BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Беларусь лідзіруе ў табліцы каэфіцыентаў УЕФА

Беларусь лідзіруе ў табліцы каэфіцыентаў УЕФА за сёлетні сезон. Клубы з чэмпіянату Беларусі зарабілі 1,750 бала ў першых паўтара раўндах усіх еўракубкавых турніраў. Беларусь зарабіла больш балаў, чым астатнія краіны. На другім месцы – Андора (1,666), на трэцім – Швецыя (1,500). У 2-м раўндзе «Нёман» зарабіў 0.250 за перамогу над «Кошыцамі» (3:2), а «Тарпеда-БелАЗ» атрымаў 0.125 за нічыю з «Макабі» Хайфа (1:1) у Лізе канферэнцый.

Да гэтага ў 1-м раўндзе менскае «Дынама» зарабіла 0.125 за нічыю з «Лудагорцам» (2:2) у кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў. «Нёман» атрымаў 0.500 за дзве перамогі над «Урарту» (2:1, 4:0) у кваліфікацыі ЛК. «Тарпеда-БелАЗ» таксама зарабіла 0.500 бала за дзве перамогі над «Работнічкамі» (3:0, 1:0) у кваліфікацыі ЛК. «Дынама» Берасце атрымала 0.250 бала за адну перамогу над «Суцьескай» (2:1) у кваліфікацыі ЛК. Беларусь на дадзеным этапе лепшая за 48 краін Еўропы, чые каманды ўжо ўступілі ў барацьбу за еўракубкі.

А вось у агульным рэйтынгу нашая асацыяцыя ідзе пакуль на 49 месцы з 55. Што на дадзеным этапе дае нам магчымасць выставіць праз сезон ад краіны 4 каманды на еўракубкі. Нагадаю, што пачынала гэты сезон Беларусь з 52 радка.

І некалькі словаў пра бягучае становішча беларускіх камандаў у рэйтынгу УЕФА. Барысаўкі БАТЭ працягвае падаць у рэйтынгу і зараз знаходзіцца на 239 пазіцыі. Менскае «Дынама» на 250. Жодзінскае «Тарпеда-БелАЗ» на 295. Гарадзенскі «Нёман» на 323. Зніклы салігорскі «Шахцёр» пакуль яшчэ на 331. Берасцейскае «Дынама» на 358. «Гомель» на 396. І «Іслач» на 406 з агульных 415 камандаў Еўропы.

Учора адным матчам распачалася стадыя 1/8 фінала Кубка Беларусі па футболе. У наваполацку на «Атланце» «Нафтан» і барысаўскі БАТЭ разыгралі самы сапраўдны футбольны трылер. Спачатку 2 галы забіў «Нафтан» і такі лік трымаўся да 80-й хвіліны матча. Пасля на 82-й хвіліне ў «нафтавікоў» здарыўся аўтагол і на 88 хвіліне Апанасевіч параўняў лік і перавёў гульню ў дадатковы час. І там каманды забілі яшчэ тры галы на двох. Такім чынам лік 3:4 на карысць БАТЭ і ён крочыць у чвэрцьфінал.

Цікава, што гэтая перамога стала для БАТЭ сотай у Кубках Беларусі (у 149 паядынках). Часцей за барысаўскі клуб у гэтым турніры не перамагаў ніхто. Баланс гульняў БАТЭ: +100=17-32, 337-124.
У лік галоўных канкурэнтаў БАТЭ ўваходзяць салігорскі «Шахцёр» – 82 перамогі (у 138 кубкавых сустрэчах) і менскае «Дынама» – 76 (131). 92 перамог з 100 барысаўчане дамагліся ў асноўны час, а яшчэ 8 – як у матчы з «Нафтанам», у дадатковы.

Яшчэ шэраг кубкавых сустрэч чакаюць нас сёння і заўтра. Але адзначым, што гульня «Тарпеда-БелАЗ» і «Смаргоні» перанесена з-за ўдзелу жодзінцаў у еўракубках. З гэтай жа прычыны пазней будуць згуляныя матчы 1/16 фіналу з менскім «Дынама» і «Нёманам», у якіх каманды будуць змагацца за выхад у наступную стадыю з гомельскім «Лакаматывам» і «Слонімам-2017» адпаведна.

Учора ў матчы другога этапа Еўралігі зборная Беларусі па пляжным футболе павінна была згуляць з камандай Латвіі. Як і чакалася, Латвія не выйшла на гульню з беларусамі. Раней мясцовая федэрацыя аб’явіла пра байкот гэтай сустрэчы. Камандзе залічана тэхнічная параза. Наперадзе ў зборнай Беларусі па пляжным футболе сустрэчы са зборнымі Малдовы ды Швайцарыі.

На адкрытым чэмпіянаце Беларусі па лёгкай атлетыцы, які праходзіў у Берасці, у дысцыпліне – спартыўная хадзьба на 35 км на старт выйшлі ў мужчын і жанчын усяго толькі па адным удзельніку.
Уладзімір Калеснік – 2:45.59 (118-ы вынік у свеце, ЧС-2025 – 2:28.00). Ганна Высоцкая – 3:14.19 (89-ы ў свеце, ЧС-2025 – 2:48,00). Як гаворыцца – дайшлі!

Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя