BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Беларус Залаты выйграў бронзу этапу Кубка свету па веславанні

У швейцарскім Люцэрне завяршыўся другі этап розыгрышу Кубка свету па акадэмічным веславанні з удзелам беларусаў. Прызёрам спаборніцтваў у класе мужчынскіх адзіночак стаў беларус Яўген Залаты. Ён перамог у папярэднім заездзе, чвэрцьфінале і паўфінале, а ў вырашальным заездзе прыйшоў да фінішу трэцім, саступіўшы толькі нідэрландцу Сімону ван Дорпу і немцу Оліверу Цайдлеру. Блізкая да медаля этапу Кубка свету ў жаночай адзіночцы была і Таццяна Клімовіч. У фінале А беларуская вяслярка заняла чацвёртае месца, саступіўшы бронзавай пазіцыі крыху больш за дзве секунды.

Беларускія барцы выйгралі восем медалёў маладзёжнага чэмпіянату Еўропы ў Баку

У сталіцы Азербайджана Баку завяршыўся маладзёжны чэмпіянат Еўропы па барацьбе. Удзел у спаборніцтвах прынялі каля 400 спартсменаў не старэйшых за 23 гады з 32 краін. У заключны дзень турніру прадстаўнікі Беларусі маглі папоўніць камандную скарбонку двума медалямі, але пацярпелі няўдачы. У сутычцы за бронзу ў вазе да 61 кг сярод барцоў вольнага стылю Ягор Рудаўскі саступіў азербайджанцу Нурадзіну Наўрузаву, а ў катэгорыі да 86 кг Ілья Хамцоў таксама ў паядынку за трэці радок прайграў Эмрэ Чыфтчы з Турцыі. Такім чынам, на рахунку беларускай дэлегацыі засталося восем медалёў кантынентальнага форуму (3 залатых 2 срэбраных і 3 бронзавых).

Менскае “Дынама” узнялося на трэцяе месца ў чэмпіянаце Беларусі

Футбалісты менскага “Дынама” узняліся на трэцяе месца ў турнірнай табліцы чэмпіянату Беларусі. У Мазыры дзейныя чэмпіёны краіны выйгравалі ў “Славіі” пасля дакладнага ўдару Мікіты Дземчанкі, але не ўтрымалі перамогу, прапусціўшы мяч ад Андрэя Шэмрука – нічыя 1:1. Таксама дзяржынскі “Арсенал” абыграў барысаўскі БАТЭ з лікам 2:0, а ў Салігорску мясцовы “Шахцёр” і футбалісты “Смаргоні” не выявілі пераможцу – нічыя 2:2. Раней у цэнтральным паядынку гэтага тура футбалісты жодзінскага “Тарпеда-БелАЗа” з лікам 1:0 адолелі на выездзе берасцейскае “Дынама” і ўзначалілі турнірную табліцу. Футбалісты “Слуцка” нечакана перамаглі на сваім полі гарадзенскі “Нёман” – 2:0, “Іслач” разграміла “Менск” 3:0, “Віцебск” у сябе дома ўзяў верх над наваполацкім “Нафтанам” – 2:0. У заключным паядынку 10-га тура футбалісты “Дняпра” згуляюць у Магілёве з “Гомелем”.

Чэхія выйграла хатні чэмпіянат свету па хакеі

У фінале Чэхія выйграла ў Швейцарыі — 2:0. Спачатку шайбу ў гульні ў сярэдзіне трэцяга перыяда закінуў Давід Пастрняк. А потым на 20-й хвіліне чэхі паставілі кропку дакладным кідком Давіда Кампфа. Чэхія сёмы раз стала чэмпіёнам свету па хакеі, прычым упершыню з 2010 года. Зборная Чэхаславакіі ў свой час была чэмпіёнам свету шэсць разоў. Пасля поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну зборныя Беларусі і Расеі адхіленыя ад міжнародных спаборніцтваў.

Беларускае Радыё Рацыя