
Працягвае паспяховае выступленне беларуская футбольная каманда «Пагоня» (Варшава), якой у гэтым сезоне ўпершыню Польскі футбольны саюз даў дазвол на ўдзел у афіцыйным польскім чэмпіянаце.
«Пагоня» пачала свой шлях з найніжэйшага дзявятага па ліку дывізіёна ў сістэме польскіх футбольных лігаў – Клас Б. Група – Варшава ІІІ.
У чарговым матчы «Пагоня», якая складаецца з беларусаў, перайграла з лікам 3:0 суседа па турнірнай табліцы «Граховія» Варшава.
Дзякуючы чаму каманда набрала 14 ачкоў і ўзнялася на 8 месца з 14. У яе заліку – 4 перамогі, 2 нічыі і 1 параза, 18 забітых і 6 прапушчаных галоў.
Адметна, што каманда мае пакуль толькі 7 згуляных матчаў, у той час, як ў лізе асноўная большасць камандаў згулялі па 13 матчаў.
У беларускай хакейнай Экстралізе ўчора былі згуляныя першыя матчы 28 тура рэгулярнага чэмпіяната.
«Віцебск» на сваёй пляцоўцы саступіў менскаму «Юнацтву» з лікам 1:3.
Аўтсайдар турніра – «Магілёў» у Баранавічах па булітах з лікам 3:2 здолеў перайграць мясцовы «Авяітар».
«Ліда» на хатнім лёдзе зноў перайграла салігорскі «Шахцёр», гэтым разам з лікам 3:1.
У Нацыянальнай Хакейнай Лізе прайшлі чарговыя матчы рэгулярнага чэмпіянату з удзелам беларускіх гульцоў.
«Чыкага» Арцёма Леўшунова саступіла «Каларада» Іллі Салаўёва з лікам 0:1. Леўшуноў правёў на лёдзе 20 хвілін 10 секунд, зрабіў адзін кідок па варотах і правёў адзін сілавы прыём, двойчы заблакаваў кідкі суперніка і адзін раз перахапіў шайбу. Сустрэчу скончыў з паказчыкам карыснасці «0». Салаўёў на гульню заяўлены не быў.
А вось беларускі форвард «Калгары» Ягор Шаранговіч закінуў шайбу ў выязным пераможным матчы з «Ванкуверам» – лік 5:2.
Зрабіў ён гэта на 37-й хвіліне гульні, у якой правёў на лёдзе 16 хвілін 01 секунду. Хакеіст перапыніў сваю 9-матчавую безгалявую серыю. Ён завяршыў матч з паказчыкам карыснасці +2. Цяпер у мінчука 7 (3+4) ачкоў у бягучым сезоне НХЛ.
«Калгары» здабыў валявую перамогу і ўпершыню ў сезоне выйграў 3 матчы запар.
Беларускі форвард «Калгары» Ягор Шаранговіч выйшаў на 3-е месца па колькасці ачкоў у НХЛ сярод беларусаў.
Цяпер у яго 204 вынiковыя балы ў рэгулярных чэмпіянатах НХЛ.
Па гэтым паказчыку ён дагнаў экс-абаронцу «Анахайма», «Фларыды», «Каларада» і «Дэтройта» Руслана Салея.
А тым часам беларускі брамнік Мікіта Талапіла атрымаў выклік у аснову «Ванкувера» ў НХЛ з «Абатсфарда» з АХЛ. Пра гэта паведаміў генеральны менеджэр клуба Патрык Алвін.
Замест Талапіла ў фарм-клуб адправіўся чэшскі брамнік Іржы Патэра, які ў бягучым сезоне правёў адну гульню і прапусціў 7 шайб.
Наперадзе ў «Ванкувера» тры матчы за чатыры дні: 26 лістапада супраць «Анахайма», 28 лістапада супраць «Сан-Хасэ» і 29 лістапада супраць «Лос-Анджэлеса».
Адзначым, што асноўны галкіпер «Ванкувера» Тэтчэр Дзямко зноў траўмаваўся ў матчы НХЛ супраць «Вініпега».
У сёлетнім сезоне 25-гадовы беларус выступаў у АХЛ, дзе ў 5 гульнях святкаваў 1 перамогу, пры каэфіцыенце надзейнасці 3.35 і 90,1% адбітых кідкоў.
Нагадаем, што Талапіла ў мінулым сезоне дэбютаваў у НХЛ, дзе правёў дзве гульні.
Жаночая тэнісная асацыяцыя (WTA) апублікавала абноўлены рэйтынг арганізацыі.
Найлепшай па-ранейшаму з’яўляецца беларуска Арына Сабаленка. Аляксандра Сасновіч – 110-я, Вікторыя Азаранка – 134-я, Ірына Шымановіч – 153-я.
Рэйтынг WTA:
1. Арына Сабаленка (Беларусь) – 10 870 ачкоў
2. Іга Свёнтэк (Польшча) – 8 395
3. Коры Гаўф (ЗША) – 6 763
4. Аманда Анісімава (ЗША) – 6 287
5. Алена Рыбакіна (Казахстан) – 5 850
6. Джэсіка Пегула (ЗША) – 5 583
7. Мэдысан Кіз (ЗША) – 4335
8. Жасмін Пааліні (Італія) – 4 325
9. Міра Андрэева (Расея) – 4 319
10. Кацярына Аляксандрава (Расея) – 3 375
110 (109). Аляксандра Сасновіч (Беларусь) – 685
134 (135). Вікторыя Азаранка (Беларусь) – 555
153 (155). Ірына Шымановіч (Беларусь) – 466
Мужчынская зборная Італіі па тэнісе дасягнула перамогі на Кубку Дэвіса-2025.
У фінале Італія перамагла Гішпанію – 2:0.
Матэа Берэціні (Італія) – Пабла Карэна-Буста (Гішпанія) – 6:3, 6:4
Флавіа Каболі (Італія) – Хаўме Муньяр (Гішпанія) – 1:6, 7:6, 7:5
Для Італіі гэта трэці тытул запар і чацвёрты ў цэлым.
Да гэтага Італія станавілася чэмпіёнам у 1976, 2023 і 2024 гадах.
Італьянцы сталі першай камандай з 1972-га, якая здолела выйграць Кубак Дэвіса тройчы запар. У 1968-1972 гадах гэта ўдалося Злучаным Штатам Амерыкі.
І закончым – цікавінкай.
У чэмпіянаце Арменіі па футзале зафіксаваны лік 98:1!
З такімі фантастычнымі лічбамі на табло дзеючы чэмпіён краіны клуб «Ерэван» разграміў дэбютанта лігі «Алашкерт».
Першы тайм завяршыўся з лікам 33:0, а ў другім «Ерэван» забіў яшчэ 65 мячоў (у сярэднім больш за тры галы за хвіліну).
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя




