Міжнародны алімпійскі камітэт пакінуў без зменаў умовы ўдзелу спартоўцаў ад Беларусі і Расеі на Зімовых Алімпійскіх гульнях у Мілане і Карціна-д’Ампеца ў 2026 годзе. Яны застануцца такімі самымі, якія дзейнічалі для Алімпіяды-2024 у Парыжы.

Ніякія каманды ад Беларусі і Расеі ў спаборніцтвах удзельнічаць не змогуць. Тыя ж атлеты, якія прайшлі кваліфікацыю і маюць беларускі ці расейскі пашпарт, змогуць выступаць толькі як нейтральныя індывідуальныя спартоўцы пад нейтральным сцягам і гімнам.
На Алімпіяду не будуць дапушчаныя спартоўцы і персанал, якія актыўна падтрымліваюць вайну або знаходзяцца на кантракце ва Узброеных сілах Беларусі і Расеі, а таксама ў нацыянальных структурах бяспекі.
Нейтральныя спартоўцы не будуць удзельнічаць у парадзе дэлегацый на цырымоніі адкрыцця, але змогуць прысутнічаць на ёй. Пытанне ўдзелу ў цырымоніі закрыцця будзе вырашацца падчас саміх гульняў.
Як і на Алімпіядзе ў Парыжы, для ацэнкі допуску спартоўцаў будзе створаная адмысловая Камісія па разглядзе допуску індывідуальных нейтральных спартоўцаў.
Учора былі згуляныя першыя два матчы 22 тура у Вышэйшай лізе чэмпіяната Беларусі па футболе.
Наваполацкі «Нафтан» разграміў на сваім полі «Маладэчна» з лікам 5:0. Гэта найбуйнейшая перамога каманды ў ЧБ за апошнія 11 год. У матчы 2 жніўня 2014 года клуб аформіў сем мячоў у вароты берасцейскага «Дынама» (7:0).
Таксама гэта першая ў сезоне-2025 трохматчавая серыя без параз для «Нафтана». Пасля 22 сустрэч вышэйшай лігі «Нафтан» з 22 баламі ідзе на 12 месцы ў турнірнай табліцы. «Маладэчна» займае апошні, 16-ы, радок з 10 ачкамі – на рахунку каманды 50 прапушчаных мячоў у ЧБ пры 14 забітых.
«Смаргонь» досыць нечакана здабыла перамогу ў Жодзіне над мясцовым «Тарпеда-БелАЗ» з лікам 1:0.
Адным матчам учора распачаўся 25 тур у розыгрышы Першай лігі чэмпіяната Беларусі па футболе.
«Слонім-2017» на сваім полі з буйным лікам 4:1 перайграў «Оршу».
Два матчы 9 тура ўчора былі згуляныя ў польскай футбольнай Экстракласе.
Новы клуб беларускага форварда Іллі Шкурына «ГКС» у Катавіцах прайграў кракаўскай «Краковіі» з буйным лікам 0:3. Ілля выйшаў у асноўным складзе і ўжо пры ліку 0:3 быў заменены на 62 хвіліне гульні.
Беластоцкая «Ягелонія» ўчора здабыла перамогу ў Плоцку над «Віслай». Адзіны гол у стане «жоўта-чырвоных» забіў на 82 хвіліне гульні з пенальці Афіміка Пулулу. І такім чынам «Ягелонія» ўзнялася на 3 месца і адстае зараз ад першага на 1 ачко, маючы гульню ў запасе.
У працяг беларусаў у польскім футболе – сасновецкі «Заглембе» абыграў «Шчэцін» (3:0) у матчы 9-га тура Д3 Польшчы. Беларускі форвард «Заглембе» Яўген Шыкаўка выйшаў у стартавым складзе і на 75-й хвіліне вызначыўся забітым мячом, таксама ён зарабіў жоўтую картку на 59-й хвіліне і быў заменены на 76-й. У бягучым сезоне 32-гадовы беларус згуляў восем матчаў, на яго рахунку чатыры галы. Пасля васьмі тураў «Заглембе» ідзе 8-м з дванаццаццю ачкамі.
Учора ў беларускай хакейнай Экстралізе былі згуляныя першыя тры матчы 6 тура рэгулярнага чэмпіяната. «Брэст» саступіў «Дынама-Маладэчна» з лікам 2:4. Гарадзенскі «Нёман» з мінімальным лікам 1:0 перайграў «Віцебск». І менскае «Юнацтва» перайграла «Гомель» – 4:2.
Аб’яўлена сімвалічная зборная 2-га тура групавога этапа Лігі чэмпіёнаў па гандболе. Нягледзячы на выязную паразу «Кельцаў» ад партугальскага «Спортынгу» (37:41), у гэты спіс увайшоў беларускі лінейны польскага клуба Арцём Каралёк, які рэалізаваў усе 6 сваіх кідкоў у браму суперніка.
Беларуска з польскім пашпартам Марыя Жодзік, якая жыве і трэніруецца ў Беластоку, прайшла ў фінал чэмпіянату свету па лёгкай атлетыцы ў Токіа. У кваліфікацыі ў скачках у вышыню Жодзік з першай спробы ўзяла 1,92 метра. Кваліфікацыйны парог складаў 1,97 метра, аднак гэтую планку ўзялі толькі 11 чалавек. У выніку ў фінал уключылі не 12, а адразу 16 удзельніц: на 12-е месца адначасова прэтэндавалі пяць спартсменак з аднолькавым вынікам, і ў такой сітуацыі дапускаюць усіх. Жодзік заняла агульнае восьмае месца ў паўфінале, што дазволіла ёй выйсці ў фінал. У гэтым сезоне Жодзік ужо пабіла ўласны рэкорд, узяўшы вышыню 1,98 метра. Фінал спаборніцтваў адбудзецца 21 верасня.
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя






