BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Беларускі цяжкаатлет Паўлюкавец стаў сярэбраным прызёрам маладзёжнага чэмпіянату свету

У мексіканскай Гвадалахары працягваецца маладзёжны чэмпіянат свету па цяжкай атлетыцы – 2023, удзел у якім прымаюць беларускія спартоўцы. Ноччу адбыліся спаборніцтвы ў вагавай катэгорыі да 89 кг у хлопцаў, дзе нашу каманду прадстаўляў Ігнат Паўлюкавец. У рыўку беларус паказаў вынік 156 кг, дзякуючы чаму стаў уладальнікам малога бронзавага медаля. У другім практыкаванні – штуршку – Паўлюкавец таксама заняў трэцяе месца, зафіксаваўшы штангу вагой 192 кг. Выніковая сума Ігната склала 348 кг, чаго хапіла для заваявання срэбранай узнагароды ў двубор’і. Чэмпіёнам свету стаў амерыканец Элайджа Хайн, які абышоў беларуса на тры кілаграмы.

Сербскі форвард Зячэвіч папоўніў склад БК “МІНСК”

Склад баскетбольнага клуба “МІНСК” папоўніў сербскі форвард Аляксандр Зячэвіч. 27-гадовы баскетбаліст будзе выступаць у складзе менчан да канца бягучага сезона. Аляксандр Зечэвіч пачынаў кар’еру на радзіме, а з 2016 года гуляў у ЗША за студэнцкія каманды. З 2020 года ён перабраўся ў славацкі клуб “Гандлова”, затым выступаў ва Украіне за “Харкаўскіх сокалаў”, у Ізраілі – у складзе “Бней-Герцліі”, а мінулы сезон правёў у польскім клубе “Зялёная Гура”. У жніўні гэтага года перайшоў у “Пары Ніжні Ноўгарад”, за які правёў 6 матчаў.
Свой чарговы паядынак “МІНСК” правядзе заўтра на сваёй арэне супраць саратаўскага “Аўтадора”. Пакуль беларускі прадстаўнік у Адзінай лізе ЗГБ займае апошняе, 12-е месца, пацярпеўшы паразы ва ўсіх 11 праведзеных паядынках.

Скрыпчанка, Яромка і Кавалевіч – кандыдаты на пасаду галоўнага трэнера зборнай Беларусі U-21 («Ухо»)

Беларускія спецыялісты Вадзім Скрыпчанка, Сяргей Яромка і Ігар Кавалевіч з’яўляюцца кандыдатамі на пасаду галоўнага трэнера зборнай Беларусі U-21. Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал «Ухо». Па звестках крыніцы, найболей верагодным варыянтам стане галоўны трэнер менскага «Дынама» Вадзім Скрыпчанка, які будзе сумяшчаць пасты ў зборнай і клубе.

Беларускія футбалісты завершаць адборачны турнір ЧЕ матчам з камандай Косава

На футбольных арэнах Еўропы фінішуе групавы этап адборачнага турніру чэмпіянату Еўропы 2024 года. Сёння футбалісты зборнай Беларусі ў заключным паядынку кваліфікацыйнай групы I згуляюць у Прышціне з камандай Косава. Гэтую сустрэчу рассудзіць брыгада арбітраў з Балгарыі, якую ўзначаліць Георгій Кабакоў. У першым крузе адборачнага турніру беларусы абыгралі косаўскіх футбалістаў у Будапешце з лікам 2:1. Таксама сёння ў Бухарэсце згуляюць зборныя Румыніі і Швейцарыі, якія ўжо забраніравалі сабе пропускі ў фінальную частку кантынентальнага першынства. Футбалісты Андоры ў сябе дома сустрэнуцца з ізраільцянамі. Акрамя зборных Румыніі і Швейцарыі ў фінальную частку ЧЕ прабіліся ўжо каманды Аўстрыі, Албаніі, Англіі, Бельгіі, Венгрыі, Даніі, Іспаніі, Італіі, Нідэрландаў, Партугаліі, Сербіі, Славакіі, Славеніі, Чэхіі, Турцыі, Францыі і Шатландыі.

Беларускае Радыё Рацыя