BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Беларускі барэц Кадзімагамедаў прайграў у першым паядынку Алімпіяды

Магамедхабіб Кадзімагамедаў, які мае беларускі пашпарт, прайграў у першым жа паядынку на Алімпіядзе. У спаборніцтвах па вольнай барацьбе ў 1/16 фіналу ў катэгорыі да 74 кг ён саступіў Разамбеку Жамалаву, які выступае за Узбекістан — 0:8. Кадзімагамедаў зможа пазмагацца за бронзавы медаль у суцяшальным раўндзе, калі Жамалаў дойдзе да фіналу.

Нарвежкі справіліся з датчанкамі і пазмагаюцца за золата Гульняў

Жаночая зборная Нарвегіі па гандболе перамагла каманду Даніі ў паўфінале алімпійскага турніру ў Парыжы – 25:21. У фінале нарвежкі сыдуцца з гаспадынямі Гульняў і дзейнымі алімпійскімі чэмпіёнкамі францужанкамі. Данія аспрэчыць бронзу са Швецыяй.

Фінал футбольнага турніру пройдзе сёння на Алімпіядзе

Сёння адбудзецца фінал футбольнага турніру на Алімпіядзе. Францыя згуляе з Іспаніяй на стадыёне «Парк дэ Прэнс» у Парыжы. Пачатак а 19:00. Нагадаем, бронзавыя медалі заваявала каманда Марока. Яна абыграла зборную Егіпта – 6:0.

Вікторыя Азаранка абыграла Грэт Мінэн у Таронта

Беларуска ў 1/8 фіналу турніру катэгорыі WTA-100 перамагла бельгійку ў трох партыях – 3:6, 7:5, 6:1. Далей Азаранка сустрэнецца з амерыканкай Пэйтан Сцірнс, якую перамагала ў сакавіку. Нагадаем, што ў камандзе Сцірнс прысутнічае былы хлопец Вікторыі рэпер Рэдфу.

Яшчэ адна прадстаўніца Беларусі трэцяя ракетка планеты Арына Сабаленка сустракалася з кітайскай тэнісісткай Юэ Юань і выйграла ў дзвюх партыях – 6:2, 6:2. У трэцім раундзе суперніцай Сабаленкі будзе брытанка Кэці Бултар.

Футбалісты “Славіі” і “Віцебска” адкрыюць 17 тур чэмпіянату Беларусі

Футбалісты “Славіі” і “Віцебска” адкрыюць праграму 17-га тура чэмпіянату Беларусі сярод каманд вышэйшай лігі. Сустрэча ў Мазыры пачнецца ў 18.30 і будзе паказана ў жывым эфіры тэлеканала “Беларусь 5”. У мінулым туры абодва супернікі святкавалі перамогі з аднолькавым лікам 2:1 – мазыране абыгралі ў Магілёве мясцовы “Днепр”, а віцябляне ўзялі верх над салігорскім “Шахцёрам”.

Тры паядынкі адбудуцца 10 жніўня – БАТЭ прыме на поле “Барысаў-Арэны” наваполацкі “Нафтан”, футбалісты “Смаргоні” ў сябе дома згуляюць з берасцейскім “Дынама”, а ў Салігорску “Шахцёр” будзе супернічаць з “Іслаччу” з Менскага раёна.

Разам беларускія клубы правялі ўжо 25 хатніх матчаў па-за Беларуссю

З 2021 года на рахунку беларускіх клубаў ужо 25 еўракубкавых хатніх паядынкаў, якія нашы клубы былі вымушаны праводзіць па-за Беларуссю. У гэтых гульнях яны святкавалі пяць перамог, пяць матчаў завяршылі ўнічыю і пятнаццаць разоў прайгралі апанентам пры рознасці забітых і прапушчаных галоў 24-46.

Больш за ўсіх “дома – не дома” выступала менскае “Дынама” – ужо шэсць разоў. Пяць разоў за межамі краіны супернікаў прымаў БАТЭ, па чатыры — “Нёман” і “Шахцёр”, тры — “Тарпеда”-БелАЗ, па адным разе — “Гомель”, берасцейскае “Дынама” і “Іслач”.

Беларускае Радыё Рацыя