BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Беларус Куроўскі заваяваў срэбра маладзёжнага ЧС па цяжкай атлетыцы

У іспанскім Леоне завяршыўся чэмпіянат свету па цяжкай атлетыцы сярод спартоўцаў не старэйшых за 20 гадоў. У заключны дзень турніру з беларускіх атлетаў на памост выходзіў Роберт Куроўскі, які выступае ў самай цяжкай вагавай катэгорыі – звыш 109 кг. Спаборніцтвы ў рыўку наш штангіст пачаў з паспяховых падыходаў на 165 і 170 кг, але не справіўся з вагой 175 кг. Зрэшты, больш за 170 кг не падняў ніводны з супернікаў, таму Куроўскі стаў уладальнікам малога золата. У другім практыкаванні Роберт здзейсніў удалыя спробы на 201, 209 і 212 кг, дзякуючы чаму выйграў яшчэ адзін малы медаль – на гэты раз срэбра. Адразу на 11 кг беларуса апярэдзіў Чы Ён Нам з Рэспублікі Карэя. Ён жа стаў чэмпіёнам свету ў двубор’і, набраўшы ў агульнай складанасці 383 кг. Сума Куроўскага апынулася на 1 кг менш, што прынесла яму срэбраную ўзнагароду.

БАТЭ выратаваў нічыю ў гульні з “Шахцёрам” на 94-й хвіліне

У рамках 23-га тура чэмпіянату Беларусі па футболе барысаўскі БАТЭ на сваім полі згуляў унічыю з “Шахцёрам” з лікам 1:1. На 60-й хвіліне Дзяніс Кавалевіч уцёк на рандэву з галкіперам і скіраваў мяч у сетку. Здавалася, салігорцы ўтрымаюць мінімальную перавагу, але на апошняй з кампенсаваных арбітрам чатырох хвілін Афі выйграў на другім паверсе барацьбу і зрабіў скід Аміртаеву, і той прабіў без шанцаў для галкіпера. БАТЭ з 28 баламі ідзе на 11-м месцы, “Шахцёр” з 1 ачком працягвае займаць апошняе месца.

Хакеісты “Юнацтва”, “Хіміка” і “Ліды” перамаглі ў матчах экстралігі

Трыма матчамі ў Менску, Наваполацку і Лідзе працягнуўся рэгулярны чэмпіянат беларускай хакейнай экстралігі. Гаспадары “Чыжоўка-Арэны” з “Юнацтва” падоўжылі пераможную серыю да шасці матчаў – другі раз за тры дні ад менчукоў пацярпеў “Магілёў” 4:1. “Авіятар” дагэтуль не можа адчуць густ перамогі ў чэмпіянаце. Хакеісты з Баранавічаў у гасцях прайгралі “Лідзе” – 2:5, дубль за “рыцараў” аформіў Уладзімір Ануфрыюк. Паралельна ў Наваполацку мясцовы “Хімік” усухую разабраўся са смаленскім “Славуцічам” – 3:0, галкіпер “нафтавікоў” Сяргей Сцяпанаў адбіў усе 25 кідкоў суперніка.

Коласаў прыбыў у Філадэльфію каб скасаваць кантракт

Беларускі галкіпер Аляксей Коласаў прыбыў у Філадэльфію, каб скасаваць кантракт з мясцовым клубам і працягнуць выступаць за менскае “Дынама”. У 22-гадовага беларуса двухгадовы кантракт з «Флаерз». На гэтым тыдні брамнік адправіўся з Менска ў Філадэльфію для ўдзелу ў трэніровачным лагеры. «Мэта Коласава – прыехаць у Філадэльфію і вырашыць пытанне аб скасаванні кантракту на месцы, што немагчыма зрабіць выдалена», – паведаміла крыніца. «Яго чакаюць у менскім «Дынама» увосень, і яго заробак зарэзерваваны. Коласаў не хоча гуляць у Амерыцы, але КХЛ не дазваляе Коласаву гуляць за «Дынама», пакуль у яго ёсць кантракт з «Флаерз».

Беларускае Радыё Рацыя