Госць Рацыі – футбаліст, футбольны блогер, спартыўны журналіст, былы палітвязень Аляксандр Івулін.

РР: Зараз праходзіць ЧЕ па футболе, і наперадзе засталося ўжо мала матчаў. Падзяліся сваімі ўражаннамі.
Аляксандр Івулін: Увогуле мне здаецца, што гэта вельмі яскравы Чэмпіянат Еўропы. Менавіта для мяне, таму што я прапусціў па нейкіх абставінах мінулы чэмпіянат Еўропы. І для мяне гэта першы буйны топ-турнір пасля вызвалення, які проста ўражвае. Я нават купіў сабе як у дзяцінстве альбом з налепкамі, каб усё гэта сабіраць, калекцыянаваць. На гэтым ЧЕ мне падабаецца вельмі шмат усялякіх крутых, яскравых сюжэтаў, то бок, гісторыя з тым, як зборная Грузіі сатварыла сенсацыю і як грузіны яскрава падтрымліваюць сваю зборную. І я пасля матчу з партугальцамі вельмі зайздросціў па-добраму грузінам, таму што ў іх ёсць такая зборная, якой хочацца ганарыцца, за якую хочацца заўзець. Таксам мне вельмі падабаюцца зборныя Іспаніі і Германіі. Я лічу, што чвэрцьфінал, які мы пабачым у пятніцу, будзе для мяне амаль фіналам. Таму што самыя цікавыя зборныя гэтага турніру сыдуцца на этапе чвэрцьфіналу, і гэта такое вельмі цікавае будзе відовішча. І я шчыра скажу, што вельмі засмучуся, што вылеціць Іспанія, ці вылеціць Германія. Таксама чэмпіянат багаты на адкрыцці. Гэта Ямаль, які вельмі круты хлопец, ён робіць хатнюю працу ў школе паміж тым, як гуляе за зборную Іспаніі на вельмі высокім роўні. І ў той жа час мы назіраем за вялікаю драмаю Крышціяну Раналду, які вельмі хоча ўвайсці ў гісторыю і перапісаць яе і забіць у 39 год чарговы гол.
І крыху рэкламы. Мы будзем 14 ліпеня ладзіць вялікі футбольны прагляд у Варшаве матчаў фіналу ЧЕ. Будзем ладзіць вялікую імпрэзу, будзем з Ярыкам Пісарэнкам каментаваць матч фіналу на беларускай мове. Мы зробім сапраўдны футбольны фэст, дзе будуць і квізы, і размовы з Алегам Дулубам, Мікітам Мелказёравым. Сапраўднае свята, таму абавязкова прыходзьце, рэгіструйцеся. Інфармацыя ў Інстаграме.
РР: У мінулым годзе беларусы Польшчы зладзілі сваю футбольную каманду «Пагоня» (Варшава). У гэтым сезоне яна ізноў прыме ўдзел у розыгрышы Кубка Польшчы па футболе. Папярэдні дазвол ад Польскага футбольнага саюза ўжо дадзены.
Аляксандр Івулін: Дазволілі нам удзельнічаць у гэтай гісторыі. Але каманда «Пагоня» хацела заявіцца ў чэмпіянаце ў мінорныя лігі. На жаль, пакуль не атрымалі мы дазволу. Можа, не ў гэтым годзе. Можа, праз год сітуцыя зменіцца і каманда беларусаў з беларускімі пашпартамі будзе гуляць у мінорных лігах. Вельмі гэтага хацелася б, таму што ў мінулым годзе было вельмі крута, калі на матчы прыходзіла 400 – 500 гледачоў. Вельмі хочацца, каб у гэтым годзе таксама людзі прыходзілі, людзі кайфавалі, глядзелі і падтрымлівалі сваіх. Гэта вельмі-вельмі важна.
У розыгрышы Кубка Польшчы па футболе сезону 2023-2024 года каманда «Пагоня» брала ўдзел упершыню і нават прайшла першы раўнд у Варшаўскай зоне розыгрышу Кубка з перамогай 5:0. Як для «Пагоні» пройдзе гэты сезон, даведаемся неўзабаве.
Цалкам гутарка:
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя






