 хвілінах, і забіў той самы вырашальны гол на 43-й, які і вывеў «Кайрат» у трэці раўнд.

Гол Грамыкі стаў гістарычным для «Кайрата» — так далёка ў Лізе чэмпіёнаў гэты клуб яшчэ ніколі не даходзіў. А яшчэ беларус забяспечыў алмацінцам еўракубкавую восень. Пасля гэтай перамогі казахі гарантавалі сабе гульні як мінімум у асноўным этапе Лігі канферэнцый.

Таксама да гэтай перамогі спрычыніўся 37-гадовы беларускі абаронца і капітан каманды – Аляксандр Мартыновіч. Які правёў на полі ўсе 90 хвілін гульні.

Супернікам «Кайрата» ў трэцім раўндзе Лігі чэмпіёнаў будзе славацкі «Слован» з Браціславы, які ўчора згуляў 2:2 з баснійскім «Зрыньскі», а тыдзень таму разграміў яго на сваім полі 4:0.

Таксама ў Лізе чэмпіёнаў учора дацкі «Капенгаген» мінімальна 1:0 перамог косаўскую «Дрыту» і па суме дзьвух перамог прайшоў далей.
Кіеўскае «Дынама» у Варшаве, як і тыдзень таму, з такім самым буйным лікам 3:0 абыграла мальціскі «Хамрун» і таксама забяспечыла сабе еўракубкавую восень.
І сербская «Црвена Звезда» перамагла на сваім полі гібралтарскі «Лінкальн» 5:1, а тыдзень таму 1:0, і выйшла ў трэці раўнд верагодней за ўсё на чэмпіёна Польшчы – познаньскі «Лех».

Тры матчы ўчора было згуляна і ў Лізе канферэнцый.
Грузінская «Іберыя» і эстонская «Левадыя» ў дадатковы час згулялі 2:2 і па суме двубою ў трэці раўнд гэтага турніра крочаць эстонцы.
Люксембурскі «Дыферанж», як і тыдзень таму з мінімальным лікам 1:0 абыграў валійскі «ТНС» і праходзіць далей на эстонскую «Левадыю», узгаданую вышэй.

І ў самым цікавым для нас тут учорашнім двубоі «Інтэр Эскальдэс» з Андоры ды славенская «Алімпія Любляна» згулялі 1:1. Але дзякуючы папярэдняй перамозе з лікам 4:2 далей праходзяць славенцы і становяцца гіпатэтычнымі супернікамі менскага «Дынама» ў трэцім раўндзе. Але менчукам, для гэтага трэба пастарацца ў чацьвер і адыграць 2 галы ў албанскай «Эгнаціі».

Учора зборная Беларусі па міні-футболе пачала выступленне на турніры Continental Futsal Championship.
Сустрэчы якога праходзяць ў Тайландзе. Першым супернікам беларусаў стала каманда Замбіі.
Беларусь – Замбія – 4:0
Галы: 1:0 – Шыманоўскі (4), 2:0 – Шыманоўскі (17), 3:0 – Сялюк (22), 4:0 – Сініцкі (22).
Таксама ў нашай групе Б Саўдаўская Аравія перамагла Аўстралію 3:1.
Група Б:
Беларусь – 3 ачкі (1 матч).
Саудаўская Аравія – 3 (1).
Аўстралія – 0 (1).
Замбія – 0 (1).

Беларускія тэнісісты Эрык Аруцюнян (ATP 501) і Ягор Герасімаў (ATP 591) аднолькава няўдала стартавалі на турніры серыі Чэленджэр у Астане і саступілі ў 1/16 фінала расейцу Івану Гахаву (ATP 248) і індусу Карану Сінгу (АТР 401) з лікам 1:2 і 0:2 адпаведна.

Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя