Беларуская зборная па пляжным футболе працягвае ўпэўнена выступаць на чэмпіянаце свету, які праходзіць на Сэйшэльскіх выспах. Учора яна правялі заключную сустрэчу групавога этапу. І гэтым разам хлопцы разграмілі каманду Гватэмалы з лікам 12:3. Гэта стала самай буйной перамогай нашых пляжнікаў на чэмпіянатах свету.

Адзначым, што папярэдне падапечныя Нікаласа Альварада перамаглі ў сваёй групе гаспадароў мундыялю і зборную Японіі з аднолькавым лікам 6:3. І са 100% вынікам выйшлі з групы з лепшай з усіх зборных-удзельніц розніцай забітых і прапушчаных мячоў 24 на 9. У чвэрцьфінале беларусаў чакае зборная Ірана, якая саступіла Партугаліі 5:7 і заняла ў сваё групе другое месца. Сустрэча за выхад у паўфінал адбудзецца 8 траўня. Пачатак а 13 гадзіне па польскім часе і на гадзіну пазней па беларускім. Нагадаем, што на мінулагоднім Чэмпіянаце свету зборная Беларусі заняла рэкорднае 4-е месца.
Учора ў польскай экстракласе адбыўся адзін матч 31 тура. «Карона» беларуса Яўгена Шыкаўкі прымала ў Кельцах суседзяў па турнірнай табліцы «ГКС» з Катавіцаў. І дзякуючы непасрэднаму ўдзелу нашага форварда здабыла перамогу з лікам 2:1. Яўген адкрыў лік у сустрэчы, забіўшы гол Катавіцам у «распранальню» на апошняй хвіліне першага тайма. Для яго гэта ўжо другі трапны стрэл у сезоне ў другой сустрэчы запар. Пасля гэтай перамогі «Карона» займае 9 радок у вышэйшым польскім дывізіёне.
Яшчэ адзін беларускі гулец адзначыўся ўчора ў Першай лізе чэмпіянату Польшчы па футболе. Форвард «Котвіцы» Калобжэг Усевалад Садоўскі выйшаў на поле на 76 хвіліне і на 95 хвіліне гульні аддаў выніковую перадачу. Дзякуючы чаму яго каманда на апошніх хвілінах вырвала перамогу 2:1 у «Хробрага» з Глогува.
Жаночая тэнісная асацыяцыя WTA абнавіла сусветныя рэйтынг. Пасля перамогі на турніры ў Мадрыдзе першая ракетка свету беларуска Арына Сабаленка адарвалася ў рэйтынгу ад полькі Ігі Свёнтак на 4345 балаў.
У беларускі зараз — 11 118 балаў, у полькі — 6773, у амерыканкі Како Гаўф, што ідзе трэцяй – 6603 балы, у яе суайчынніцы Джэсікі Пегулы — 6243, у пятага нумара рэйтынгу італьянкі Жасмін Паоліні — 4875 балы рэйтынгу.
Іншая беларуска Вікторыя Азаранка страціла шэсць пазіцый і адкацілася на 54-е месца. У першую сотню з 110-га на 99-е месца заскочыла яшчэ адна беларуская тэнісістка – Аляксандра Сасновіч.
Арына і Вікторыя возьмуць удзел у чарговым турніры серыі WTA-1000, які стартуе сёння ў Рыме.
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя