BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Беларуска Марыя Жодзік магчыма выступіць на Алімпіядзе за Польшчу

Польскія медыі пішуць пра тое, што на сёлетняй алімпіядзе вельмі імаверна за польскую каманду выступіць беларуская лёгкаатлетка Марыя Жодзік. Яе спартовая спецыялізацыя – скачкі ў вышыню.

Марыі Жодзік 27 гадоў, яна родам з Баранавічаў, цяпер жыве ў Беластоку, у які прыехала ў 2022 годзе.

На чэмпіянаце па лёгкай атлетыцы Беларусі ў 2021 годзе Жодзік усталявала асабісты рэкорд, узяўшы вышыню 1 м 96 см. Яна атрымала права выступіць на Алімпіядзе ў японскім Токіа, але не была дапушчана да гульняў, бо лукашэнкаўскія спартовыя функцыянеры не забяспечылі ў час працэдуру праходжання допінг-тэстаў.

Цяпер Жодзік падала дакументы на атрыманне польскага грамадзянства. Яе называюць найлепшай у сваёй дысцыпліне ў Польшчы. Калі лёгкаатлетка атрымае польскае грамадзянства і да 30 чэрвеня пакажа вынік 1 м 97 см, то зможа ўдзельнічаць у Алімпійскіх гульнях. Але ёсць некалькі ўмоваў. Ёй патрэбная адмысловая пастанова польскага прэзідэнта Анджэя Дуды. І патрэбна скараціць перыяд, цягам якога яна не можа выступаць за іншую краіну — такое рашэнне можа прыняць Міжнародная асацыяцыя лёгкаатлетычных федэрацый.

Важна дадаць, што ў 2020 годзе Марыя Жодзік падпісала адкрыты ліст беларускіх спартоўцаў за свабодныя выбары і супраць гвалту з боку сілавікоў. Таксама яна асудзіла вайну Расеі супраць Украіны.