Беларуская лёгкаатлетка Вольга Мазуронак, якая эмігравала ў ЗША, з вялікім адрывам апярэдзіла галоўных суперніц на маратоне ў Ганконгу, паведамляе South China Morning Post.

Мазуронак прабегла дыстанцыю за 2 гадзіны 27 хвілінаў. Бягухі з Эфіопіі, якія занялі другое і трэцяе месца, прайгралі ёй больш за хвіліну.
«Я вельмі рада быць тут, у Ганконгу, — сказала беларуска. — Сёння я планавала пабіць свой рэкорд, але траса была вельмі складанай, і, на жаль, я не змагла, але я вельмі рада перамозе».
Пасля так званых выбараў у 2020 годзе Вольга Мазуронак падпісала ліст вольных спартоўцаў супраць гвалту. У 2023 годзе яна пераехала ў ЗША.
Вользе 35 гадоў. Яна чэмпіёнка Еўропы 2018 году. Выступала на двух Алімпійскіх гульнях (у 2016 і 2021 гадах) і абодва разы займала 5-е месца.