
На Сэйшэльскіх выспах завяршыўся чэмпіянат свету па пляжным футболе. У фінальным матчы зборная Бразіліі перамагла каманду Беларусі 4:3 і заваявала залатыя ўзнагароды. У фінале было вельмі роўнае змаганне, беларусы прайгравалі 0:1 і 1:3, але здолелі параўняць лік. Двойчы забіў Ігар Брыштэль. Але ў канцоўцы прапусцілі вельмі крыўдны гол у контратацы, калі мяч паляцеў у сетку па непрадказальнай траекторыі. Беларусь пад кіраваннем іспанскага трэнера Нікаласа Альварада ўпершыню ў гісторыі мае сярэбраныя ўзнагароды. А Брыштэль у выніку стаў лепшым бамбардзірам усяго чэмпіянату – 11 галоў і ў дадатак атрымаў сярэбраны мяч у намінацыі на MVP.
У матчы за бронзу дружына Партугаліі з вялікімі намаганнямі ледзь адолела зборную Сенегала – 3:2.
«Лех» выбіўся ў лідары
У 32-м туры польскай экстракласы прайшло некалькі надзвычай важных матчаў. Беластоцкая “Ягелонія” пасля серыі няўдалых матчаў мела выезд у суботу ў Чанстахову, дзе трымала выпрабаванне лідарам першынства – мясцовым “Ракувам”. Беластачане перамаглі 2:1 і захавалі сваю трэцюю пазіцыю ў табліцы. Адзін з іх канкурэнтаў – “Пагоня” з Шчэціна прайграла ў Радаме – 0:2. «Яга» мае зараз 59 ачкоў, у шчэцінцаў – 53 і гульня ў запасе.
У нядзелю сустрэліся іншыя прэтэндэнты на медалі. Варшаўская «Легія» прымала познаньскі «Лех». Першы тайм галоў не прынёс. А вось у другой палове «Лех» здолеў забіць і вырваў каштоўнейшыя 3 ачкі. Такім чынам познаньцы абышлі «Ракув» у табліцы – у іх зараз адпаведна 66 і 65 ачкоў.
«Карона» (Кельцэ), у складзе якой выступае беларус Яўген Шыкаўка, саступіла ў Гданьску «Лехіі» – 2:3.
Голавы фестываль у Барселоне
У іспанскай прымеры прайшло чаканае «эль-класіка». У Барселоне аднайменны клуб прымаў зацятага суперніка – мадрыдскі «Рэал». Гэта была не проста сустрэча, а фактычна бітва за чэмпіёнства. Спатканне стала сапраўдным гімнам атацы, гэткім феерычным спектаклем. У складзе мадрыдцаў хет-трыкам вызначыўся Кіліян Мбапэ, але ў выніку фестывалілі каталонцы – 4:3. Яшчэ шэраг галоў у матчы былі ануляваныя.
У гэтым жа туры мадрыдскі «Атлетыка» разграміў на сваім стадыёне «Рэал-Сасьедад» – 4:0. Прычым усе чатыры мячы забіў нарвежскі форвард Аляксандар Сёрлат – ён аформіў покер у першым тайме ўсяго за 23 хвіліны (!).
«Ньюкасл» даганяе «Арсенал»
У ангельскай прэм“ер-лізе «Ліверпуль», які ўжо аформіў чэмпіёнства, сустракаўся з другой камандай – лонданскім «Арсеналам». Брытанскі флагман вёў у ліку, але пасля збавіў абароты – выніковыя 2:2. Да «кананіраў» на адлегласць «выцягнутай рукі» (двух ачкоў) падцягнуўся «Ньюкасл», які разабраўся з лонданскім «Чэлсі» – 2:0 і ідзе цяпер трэцім у гонцы.
Гарадзенскі «Нёман» коціцца ў прорву
У чэмпіянаце Беларусі па футболе прайшлі сустрэчы 8-га тура. Берасцейскае «Дынама», якое апошнім часам дэманструе прывабную гульню, упэўнена перамагло ў Барысаве мясцовы БАТЭ – 4:2. Два галы запісаў на свой рахунак Арцём Быкаў. «Маладэчна» пацярпела 8-ю паразу запар – на гэты раз дома ад «Гомеля» – 0:1. Менскае «Дынама» у канцоўцы не ўтрымала сваю перавагу над «Іслаччу» – была зафіксаваная выніковая нічыя 2:2.
Гарадзенскі «Нёман» у абласным дэрбі на сваім стадыёне павінен быў узяць тры ачкі ў «Смаргоні», аднак зноў выявіў нягегласць і ўшчэнт расчараваў сваіх прыхільнікаў. Матч ішоў да «нулёўкі», аднак у даданы час нёманцы ўмудрыліся прапусціць – 0:1 – першая вікторыя «Смаргоні» у бягучым чэмпіянаце.
У панядзелак пройдуць два заключныя матчы тура: «Нафтан» (Наваполацк) – «Тарпеда» (Жодзіна) і «Славія» (Мазыр) – «Макслайн» (Віцебск). Віцебскі клуб з 17 ачкамі ўзначальвае пелатон, другім ідзе берасцейскае «Дынама» – 15.
Нязломны характар суомі
На хакейным чэмпіянаце свету, што праходзіць у Даніі і Швецыі, працягваюцца гульні папярэдняга этапу. Пакуль фаварыты пацвярджаюць свой статус. Вельмі ўпэўнена глядзіцца зборная ЗША, якая дамаглася другой буйнай вікторыі з сухім лікам – на гэта раз 6:0 над Венгрыяй. Канада таксама не пакінула шанцаў Латвіі – 7:1. Германія была мацнейшай за Казахстан – 4:1. Славакія перамагла Славенію – 3:1 і здабыла першыя ачкі. Чэхія з цяжкасцю ўзяла верх над Нарвегіяй – 2:1. Драматычна склаўся матч Францыі і Фінляндыі. За адну хвіліну да канца «трохкаляровыя» выйгравалі 3:1, але суомі ўсё ж параўнялі лік. А ў авертайме даціснулі супернікаў – 4:3.
ЗША і Германія лідзіруюць у групе «В» – па 6 ачкоў. У актэце А такі ж максімум пунктаў набралі Канада і Швецыя. Асноўныя ж падзеі на форуме яшчэ наперадзе.
Х. Каменскі, Беларускае Радыё Рацыя






