
Падыходзіць да завяршэння групавы этап еўрапейскага адбору на чэмпіянат свету па футболе 2026 года, які пройдзе з 11 чэрвеня па 19 ліпеня ў ЗША, Канадзе і Мексіцы.
У групе С нацыянальная зборная Беларусі згуляла ўнічыю 2:2 на стадыёне «Паркен» у Капенгагене з камандай Даніі. Лік у матчы на 11 хвіліне адкрылі датчане. Пасля нашыя гульцы выдалі фантастычны адрэзак і спачатку на 62 хвіліне лік на табло параўняў паўабаронца казахскага «Кайрата» Валер Грамыка, а пасля на 65 хвіліне з яго паса забіў ужо паўабаронца менскага «Дынама» Мікіта Дземчанка.
Нашая зборная вяла ў ліку да 79 хвіліны, пакуль Ісаксан не забіў гол і не ўратаваў зборную Даніі ад ганебнай паразы. Пры розніцы ўдараў па варотах 34-7 на карысць скандынаваў.
2:2 і падапечныя Карласа Алоса набралі першы бал у адборачным раундзе. Для гэтага ім спатрэбілася 5 гульняў.
Таксама беларусы забілі больш за адзін мяч у афіцыйным матчы ўпершыню з 2023-га. 15 кастрычніка 2023 года каманда змагла згуляць з лікам 3:3 са Швайцарыяй у 8-м туры групавога этапа кваліфікацыі чэмпіянату Еўропы.
Пасля гэтага каманда ў 12 матчах афармляла максімум адзін забіты мяч у вароты супернікаў.
Таксама ў нашай групе Грэцыя перамагла Шатландыю з лікам 3:2.
Становішча ў групе С (пасля 5 матчаў). 1.Данія – 11 ачкоў. 2.Шатландыя – 10. 3.Грэцыя – 6. 4.Беларусь – 1.
Іншыя вынікі суботніх матчаў.
Казахстан досыць сенсацыйна згуляў унічыю 1:1 з Бельгіяй. Пры чым бельгійцы па ходзе матча адыгрываліся, а казахі апошнія 15 хвілін дагульвалі ў меншасці.
Кіпр саступіў Аўстрыі 0:2. Дублем адзначыўся Марка Арнаўтавіч.
Грузія была разгромленая Гішпаніяй з лікам 0:4.
Ліхтэнштайн саступіў Уэльсу з лікам 0:1.
Турцыя з лікам 2:0 перамагла Балгарыю.
Боснія і Герцагавіна ў валявым стылі перайграла каманду Румыніі з лікам 3:1.
Зборная Косава на выездзе перамагла Славенію – 2:0.
Для Косава гэта 9-я перамога ў апошніх 12 матчах пры 2 паразах і 1 нічыёй.
Каманда ўжо забяспечыла сабе выхад у плей-оф кваліфікацыі ЧС.
Швайцарыя перамагла Швецыю з лікам 4:1.
Учорашні дзень прынёс наступныя вынікі.
Зборная Партугаліі заваявала пуцёўку на чэмпіянат свету.
У апошнім туры партугальцы без дыскваліфікаванага Крышціяну Раналду перамаглі каманду Арменіі – 9:1.
Каманда набрала 13 ачкоў і заняла першае месца ў групе, якое выводзіць яе на чэмпіянат свету напрамую.
Для Партугаліі гэта 9-ы выхад ў фінальную частку чэмпіянату.
Зборная Ірландыі выйшла ў плэй-оф адборачнага турніру да чэмпіянату свету.
У апошнім туры групавога турніру ірландцы на выездзе у валявым стылі абыгралі зборную Венгрыі – 3:2.
Каманда набрала 10 ачкоў і заняла другое месца ў групе F. Венгры засталіся трэцімі – 8 ачкоў.
Фактычна зрабіў хет-трык і вывеў сваю зборную ў плэй-оф нападаючы Трой Пэрат. Вырашальны мяч ён забіў на 90+6-й хвіліне.
Зборная Англіі пад кіраўніцтвам Томаса Тухеля таксама выйшла на мундыяль, здабыўшы перамогу ва ўсіх васьмі матчах кваліфікацыйнага цыкла.
Англічане аформілі заключную перамогу ў групе, абыграўшы зборную Албаніі з лікам 2:0. Каманда набрала максімальна магчымыя 24 ачкі і заняла першае месца ў групе K, дзе таксама выступалі Сербія, Латвія і Андора.
У васьмі матчах адбору Англія здабыла сухія перамогі, ні разу не прапусціўшы пры розніцы мячоў 22:0.
Галоўны трэнер Томас Тухель узначальвае каманду са студзеня бягучага года. За час яго працы зборная дамаглася 9 «сухіх» перамог з агульным лікам 25:0, прайграўшы толькі адзін таварыскі матч Сенегалу (1:3).
Францыя дабілася валявой перамогі з лікам 3:1 у Баку над камандай Азербайджана.
Яшчэ адна валявая перамога ўчора была зафіксаваная ў Белградзе, дзе Сербія з лікам 2:1 перайграла Латвію.
Зборная Украіны таксама згуляе ў плэй-оф за выхад у фінальную частку ЧС.
У апошнім матчы кваліфікацыі ўкраінцы абыгралі Ісландыю – 2:0. Каманда набрала 10 ачкоў.
Украінцы занялі другое месца. Выйграла групу Францыя – 16 ачкоў.
Матчы плэй-оф адбудуцца 26 і 31 сакавіка 2026 года.
Ізраіль перайграў Малдову, якая з 18 хвіліны грала ўдзесяцёх, з лікам 4:1.
З такім самым лікам 4:1 Нарвегія перайграла Італію на іх полі. Пры тым, што італьянцы забілі гол першымі. У складзе Нарвегіі чарговым дублем адзначыўся Эрлінг Холанд. Прычым зрабіў гэта цягам адной хвіліны.
Такім чынам Нарвегія ўпершыню з 1998 года прабілася на мундыяль. Тады на турніры, які праходзіў у Францыі, нарвежцы дайшлі да 1/8 фіналу.
А вось італьянцы, якія адпраўляюцца ў стыкавыя матчы, рызыкуюць прапусціць трэці для сябе запар чэмпіянат свету па футболе.
У суботу зборная Беларусі да 19 гадоў пад кіраўніцтвам Сяргея Сасноўскага правяла матч групавога этапа кваліфікацыі чэмпіянату Еўропы-2026 з аднагодкамі з Турцыі і зноў прайграла з лікам 0:2.
Нагадаем, што 12 лістапада каманда з такім самым вынікам прайграла Грэцыі.
Турнірнае становішча групы 3: 1.Турцыя – 6 ачкоў. 2. Грэцыя – 6. 3.Беларусь – 0. 4. Ліхтэнштайн – 0.
Дзве найлепшыя каманды групы, а таксама лепшае трэцяе месца сярод усіх групаў далучацца да Гішпаніі ў элітным раундзе вясной 2026 года.
Гэтая стадыя вызначыць 7 зборных, якія разам з Уэльсам летам згуляюць у фінальным турніры.
ФК «Баранавічы» за тур да завяршэння сезона гарантаваў сабе першае месца ў Першай лізе чэмпіяната Беларусі па футболе. У суботу на выездзе клуб абыграў «Ліду» з лікам 2:1.
«Баранавічы» набралі 74 турнірныя балы і сталі недасягальнымі для супернікаў. Найбліжэйшы магілёўскі «Дняпро» цяпер адстае на сем балаў.
Нагадаем, «Баранавічы» ўпершыню ў сваёй гісторыі прабіліся ў Вышэйшую лігу.
Прайшоў фінал выніковага тэніснага турніру ATP у Турыне.
Першая ракетка свету гішпанец Карлас Алькарас прайграў другой ракетцы італьянцу Яніку Сінэру 0:2 – 6:7, 5:7.
Матч доўжыўся 2 гадзіны і 4 хвіліны.
Для Алькараса гэты фінал выніковага турніру стаў першым у кар’еры, тады як Сінэр згуляў у ім трэці раз запар – у мінулым годзе ён таксама стаў пераможцам.
Увогуле, гэта яго 23-і тытул у кар’еры і 6-ы ў сезоне.
Лік у асабістых супрацьстаяннях 10:6 на карысць гішпанца.
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя






