Моладзевая зборная Беларусі трапіла ў пяты кошык перад лёсаваннем кваліфікацыі чэмпіянату Еўропы (U-21) 2027 года. Спаборніцтвы прымуць Албанія і Сербія, якія вызваленыя ад адбору. Лёсаванне адбудзецца 6 лютага ў Ньёне, дзе будзе сфармавана дзевяць груп: шэсць па шэсць каманд і тры па пяць. У фінальную частку турніру трапяць 14 лепшых каманд.
Лапаўхаў дэбютаваў за ЦСКА з кур’ёзным голам
Найлепшы футбаліст Беларусі 2024 года Фёдар Лапаўхаў правёў свой першы матч за сафійскі ЦСКА ў таварыскай сустрэчы супраць латвійскай «Ліепаі». Беларускі брамнік правёў на полі 70 хвілін і прапусціў адзін гол пасля памылкі: на 69-й хвіліне ён не змог дакладна аддаць перадачу, і нападнік супернікаў скарыстаўся гэтай памылкай, адправіўшы мяч у пустую браму. Нягледзячы на гэты эпізод, ЦСКА выйграў з лікам 4:1.
«Тарпеда-БелАЗ» стартавала з перамогі на турніры «БелАЗавец»
У Жодзіне стартаваў традыцыйны турнір «БелАЗавец». У стартавым матчы гаспадары поля, бронзавыя прызёры чэмпіянату Беларусі, сустрэліся з «Менскам» і перамаглі з мінімальным лікам 1:0. Аўтарам адзінага мяча стаў Цімафей Шаркоўскі. У наступным туры, які адбудзецца 29 студзеня, «Мінск» згуляе супраць «Нёмана», а заключны матч пройдзе 31 студзеня паміж «Нёманам» і «Тарпеда-БелАЗ».
Шрамчанка далучыўся да «Дынама-Брэст»
Антон Шрамчанка падпісаў кантракт з берасцейскім «Дынама» да канца 2025 года. У мінулым сезоне ён выступаў за казахстанскі «Жэтысу», дзе згуляў 18 матчаў і забіў 2 галы. Таксама да берасцейскага клуба можа вярнуцца нападнік Дзяніс Лапцеў, які ў мінулым сезоне згуляў 18 матчаў за «Тарпеда-БелАЗ» і адзначыўся адным голам і адной галявой перадачай.
Луіс дэ ла Фуэнта працягвае кантракт са зборнай Іспаніі
Галоўны трэнер зборнай Іспаніі Луіс дэ ла Фуэнта працягнуў кантракт з камандай да 2028 года. Нагадаю, пад яго кіраўніцтвам іспанцы летась сталі чэмпіёнамі Еўропы, абыграўшы Англію ў фінале з лікам 2:1.
Найлепшы снайпер «Авіятара» Развадоўскі пакінуў клуб
Беларускі нападнік Павел Развадоўскі пакінуў склад баранавіцкага «Авіятара» па ўзаемнай згодзе. 35-гадовы форвард далучыўся да клуба ўлетку і стаў найлепшым снайперам каманды, набраўшы 16 (11+5) балаў у 38 матчах рэгулярнага чэмпіянату Betera-Экстралігі.
Сасновіч прайшла ў асноўную сетку турніру ў Лінцы
Беларуская тэнісістка Аляксандра Сасновіч выйшла ў асноўную сетку турніру WTA-500 у Лінцы. У вырашальным матчы кваліфікацыі яна перамагла нямецкую тэнісістку Эллу Зайдэль з лікам 7:5, 4:6, 6:4. Турнір завершыцца 2 лютага, а ў мінулыя гады пераможцамі гэтых спаборніцтваў станавіліся Вікторыя Азаранка і Арына Сабаленка.
Беларускае Радыё Рацыя






