
На чэмпіянаце свету па пляжным футболе, што праходзіць на Сэйшэльскіх выспах, працягвае паспяхова выступаць футбольная зборная Беларусі. У чвэрцьфінальным паядынку каманда пад кіраваннем Нікаласа Альварада ва ўпартым змаганні перамагла дружыну Ірана – 4:3. Беларусы прапусцілі гол у першым перыядзе, а ў другім Ігар Брыштэль з пенальці параўняў лічбы на табло. Але асноўныя падзеі разгарнуліся ў апошняй траціне матча – той жа Брыштэль, а потым хутка Гардзецкі і Рабко вывелі наперад Беларусь. Іранцы здолелі скараціць розніцу да мінімуму, але далей ідзе зборная Беларусі. Дадам, што яна дамаглася такога выніку другі чэмпіянат запар. У паўфінале Беларусь сустрэнецца з Сенегалам. Афрыканскія пляжнікі толькі ў дадатковы час за 2 секунды да фінальнага свістка здолелі зламаць супраціў каманды Італіі – 4:3. Іншыя паўфіналы скончыліся так: Партугалія – Японія – 7:6, а Бразілія літаральна разграміла Іспанію – 6:0. Так што маем іншы партугальскамоўны фінал.
Жодзінскае «Тарпеда» выйшла ў фінал Кубка Беларусі
У фінале Кубку Беларусі па футболе сустрэнуцца гарадзенскі «Нёман» і жодзінскае «Тарпеда-БелАЗ». Гэта стала вядома пасля таго як учора жодзінцы адолелі ў гасцях віцебскі «Макслайн» – 1:0. Вырашальны мяч забіў на 64-й хвіліне Кірыл Глушчанкоў. А ў першым матчы было 0:0. Фінальны паядынак пройдзе ў Гародні 24 траўня. «Нёман» будзе бараніць свой статус уладальніка Кубку краіны. А берасцейскае «Дынама», дзякуючы вікторыі жодзінцаў, атрымала месца ў Лізе канферэнцый.
Нас чакае брытанскі фінал футбольнай Лігі Еўропы
Позна ўвечары ў чацвер у футбольнай Лізе Еўропы вызначыліся паўфіналісты. «Манчэстэр юнайтэд», які нечакана ў першым паядынку разграміў на выездзе ў Більбао «Атлетык» – 3:0, дома павінен быў аформіць фармальнасць. Чаму натуральна заупарціліся баскі. Да перапынку яны здолелі адыграць адзін мяч. Але пасля антракту манкуніанец Мэйсан Маўнт аформіў маленькі шэдэўр і зняў пытанні. Далей гаспадары дабілі «Атлетык» галамі Каземіра, Хойлунда і яшчэ раз Маўнта – 4:1 і ажно 7:1 (!) па суме.
У іншым спаборы інтрыга была не на шмат жывейшая. Лонданскі «Тотэнхэм», які дома разабраўся 3:1 з нарвежскім «Будзё Глімт», у гасцях гуляў на ўтрыманне сваёй перавагі, а ў другім тайме яшчэ двойчы дамогся поспеху – 2:0 і агульныя 5:1.
Ліга канферэнцый: за трафей пазмагаюцца “Беціс” і «Чэлсі»
Тая ж сама стадыя прайшла і ў Лізе канферэнцый. Тут асноўная ўвага была прыцягнута да двубою фларэнційскай «Фіярэнціны» і севільскага «Беціса». Напомню, што ў першай сустрэчы мінімальную вікторыю 2:1 здабыў андалузскі клуб. «Фіялкі» на сваім полі былі поўныя рашучасці ўзяць рэванш. І хоць першымі мясцовых заўзятараў засмуціў бразілец Антані цудоўным стрэлам са штрафнога, да перапынку італьянскі клуб адыграў гандыкап. Двойчы пасля падавання корнераў нямецкі легіянер Робін Госенс трапна дасылаў мяч у сетку супернікаў галавой. Змаганне дайшло да дадатковага часу, дзе ўдача заслужана ўсміхнулася іспанскай камандзе – 2:2.
Лонданскі «Чэлсі» у расслабляльным рэжыме праштампаваў свой выхад у фінал, забіўшы шведскаму «Юргордэну» у першым тайме і збавіўшы абароты ў другім – 1:0 і 5:1 агулам.
Такім чынам у вырашальным матчы за трафей сустрэнуцца “Беціс” і «Чэлсі»
У баскетбольным першынстве Беларусі вырашальныя матчы
У чэмпіянаце Беларусі ідзе фінальная серыя ў жанчын. Саступіўшы «Мінску» у першым матчы, у другім паядынку сталічны «Гарызонт» паспяхова рэваншаваўся – упэўнена перамогшы 72:57. Лік стаў 1-1.
У мужчынскім паўфінальным спаборы віцебскі «Рубон» досыць нечакана пераканаўча адолеў «Гродна-93» – 81:69. Найбольш выніковымі ў гаспадароў пляцоўкі сталі Марсель Аўсепян — 17 ачкоў і 9 падбораў і ветэран Максім Шустаў — 14 пунктаў, у гарадзенцаў лепшым быў у гэты дзень Аляксей Трасцінецкі – 14 ачкоў і 8 падбораў. У серыі да трох перамог пакуль наперадзе прынёманскія баскетбалісты – 2-1. Чарговы матч пройдзе ў Віцебску 10 траўня. А іншы фіналіст ужо вядомы – «Мінск» адолеў магілёўскі «Барысфен» – 81:78 і выйграў серыю 3-0.
Х. Каменскі, Беларускае Радыё Рацыя