Беларусы зноў сустрэліся на полі ў польскім чэмпіянаце. У матчы 24-га тура “Карона” перамагла “Пушчу” з лікам 2:1. Гаспадары поля прапусцілі ўжо на 17-й хвіліне, але хутка аднавілі раўнавагу дзякуючы Фарнальчыку. Перамогу прынёс дакладны ўдар Рэмекля на 80-й хвіліне. Яўген Шыкаўка выйшаў на поле на 82-й хвіліне, а Герман Баркоўскі пакінуў гульню на 86-й. “Карона” з 32 ачкамі займае 10-е месца, а “Пушча” пакуль застаецца на 16-й пазіцыі з 22 баламі.
Трэнер “Нёмана” жорстка пакараны пасля матча з “Дынама”
Галоўны трэнер “Нёмана” Ігар Кавалевіч пакараны пяціматчавай дыскваліфікацыяй і штрафам на 30 базавых велічынь. Такое рашэнне прыняў Камітэт па дысцыпліне і этыцы пасля кубкавага матча супраць менскага “Дынама”, які скончыўся з лікам 2:0. Акрамя гэтага, і “Нёман”, і “Дынама” былі аштрафаваныя на 10 базавых велічынь кожны за парушэнні падчас кубкавага матча і Суперкубка Беларусі.
Гурэнка можа ўзначаліць «Тандэм», але ўсё не так адназначна
Сяргей Гурэнка, магчыма, вернецца да трэнерскай працы — з’явілася інфармацыя, што ён можа ўзначаліць расейскі клуб «Тандэм» з Медыялігі. Па словах журналіста Анара Ібрагімава, перамовы з беларускім спецыялістам ужо на фінальнай стадыі. Раней Гурэнка працаваў у менскім «Дынама» і расейскай «Уфе», а як гулец выступаў за «Лакаматыў» (Масква), «Рому» і «Сарагосу». Праўда, сам трэнер ужо пракаментаваў гэтую інфармацыю і заявіў, што галоўным трэнерам «Тандэма» ён не стане.
“Мяшкоў Брэст” зрабіў крок да тытулу – першы ў “Фінале чатырох” SEHA-лігі
“Мяшкоў Брэст” першым забяспечыў сабе месца ў “Фінале чатырох” SEHA-лігі пасля перамогі над менскім СКА – 27:25 у гасцях. Гэта другая вікторыя над менчукамі пасля хатняга поспеху 29:27. У іншых матчах чвэрцьфіналу барацьба працягваецца. “Чэхаўскія мядзведзі” прымуць “Пермскіх мядзведзяў”, ЦСКА згуляе з “Віктарам”, а “Зеніт” – з клубам “Машэка”. Нагадаю, што летась “Мяшкоў Брэст” стаў пераможцам усёй SEHA-лігі, абыграўшы ў фінале македонскі “Еўрафарм Пелістар” 35:31.
Вайлупаў можа перайсці ў «Бенфіку»
Мікіта Вайлупаў блізкі да пераходу ў партугальскую «Бенфіку». Паводле інфармацыі СМІ, 29-гадовы правы крайні ўжо вядзе перамовы з клубам з Лісабона. Вайлупаў перайшоў у венгерскі «Веспрэм» у 2022 годзе, але апошнім часам не атрымліваў дастаткова гульнявой практыкі ад галоўнага трэнера Хаві Паскуаля. Разам з ім у «Бенфіку» можа пераехаць і экс-гулец «Мяшкова Брэст» Станіслаў Кашпарэк. Кантракт Вайлупава з венгерскім клубам дзейнічае да 2026 года.
Нарвежка Тандрэволд перамагла ў спрынце на Кубку свету — францужанкі занялі астатнія месцы ў топ-4
Нарвежская біятланістка Інгрыд Тандрэволд упісала сваё імя ў гісторыю — яна перамагла ў жаночым спрынце на этапе Кубка свету ў чэшскім Нове-Места. Гэта першая яе перамога ў гэтым сезоне і пятая ў кар’еры. Францужанкі не адсталі: Жусцін Брэза заняла другое месца, Жулі Сімон стала трэцяй, а Лу Жанмона спынілася за крок ад подыума. Усяго ў гонцы ўдзельнічалі 102 спартоўкі.
Беларускае Радыё Рацыя






