
фота BKS Pahonia Warszawa
Беларуская футбольная каманда «Пагоня» з Варшавы атрымала дазвол на ўдзел у дзевятым дывізіёне чэмпіяната Польшчы па футболе.
Такім чынам, «Пагоня» стала першай беларускай футбольнай камандай у афіцыйных польскіх спаборніцтвах.
Першы матч у розыгрышы новага сезона «Пагоня» правядзе супраць «Пяруна» з Варшавы.
У польскай футбольнай сістэме налічваецца 10 дывізіёнаў, самы вышэйшы — экстракласа. Да класа А адносіцца сем дывізіёнаў, да класа В — тры. У адным з такіх дывізіёнаў і будзе выступаць варшаўская «Пагоня».
Дывізіён, у якім будзе гуляць беларускі клуб, налічвае 168 групаў. У той жа Варшаве — сем груп.
У Польшчы ў дзевяці дывізіёнах зараз выступаюць 117 беларускіх гульцоў.
У Экстракласе ў гэтым сезоне гуляе два футбалісты: Ілля Шкурын (ГКС Катавіцы) і Герман Баркоўскі («Пяст» Глівіцы), у першай лізе — тры беларусы, у трэцяй — два.
Найбольш беларусаў гуляе ў пятым дывізіёне — 34, а ў дывізіёне, дзе будзе гуляць «Пагоня», па ўсёй Польшчы ўжо граюць — 11 беларусаў.
У стартавым матчы адбору на чэмпіянат Еўропы 2026 па футболе сярод юнакоў да 17 гадоў зборная Беларусі саступіла сваім аднагодкам з Нарвегіі з лікам 3:4. Пры гэтым нашы хлопцы да 89-й хвіліны гульні мелі перавагу ў два мячы. Пры чым зрабілі лік на сваю карысць 3:1, гуляючы ў меншасці. Але ключавымі ў гэтым матчы сталі 91-я і 94-я хвіліны, калі нарвежцы здолелі параўняць лік і вырваць перамогу.
Акрамя Нарвегіі ў 5 групе выступаюць таксама каманды Бельгіі і Малдовы.
А вось нацыянальная зборная Беларусі сёння ўвечары згуляе ў матчы адбору да чэмпіянату свету 2026 з іншай скандынаўскай зборнай – камандай Даніі.
У рэгулярным чэмпіянаце беларускай хакейнай Экстралігі учора былі згуляныя заключныя матчы 12 тура.
«Віцебск» прайграў салігорскаму «Шахцёру» з лікам 1:3.
Гарадзенскі «Нёман» у «заходнім» дэрбі толькі ў овертайме даціснуў «Брэст» – 1:0.
«Ліда» без асаблівых праблем разабралася з аршанскім «Лакаматывам» другі раз запар з «сухім» лікам 4:0.
Такім чынам менавіта «Ліда» і «Дынама-Маладэчна» пасля 12 тураў дзеляць першы радок турнірнай табліцы, маючы па 22 балы.
Прайшлі стартавыя матчы рэгулярнага чэмпіянату ў Нацыянальнай Хакейнай Лізе.
«Чыкага» Арцёма Леўшунова на выездзе саступіла «Фларыдзе» з лікам 2:3. 19-гадовы абаронца выходзіў у другой пары разам з Уайтам Кайзерам, з якім ужо раней гуляў ва ўніверсітэцкай лізе. Правёў на лёдзе 16 хвілін 36 секунд, вызначыўся двума кідкамі па варотах і двума сілавымі прыёмамі, дапусціў чатыры страты шайбы, зарабіў 4 хвіліны штрафу і завяршыў матч з паказчыкам карыснасці «+1». Аднак адно з яго выдаленняў «Фларыда» рэалізавала, што стала ключавым момантам другога перыяду. А на сёмай хвіліне сустрэчы Арцём стаў першым хакеістам выдаленым у сезоне НХЛ 2025/26.
«Каларада» Іллі Салаўёва абыграла «Лос-Анджэлес» з лікам 4:1. Салаўёў не быў уключаны ў заяўку на матч, бо пакуль не атрымаў амерыканскую працоўную візу.
Першая ракетка планеты з Беларусі Арына Сабаленка дасягнула 18-й перамогі запар на турніры WTA-1000 ва Ухані.
У 1/16 фінала яна перамагла 68-ю ракетку Рэбеку Шрамкову са Славакіі з лікам 2:1 (4:6, 6:3, 6:1).
Сабаленка яшчэ ні разу не прайгравала матч ва Ухані, дзе выйграла тры тытулы запар (у 2018, 2019 і 2024 гадах). З 2020 па 2023 гады турнір не праводзіўся з-за пандэміі каранавіруса.
Арына стала другой тэнісісткай у XXI стагоддзі, якой удалося выйграць першыя 18 матчаў на адным турніры.
Першай гэта зрабіла датчанка Караліна Вазняцкі на турніры ў Нью-Хэйвене з 2008 па 2011 гады (20 перамог і 4 тытулы запар).
У 1/8 фінала Арына Сабаленка гуляла з 20-й ракеткай – расейкай Людмілай Самсонавай. Беларуска выйграла 6:3, 6:2
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя






