У тайландскім Пхукеце працягваецца Кубак свету па цяжкай атлетыцы, які з’яўляецца заключным кваліфікацыйным стартам на летнія Алімпійскія гульні 2024 года. З кожнай вагавай катэгорыі ў штангістаў пуцёўкі ў Парыж атрымліваюць атлеты, якія ўвайшлі ў топ-10 сусветнага рэйтынгу па выніках усіх адборавых стартаў. Першую ліцэнзію на Гульні ў цяжкай атлетыцы нашай камандзе прынесла Сюзана Валадзько, якая выступае ў вазе да 71 кг. Перад стартам Кубка свету беларуская спартоўка займала 9-ю пазіцыю ў агульным табелі. Напярэдадні беларуска падняла 108 кг у рыўку і справілася з вагой 129 кг у штуршку, вынік Валадзько ў 237 кг прынёс ёй 10-е месца на турніры і Валадзько захавала 9-е месца рэйтынгу.
Чатыры беларускія барцы заваявалі алімпійскія ліцэнзіі
Чатыры барцы вольнага стылю з Беларусі заваявалі алімпійскія ліцэнзіі. Для гэтага трэба было выйсці ў фінал. Магамедхабіб Кадымагамедаў у паўфінале вагавай катэгорыі да 74 кг адолеў прадстаўніка Славакіі Таймураза Салказанава. Арыйаан Цютрын у вырашальнай сутычцы ў вагавай катэгорыі да 57 кг перамог балгарына Георгія Ангелава. Аляксандр Гуштын у вячэрняй частцы еўрапейскага турніру павінен быў пазмагацца з Радаславам Баранам з Польшчы, але супернік зняўся з-за траўмы. Дзяніс Храмянкоў у паўфінале ў вазе да 125 кг перамог паляка Каміла Касіла. Нагадаю, што Кадымагамедаў, Цютрын і Храмянкоў маюць дачыненне да сілавых структур Беларусі. Кадымагамедаў і Цютрын з’яўляюцца чальцамі таварыства «Дынама», звязанага з МУС Лукашэнкі, а Храмянкоў выступае за спартовы клуб Узброеных Сіл Лукашэнкі.
“Нёман” дагнаў футбалістаў “Славіі” ў чэмпіянаце Беларусі
Гарадзенскі “Нёман” абыграў “Тарпеда-БелАЗ” і дагнаў “Славію” ў турнірнай табліцы чэмпіянату Беларусі. У паядынку 3-га тура ў Гародні быў забіты ўсяго адзін мяч. На 15-й хвіліне гульні перамогу гаспадарам прынёс Павел Савіцкі, які рэалізаваў пенальці – 1:0. Да гэтага сваю трэцюю вікторыю запар здабылі футбалісты мазырскай “Славіі”, якія перамаглі на сваім полі “Іслач” з лікам 2:0. Цяпер у “Нёмана” і “Славіі” па 9 ачкоў. У заключным матчы тура мінскае “Дынама” і “Нафтан” падзялілі ачкі. Да 40-й хвіліны першага тайма форвард навапалачан Ігнат Прановіч адзначыўся дублем, а перад самым перапынкам Райманд Адэола адыграў адзін мяч. У другой палове сустрэчы Павел Мялешын зрабіў лік роўным, але здабыць перамогу дынамаўцам не ўдалося – нічыя 2:2.
“Ягелонія” вырвала нічыю ў “Легіі”
Беластоцкая «Ягелонія» вырвала каштоўную нічыю на стадыёне варшаўскай “Легіі”. Матч скончыўся ўнічыю 1:1. Героямі матча сталі футбалісты з Іспаніі. У складзе гаспадароў адзначыўся Марк Гуаль на 30-й хвілне, а ў складзе “Ягелоніі” заўзятараў “Легіі” на 82-й хвіліне прымусіў замаўчаць Хесус Імаз. «Ягелонія» застаецца лідарам з перавагай у два ачкі перад «Шлёнскам». «Легія» займае пятае месца ў табліцы.
“Ліверпуль” вырваў нічыю ў “Манчэстэр Юнайтэд”
«Ліверпуль» не здолеў узначаліць АПЛ, згуляўшы ўнічыю з «Манчэстэр Юнайтэд» у матчы 32-га тура Англійскай прэм’ер-лігі. «Ліверпуль» адкрыў лік на 23-й хвіліне – вызначыўся Луіс Дыяс. МЮ упершыню за два гады не змог нанесці ніводнага ўдару па браме ў першым тайме. У гаспадароў у другім тайме забілі Бруну Фернандэш, які скарыстаўся грубай памылкай супернікаў і забіў з цэнтра поля, і Кобі Майну, але госці вырвалі нічыю дзякуючы дакладнаму ўдару з пенальці Махамеда Салаха на 84-й хвіліне – 2:2, “Ліверпуль” застаўся другім у АПЛ пасля “Арсенала”.
Ферстапен перамог на Гран Пры Японіі
Трохразовы чэмпіён свету Формулы 1 Макс Ферстапен пераканаўча перамог на Гран Пры Японіі, а каманда Red Bull Racing аформіла дубль. Ферстапен стартаваў з поўла і застаўся наперадзе на абодвух стартах, першы з якіх быў адменены з-за аварыі Даніэля Рыкарда і Алекса Албана. Трэці год запар Ферстапен стаў мацнейш на Сузуке і ў 57-ы раз у кар’еры фінішаваў першым у гонцы Ф1. Другім стаў напарнік Макса па камандзе Серхіа Перэс, які, як і нідэрландзец, за ўсю дыстанцыю не сустрэў якой-небудзь канкурэнцыі. А трэцяе месца заняў Карлас Сайнс, які за сем кругоў апярэдзіў свайго партнёра па камандзе Ferrari Шарля Леклера.
Беларускае Радыё Рацыя