BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Беларус Кокша заваяваў бронзу чэмпіянату свету па самба

У сталіцы Казахстана Астане стартаваў чэмпіянат свету па самба з удзелам беларускіх спартоўцаў. Першую ўзнагароду беларускай камандзе прынёс Аляксандр Кокша, які выступае ў вагавай катэгорыі да 79 кг у мужчынскім спартовым самба. У паўфінале беларус саступіў украінцу Міхаілу Свідраку. У паядынку за бронзавы медаль Кокша быў мацней за прадстаўніка Казахстана Нурбола Серыкава.

Яшчэ два медалі гарантаваны нашай зборнай у жаночым спартовым самба. У фінал у вазе да 65 кг выйшла дзейная чэмпіёнка свету Даніэла Ждан, супрацьстаяць ёй будзе расіянка Кацярына Дарашэнка. У катэгорыі звыш 80 кг да вырашальнага паядынку дабралася Марыя Кандрацьева, якая аспрэчыць золата з Вольгай Артошынай з Расеі.

Асанаў узяў першы чэмпіёнскі пояс

Ноччу 28-гадовы беларускі баксёр Дзмітрый Асанаў сустракаўся з прадстаўніком Аргентыны Матыясам Карласам Руэда. Гэта быў бой за кантынентальны чэмпіёнскі тытул WBC у лёгкай вазе. Ураджэнец Маладзечна перамог 36-гадовага суперніка. Бой быў спынены ў 5-м раундзе. Беларус заваяваў першы чэмпіёнскі пояс у кар’еры.

УЕФА можа пакараць “Легію” з-за паводзінаў балельшчыкаў на матчы з менскім «Дынама»

На трыбунах стадыёна імя Юзэфа Пілсудскага былі развешаны банеры палітычнага зместу, што забаронена УЕФА. Акрамя таго, падчас гульні фанаты “Легіі” скандавалі правакацыйныя крычалкі, што запатрабавала ўмяшальніцтва службы бяспекі стадыёна.
“Легія”, хутчэй за ўсё, будзе пакараная Дысцыплінарным камітэтам УЕФА за праяву недарэчных пасланняў падчас спартовага мерапрыемства. Адзначаецца, што польскаму клубу пагражае штраф памерам некалькі дзясяткаў тысяч еўра. Аб гэтым піша betnews.by са спасылкай на Gol24.

У Віцебску і Мазыры пройдуць першыя матчы 28-га тура чэмпіянату Беларусі па футболе

На футбольным чэмпіянаце Беларусі сярод каманд вышэйшай лігі пройдуць стартавыя паядынкі 28-га тура. У першым з іх футбалісты “Віцебска” прымуць на сваім полі магілёўскае “Дняпро” (пачатак гульні ў 18.00). У папярэднім туры абедзве каманды пацярпелі буйныя паразы з аднолькавым лікам 0:3.

У другім матчы мазырская “Славія” згуляе на хатняй арэне з наваполацкім “Нафтанам” (пачатак у 20.00). Футбалісты “Славіі” не выйграюць з 3 жніўня, пацярпеўшы шэсць паразаў і пяць разоў згуляўшы ўнічыю. На мінулым тыдні мазыране разышліся мірам з “Мінскам”, а “Нафтан” згуляў унічыю з салігорскім “Шахцёрам”.
У цэнтральным паядынку тура 11 кастрычніка ў Гародні сыдуцца два галоўныя фаварыты турніру: “Нёман”, які ідзе другім, паспрабуе спыніць пераможную хаду лідара менскага “Дынама”.

Беларускае Радыё Рацыя