BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Беларус заваяваў 14 залаты медаль на Летніх алімпійскіх гульнях з часоў незалежнасці

Надзвычай медальнай выдалася пятніца для беларускіх спартоўцаў. Пасля срэбра ў скачках на батуце, якое заваявала Віялета Бардзілоўская, увечары ў той жа дысцыпліне стаў алімпійскім чэмпіёнам яе малады чалавек – Іван Літвіновіч. 23-гадовы вілейчук высокія вынікі пачаў паказваць яшчэ ў юнацкім узросце, неаднаразова быў чэмпіёнам і медалістам чэмпіянатаў свету і Еўропы сярод юніёраў. З 2019 года стаў выступаць на дарослых спаборніцтвах, дзе ў яго таксама былі немалыя дасягненні, найвышэйшае з якіх — золата Алімпіяды 2021 года ў Токіа. Цяпер ён стаў першым у гісторыі Алімпійскіх гульняў двухразовым чэмпіёнам у скачках на батуце. А для Беларусі гэта 14 залаты медаль на Летніх алімпійскіх гульнях з часоў незалежнасці.

Яшчэ адна беларуска – Анастасія Шкурдай увечары пятніцы брала ўдзел у фінальным заплыве на 200 м на спіне. Яна паказала толькі восьмы вынік, пераадолеўшы дыстанцыю за 2 хвіліны 10 цэлых і 23 сотыя секунды. Золата тут узяла аўстралійка Келі Макейн, якая прыплыла на фініш на 6 з паловай секунды раней за беларуску.

Польская тэнісістка Іга Свёнтэк без асаблівых цяжкасцяў перамагла ў гульні за бронзавы медаль у славачкі Анны-Караліны Шмідлавай у двух сэтах 6:2, 6:1. Лёс алімпійскага золата вырашыць паміж сабою сёння кітаянка Сінвэнь Жэнь і харватка Дона Векіч.

У міксце бронзавы медаль заваявала канадская пара – Фелікс Ажэ-Альясім і Габрыела Даброўскі, якія перамаглі нідэрландскую пару Уэса Колхафа і Дэмі Схюрс 6:3, 7:6.

Лёс жа алімпійскага золата ў гэтай дысцыпліне вырашыўся ў сустрэчы чэхаў Томаша Махача і Кацярыны Сіняковай супраць кітайскай пары Чжычжэнь Чжан і Сіньюй Ван. Дзе чэшская пара перамагла з лікам 6:2, 5:7, 10:8.

Такім чынам у медальным заліку на першым месцы па-ранейшаму ідуць кітайскія спартоўцы з 13 залатымі медалямі. На другім месцы французы, на трэцім аўстралійцы, якія маюць па 11 медалёў вышэйшага гатунку. У польскай зборнай 4 медалі – адно срэбра і тры бронзы і агульнае 38 месца. А вось беларускія спартоўцы, якія выступаюць у нейтральным статусе, са сваім золатам і срэбрам маглі б быць зараз на 25 месцы. Але ў афіцыйным медальным заліку яны ідуць па-за конкурсам. У выніку накладзеных штрафных санкцый, за саўдзел Беларусі ў вайне ва Украіне.

І да навінаў з беларускіх футбольных палёў. Двума матчамі сёння распачаўся другі круг чэмпіянату Беларусі па футболе ў Вышэйшай лізе. «Віцебск» у сябе дома перамог салігорскі «Шахцёр» з лікам 2:1. А некалі грозны барысаўскі «БАТЭ» працягвае сваё падзенне і сенсацыйна прайграў на «Барысаў-Арэне» аўтсайдару ФК «Мінск» з мінімальным лікам 0:1.

Беларускае Радыё Рацыя