BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Беларусь засталася на 98-м месцы рэйтынгу ФІФА

ФІФА абнавіла рэйтынг нацыянальных зборных. Беларусь пасля лістападаўскіх вынікаў у Лізе нацый з Паўночнай Ірландыяй, у якім яна перамагла 2:0, і Балгарыяй, у якім згуляла ўнічыю 1:1, па-ранейшаму займае 98 месца.

У першай пяцёрцы зменаў няма. Лідарам спісу з’яўляецца нацыянальная каманда Аргенціны, далей ідуць Францыя і Іспанія.

Менскае “Дынама” завершыць выступ у Лізе канферэнцый УЕФА матчам у Афінах

Футбалісты менскага “Дынама” сёння правядуць заключны матч групавога этапу Лігі канферэнцый УЕФА супраць грэчаскага “Панацінаікоса” ў Афінах. Арбітрам матчу прызначаны Роберт Хенесі з Ірландыі. У папярэднім туры менчукі перамаглі паўночнаірландскі “Ларн” 2:0, спыніўшы серыю паразаў. “Панацінаікос” у групавым этапе мае дзве перамогі, адну нічыю і дзве паразы паражэнні. У чэмпіянаце Грэцыі афінскі клуб займае чацвёртае месца. Пасля пяці гульнявых дзён мінскае “Дынама” знаходзіцца на 33-м месцы, а “Панацінаікос” — на 18-м сярод 36 удзельнікаў. Лідыруе ў турніры лонданскі “Чэлсі” з 15 ачкамі. Таксама сёння беластоцкі футбольны клуб “Ягелонія” правядзе заключны матч групавога этапу Лігі канферэнцый УЕФА. Супернікам беластачан стане “Алімпія” з Любляны. Паядынак адбудзецца на хатнім стадыёне “Мейскі” ў Беластоку, пачатак — у 21:00 гадзіну.

Сяргей Карповіч развітаўся з “Нёманам”

Абаронца Сяргей Карповіч пакінуў футбольны клуб “Нёман” пасля заканчэння тэрміну дзеяння кантракта. У мінулым сезоне 30-гадовы футбаліст правёў 32 матчы за гарадзенскую каманду ва ўсіх турнірах, у якіх двойчы адзначыўся забітымі мячамі. “Нёман” завяршыў чэмпіянат на 2-м месцы, набраўшы 65 ачкоў.

Карла Анчалоці стаў самым тытулаваным трэнерам у гісторыі “Рэала”

Галоўны трэнер мадрыдскага “Рэала” Карла Анчалоці заваяваў свой 15-ы трафей на чале клуба, выйграўшы Міжкантынентальны кубак. У фінале “Каралеўскі клуб” перамог мексіканскую “Пачуку” з лікам 3:0. Гэты поспех дазволіў італьянскаму спецыялісту стаць самым тытулаваным трэнерам у гісторыі “Рэала”. Ён абышоў легендарнага Мігеля Муньёса, у якога 14 тытулаў, і Зінедзіна Зідана, які займае трэцяе месца з 11 трафеямі. Анчалоці ўзначальваў “Рэал” з 2013 па 2015 год, а ў 2021 годзе вярнуўся на пасаду галоўнага трэнера. Яго імя цяпер цвёрда асацыюецца з залатымі старонкамі гісторыі “Каралеўскага клуба”.

Сабаленка ўвайшла ў топ-5 самых высокааплатных спартовак свету па версіі «Forbes»

Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка, якая ўзначальвае рэйтынг WTA, заняла 5-е месца ў спісе самых высокааплатных спартовак свету па версіі «Forbes» за 2024 год. Яна атрымала па выніках года 18 мільёнаў 700 тысяч даляраў. З іх 9 мільёнаў 700 тысяч даляраў прызавых і 9 мільёнаў спонсарскіх грошай. Лідарства ў рэйтынгу захапіла амерыканская тэнісістка Коры Гаўф, якая знаходзіцца на 3-й пазіцыі ў сусветным тэнісным рэйтынгу і зарабіла больш за 34 мільёны даляраў. Полька Іга Свёнтэк на другім месцы, зарабіўшы 23 мільёны 800 тысяч даляраў.

Беларускае Радыё Рацыя