Зборная Беларусі па пляжным футболе даведалася пра супернікаў у групавым этапе Суперфіналу Еўралігі, які пройдзе ў італьянскім Альгера.
У папярэдняй групе В беларусы сустрэнуцца з камандамі Малдовы, Швейцарыі і Францыі. У квартэце А выступяць зборныя Італіі, Іспаніі, Германіі і Эстоніі, у групе C згуляюць Партугалія, Польшча, Данія і Чэхія. Па выніках групавога этапа, які пройдзе з 10 па 12 верасня, у чвэрцьфінал выйдуць па дзве найлепшыя каманды. Турнір завершыцца 15 верасня. На маючым адбыцца турніры ў Італіі склад зборнай Беларусі папоўніць адзін з яе лідараў – найлепшы бамбардзір ЧС-2024 Ігар Брыштэль.
У мінулым сезоне гэты турнір выйгралі італьянцы.
Менскае “Дынама” згуляе з “Пюнікам” у кваліфікацыі Юнацкай лігі УЕФА
У швейцарскім Ньёне прайшло лёсаванне першага кваліфікацыйнага раўнда Юнацкай лігі УЕФА. Супернікамі футбалістаў менскага “Дынама” (U-19) будуць аднагодкі армянскага “Пюніка” з Ерэвана. Першы паядынак падначаленыя Дзмітрыя Лянцэвіча правядуць 18 верасня, у адказ – 3 кастрычніка. Зусім нядаўна галоўныя каманды гэтых клубаў сустракаліся на старце кваліфікацыі дарослай Лігі чэмпіёнаў, і тады па суме двух паядынкаў менскія дынамаўцы апынуліся мацнейшымі – 0:0 і 1:0. У другім раўндзе Юнацкай лігі УЕФА пераможца сустрэч “Дынама” і “Пюніка” будзе супернічаць з харвацкім клубам “Лакаматыў” з Заграба.
У мінулым сезоне трыумфатарам Юнацкай лігі сталі футбалісты грэчаскага “Алімпіякаса”, якія выйгралі ў фінале ў італьянскага “Мілана” з лікам 3:0.
Суарэс анансаваў завяршэнне кар’еры ў зборнай Уругвая
Былы нападнік «Барселоны» і «Ліверпуля» Луіс Суарэс абвясціў пра завяршэнне кар’еры ў зборнай Уругвая. Апошняя гульня 37-гадовага футбаліста адбудзецца ў ноч на 7 верасня супраць Парагвая ў рамках кваліфікацыі ЧС-2026. «Шмат думаў пра гэта і аналізаваў, час прыйшоў. Сыходжу са спакойнай душой, таму што аддаў зборнай усё, што мог. Вельмі радуе, што раблю гэта па ўласным жаданні, а не з-за траўм ці адсутнасці ў складзе. Спадзяюся на вялікае святкаванне і перамогу каманды, таму што гэта ўсё яшчэ кваліфікацыя ЧС, на кану тры ачкі, і мы павінны паставіцца да гэтага сур’ёзна», – сказаў Суарэс на прэс-канферэнцыі. Свой першы матч за зборную Луіс згуляў у лютым 2007-га супраць Калумбіі. У той гульні ён быў выдалены на 85-й хвіліне за дзве жоўтыя карткі. З таго часу забіў 69 мячоў у 149 матчах, што з’яўляецца найлепшым вынікам у гісторыі краіны. На другім месцы Эдынсан Кавані (58), на трэцім Дыега Фарлан (36 мячоў). Пры Суарэсе каманда даходзіла да паўфіналу ЧС-2010, дзе саступіла Нідэрландам 2:3, і выйгравала Кубак Амерыкі ў 2011-м.
Галкіпер зборнай Беларусі Мароз завяршыў кар’еру ў 31 год
31-гадовы галкіпер зборнай Беларусі Іван Мароз скончыў гульнявую кар’еру. Прычынай такога рашэння паслужылі праблемы з тазасцегнавым суставам. У жніўні мінулага года Іван перанёс аперацыю, пасля чаго праходзіў рэабілітацыю. Апошнім клубам Мароза была ізраільская «Бней-Герцлія», за якую ён гуляў у 2022-2023 гадах. Раней выступаў за «Гомель», СКА і ўкраінскі «Матор». Правёў 17 матчаў і закінуў 2 мячы ў складзе зборнай Беларусі.
Беларускае Радыё Рацыя