BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Беларус Леўшуноў выбраны «Чыкага» на драфце НХЛ-2024

18-гадовы беларускі абаронца Арцём Леўшуноў абраны на драфце НХЛ-2024 «Чыкага».

Каманда з амерыканскага штата Ілінойс выбрала беларуса пад другім нумарам. Мінулы сезон каманда завяршыла на 15 месцы Заходняй канферэнцыі. У 38 матчах чэмпіянату NCAA за «Мічыган Стэйт Спартанс» ураджэнец Жлобіна набраў 35 (9+26) ачкоў.

Ён стаў 4-м беларусам, які быў выбраны ў першым раўндзе драфта НХЛ. Раней гэта ўдавалася толькі Руслану Салею, Канстанціну Кальцову  і Андрэю Касціцыну.

Дзямідзік, Халадовіч і Дубіцкая святкавалі перамогі на чэмпіянаце краіны па лёгкай атлетыцы

У сталіцы стартаваў галоўны ўнутраны турнір сезону для беларускіх лёгкаатлетаў – адкрыты чэмпіянат краіны.

На дарожкі і ў сектары выйшлі практычна ўсе наймацнейшыя лёгкаатлеты Беларусі за выключэннем траўмаваных скакухі ў даўжыню Віялеты Скварцовай і скакухі з шастом Ірыны Жук. Першыя медалі турніру былі разыграны напярэдадні вечарам у бегу на 10 000 м – перамог у мужчын Уладзіслаў Прамаў, наймацнейшай сярод жанчын апынулася Вольга Немагай.
Афіцыйнае адкрыццё форуму адбылося на Нацыянальным алімпійскім стадыёне “Дынама”. Удзельнікі разыгралі 23 камплекты ўзнагарод.

Сёння спартоўцы вызначаць пераможцаў і прызёраў на дыстанцыях 200, 800 і 5000 м, 400 м з бар’ерамі і ў трайным скачку. Таксама мужчыны выявяць найлепшых у скачках у вышыню і дзесяцібор’і, а жанчыны – у сямібор’і.

Футбалісты “Славіі” і “Гомеля” згулялі ўнічыю ў матчы чэмпіянату Беларусі

Футбалісты мазырскай “Славіі” і “Гомеля” не выявілі пераможцу ў стартавым паядынку 14-га тура чэмпіянату Беларусі.

Сустрэча ў Мазыры прайшла ў роўнай барацьбе і завяршылася без забітых мячоў – 0:0. Гамяльчане не могуць перамагчы ў чацвёртым матчы запар. Пазней берасцейскае “Дынама” прымала на сваёй арэне футбалістаў “Віцебска”. У першым тайме паўабаронца гаспадароў Аляксандр Свірэпа ў верхавой барацьбе за мяч сутыкнуўся галавой з супернікам і вымушаны быў пакінуць поле. У яго падазрэнне на пералом  косці твару.  “Віцебск” выйшаў наперад пасля дакладнага ўдару Карэна Варданяна на 54-й хвіліне. Аднак берасцейскае «Дынама» выратавала нічыю дзякуючы голу Ягора Карцова на 82-й -1:1.

Капленка развітаўся з “Шахцёрам”


Паўабаронца Мікіта Капленка пакідае салігорскі “Шахцёр”. Дзеянне кантракта спынена па пагадненні бакоў.

Хаўбек далучыўся да «Шахцёра» перад пачаткам сезона 2023-га года і правёў 36 афіцыйных матчаў, у якіх забіў тры галы і зрабіў адну выніковую перадачу, — інфармуе афіцыйны сайт клуба.

«Веспрэм» Вайлупава згуляе з «Віслай» Самойла ў наступным розыгрышы Лігі чэмпіёнаў

У Вене адбылося лёсаванне групавога этапу гандбольнай Лігі чэмпіёнаў. Там згуляюць тры беларусы: Мікіта Вайлупаў за «Веспрэм», Арцём Каралёк за «Кельцэ» і Кірыл Самойла з «Віслы». Прычым «Вісла» і «Веспрэм» згуляюць у адной групе А.  Турнір стартуе 11-12 верасня, завершыцца групавы этап 5-6 сакавіка наступнага года.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Michigan State University Athletics.