У венгерскім Дзьеры працягваецца міжнародны турнір па плаванні Gyor Open, які з’яўляецца кваліфікацыйным да Алімпійскіх гульняў у Парыжы.
Удзел у спаборніцтвах бяруць дзве прадстаўніцы Беларусі – Анастасія Шкурдай і Анастасія Куляшова. Вячэрнюю праграму пятніцы адкрыў фінал на дыстанцыі 50 м батэрфляем, куды з ранішніх заплываў абедзве беларускі прабіліся з найлепшымі вынікамі. Яны ж і разыгралі перамогу ў фінале: Куляшова паказала час 26,93 секунды, апярэдзіўшы цёзку ўсяго на тры сотыя секунды. Гэтае золата стала для Насты другім на турніры: напярэдадні беларуска была лепшай на стомятроўцы батэрфляем. У гэты ж дзень Анастасія Шкурдай прыняла ўдзел у вырашальным заплыве на дыстанцыі 400 м вольным стылем, дзе заваявала бронзу. Такім чынам, берасцейка сабрала поўны камплект узнагарод Gyor Open: раней Шкурдай перамагла на дыстанцыі 200 м на спіне. Турнір у Венгрыі завершыцца сёння. У заключны дзень Анастасія Шкурдай выступіць на “палцінніку” на спіне.
Сувораў стаў галоўным трэнерам футбалістаў “Шахцёра”
Новым галоўным трэнерам футбалістаў салігорскага “Шахцёра” стаў Станіслаў Сувораў. Кантракт з 30-гадовым настаўнікам разлічаны на два гады з опцыяй пралангацыі яшчэ на год. Да гэтага прызначэння Сувораў быў асістэнтам цяпер ужо былога трэнера “Шахцёра” Аляксея Багі, які зараз перайшоў у саратаўскі “Сокал”, які выступае ў другім дывізіёне чэмпіянату Расеі. Раней Станіслаў Сувораў узначальваў дублюючы склад салігорскай дружыны, а таксама працаваў у “Шахцёры” з Петрыкава.
«Рэал» даў Мбапэ час да 15 студзеня прыняць рашэнне па сваёй будучыні
«Рэал» працягвае дэталёва працаваць над падпісаннем нападніка «ПСЖ» Кіліяна Мбапэ. Па інфармацыі As, мадрыдцы далі французу час да 15 студзеня вызначыцца, ці жадае ён працягнуць кар’еру ў «Рэале». У Мадрыдзе лічаць, што гэтага часу дастаткова, каб прыняць рашэнне. На такі крок мадрыдцы пайшлі пасля досведу мінулага года, калі Мбапэ ў апошні момант падоўжыў кантракт з «ПСЖ». Цяперашні кантракт паміж парыжанамі і гульцом заканчваецца летам, але Мбапэ можа пралангіраваць дамову яшчэ на год, калі гэтага захоча.
У бягучым сезоне Мбапэ аформіў 18 галоў і аддаў 2 асісты ў 20 матчах.
Нямецкі біятланіст Доль выйграў спрынт на трэцім этапе Кубка свету
У швейцарскім Ленцархайдзе працягваецца трэці этап розыгрышу Кубка свету па біятлоне. У пятніцу мужчыны вызначалі наймацнейшых у спрынтарскай гонцы. Найлепшы час на 10-кіламетровай дыстанцыі паказаў нямецкі спартовец Бенедыкт Доль, які прайшоў абодва агнявыя рубяжы без промахаў. Пяць секунд пераможцу саступіў дзейны ўладальнік Вялікага крыштальнага глобуса Ёханэс Бё з Нарвегіі. У цэлым гонка апынулася трыўмфальнай для каманды Германіі, якая дэлегавала ў шасцёрку найлепшых адразу чацвярых біятланістаў. Філіп Наврат замкнуў тройку, Філіп Хорн стаў 4-м, а Ёханэс Кюн – 6-м. Жоўтую майку лідэра агульнага заліку захаваў нарвежац Тар’е Бё, які паказаў 14-ы вынік.
Беларускае Радыё Рацыя






