
фота BKS Pahonia Warszawa
Працягвае свой паспяховы выступ у чэмпіянаце Польшчы па футболе каманда, якая цалкам складаецца з беларускіх эмігрантаў – «Пагоня» (Варшава).
Дружына першы год грае ў афіцыйным чэмпіянаце ў 9-м дывізіёне сістэмы польскіх футбольных лігаў. А менавіта ў групе – Варшава ІІІ, класа Б, Мазавецкай футбольнай акругі.
У чарговым матчы нашы хлопцы здабылі перамогу над камандай «Real Varsovia Warszawa» з лікам 7:2. Тым самым «Пагоня», якая ў параўнанні з супернікамі мае яшчэ 4 гульні ў запасе, узнялася на 6 радок турнірнай табліцы, маючы 20 ачкоў, 6 перамог, 2 нічыі, 1 паразу і розніцу мячоў 27:8.
Сёння ў Менску ў Доме футболу адбудзецца лёсаванне чвэрцьфіналу Кубка Беларусі.
У 1/4 фіналу выйшлі койданаўскі «Арсенал», барысаўскі БАТЭ, менскае і берасцейскае «Дынама», прысталічная «Іслач», «МЛ Віцебск», мазырская «Славія» і жодзінскае «Тарпеда-БелАЗ».
Дзеючым уладальнікам трафея з’яўляецца гарадзенскі «Нёман». Ён заваёўваў гэты тытул два гады запар, а ў гэтым годзе сенсацыйна вылецеў на стадыі 1/16 фінала ад каманды «Слонім-2017».
Матчы Чэмпіянату свету па футболе 2026 года будуць перарывацца на 3 хвіліны ў абодвух таймах для перапынку на вадапой, піша The Athletic са спасылкай на ФІФА.
На 22-й хвіліне ў кожным з таймаў гульня будзе прыпыненая для таго, каб футбалісты маглі папіць вады. Адлік часу не будзе спыняцца, арбітры будуць дадаваць мінімум 3 хвіліны дадатковага часу да тайма.
«Не будзе ніякіх правілаў па надвор’і або тэмпературы, перапынкі будуць прызначацца арбітрам ва ўсіх матчах, каб забяспечыць роўныя ўмовы для ўсіх камандаў у кожнай гульні», – гаворыцца ў паведамленні ФІФА.
Чэмпіянат свету-2026 пройдзе ў ЗША, Канадзе і Мексіцы з 11 чэрвеня па 19 ліпеня.
Прайшлі чарговыя матчы рэгулярнага чэмпіяната Нацыянальнай Хакейнай Лігі з удзелам беларускіх гульцоў.
«Вашынгтон» перамог «Каламбус» з лікам 2:0.
24-гадовы беларускі форвард «кэпіталз» Аляксей Протас адзначыўся шайбай у пустую брамку. Ён правёў на лёдзе 15:29 хв (з іх 12 секунд у большасці і 1:07 хв у меншасці), набраў 1 (1+0) ачко, зрабіў 4 кідкі (2 з іх міма), здзейсніў 1 перахоп, дапусціў 2 страты, прайграў адзінае ўкідванне і завяршыў матч з карыснасцю «+1». Беларус прадоўжыў вынiковую серыю да 6 матчаў. На гэтым адрэзку Протас набраў 6 (4+2) балаў. Ён паўтарыў рэкордны вынiковы адрэзак у кар’еры, калі з 18 па 30 студзеня 2025 года набраў у 6 матчах 7 (3+4) ачкоў.
У гэтым сезоне Аляксей мае 20 (10+10) ачкоў у 30 матчах пры карыснасці «+23» і 4 хвілінах штрафу.
Пасля 29 гульняў «Вашынгтон» набраў 37 ачкоў і займае 1-е месца ва Усходняй канферэнцыі.
Протас-старэйшы з’яўляецца 6-м бамбардзірам сваёй каманды.
«Чыкага» Арцёма Леўшунова буйна прайграў «Анахайму» з лікам 1:7.
20-гадовы беларускі абаронца «Чыкага» Арцём Леўшуноў выйшаў у першым звяне.
На 41-й хвіліне Арцём у большасці вызначыўся галявым пасам.
Агулам за 15 хвілін 35 секунд на лёдзе (у тым ліку 53 секунды з большасці і 5 у меншасці) ён зрабіў 3 кідкі, атрымаў 2 хвіліны штрафу, здзейсніў 1 страту і завяршыў сустрэчу з паказчыкам карыснасці «-1».
У сезоне 2025/26 Леўшуноў правёў 28 матчаў, набраў 14 (1+13) ачкоў, мае паказчык карыснасці «−5» і 20 штрафных хвілін.
Яго «Чыкага» з 30 ачкамі ў 29 гульнях апусцілася на 10-е месца ў табліцы Заходняй канферэнцыі.
«Далас» Уладзіслава Калячонка абыграў па булітах «Пітсбург» з лікам 3:2. Беларус правёў на лёдзе 15:54 хв, з іх 48 секундаў у меншасці, не набраў выніковых балаў, заблакаваў адзін кідок і завяршыў сустрэчу з паказчыкам карыснасці «0».
А «Каларада» Іллі Салаўёва адолеў «Філадэльфію» з лікам 3:2. Што праўда, беларус у заяўку на матч не патрапіў.
У матчы рэгулярнага чэмпіяната АХЛ «Хершы Бэрс» абгулялі «Ліхай Вэлі» з лікам 3:2.
19-гадовы беларускі форвард «Хершы» Ілля Протас выйшаў у першым звяне і вызначыўся выніковай перадачай пры гульні ў большасці.
Протас-малодшы зрабіў 3 кідкі і зарабіў паказчык карыснасці «+1». У сезоне ў яго 21 гульня, 20 (10+10) ачкоў, паказчык карыснасці (+6) і 8 хвілін штрафу. Протас з’яўляецца найлепшым бамбардзірам і снайперам «Хершы».
У супернікаў браму абараняў беларускі галкіпер Аляксей Коласаў. Ён правёў на лёдзе 58 хвілін 4 секунды, адбіў 23 з 26 кідкоў суперніка, скончыў сустрэчу з каэфіцыентам надзейнасці 3,10 і працэнтам адбітых кідкоў 88,5.
У сезоне-2025/26 АХЛ Коласаў прыняў удзел у 13 матчах, атрымаў 6 перамог, мае каэфіцыент надзейнасці 2,87 і працэнт адбітых кідкоў 89,8.
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя






