BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Беларускі шахматыст сенсацыйна перамог Карлсэна на чэмпіянаце свету

18-гадовы беларус Дзяніс Лазавік сенсацыйна перамог нарвежскага гросмайстра Магнуса Карлсэна на чэмпіянаце свету па хуткіх шахматах у Нью-Ёрку. Лазавік гуляў белымі і паказаў высокі ровень гульні, што прызнаў і сам Карлсэн, адзначыўшы, што малады беларус перамог заслужана.

Фота: Chess. com, FIDE

Пасля пяці тураў Лазавік набраў 3,5 ачкі і займае месца ў чацвёртым дзясятку турнірнай табліцы. Карлсэн, які з’яўляецца дзейным чэмпіёнам турніру, пакуль мае толькі 2,5 бала і знаходзіцца на 80-й пазіцыі. У турніры ўдзельнічаюць 180 шахматыстаў з усяго свету, а спаборніцтвы працягнуцца да 29 снежня.

Дылан Дзюбэ застанецца ў менскім «Дынама»

Форвард менскага «Дынама» Дылан Дзюбэ перазаключыў кантракт з клубам. Гэта пацвердзіла прэс-служба КХЛ. Раней хакеіст прапусціў некалькі матчаў, уключаючы гульню супраць «Ак Барса», а таксама матч у Ташкенце са «Спартаком». Былі чуткі, што «Дынама» і Дзюбэ абмяркоўвалі ўмовы скасавання кантракту, але ў выніку бакі дамовіліся пра новае пагадненне. У гэтым сезоне 26-гадовы нападнік згуляў 27 матчаў, набраўшы 9 (3+6) ачкоў, але меў паказчык карыснасці «-10». Дзюбэ з’яўляецца самым высокааплатным гульцом «зуброў», яго гадавы заробак складае каля 550 тысяч даляраў.

Менскае “Дынама” згуляе з маскоўскімі аднаклубнікамі

Сёння менскае “Дынама” прыме маскоўскіх аднаклубнікаў у другім матчы хатняй серыі Кантынентальнай хакейнай лігі. Менчукі набралі ачкі ў пяці матчах запар, у тым ліку перамаглі “Ак Барс” з лікам 5:1. Каманда займае 7-е месца на Захадзе з 45 ачкамі. Масквічы на 4-й пазіцыі, але пасля міжнароднай паўзы паказваюць слабыя вынікі: адна перамога ў чатырох матчах. У гэтым сезоне маскоўскае “Дынама” двойчы перамагала менчукоў, апошні раз 22 лістапада, калі “зубры” не змаглі ўтрымаць перавагу 3:0. Матч пачнецца на “Менск-Арэне” а 19:10 па мясцовым часе.

«Чэлсі» прапануе «Інтэру» абмен з удзелам Мудрыка і Марцінэса

Лонданскі «Чэлсі» разглядае магчымасць уключыць украінца Міхаіла Мудрыка ў здзелку для абмену на форварда «Інтэра» аргенцінца Лаўтара Марцінэса. Мудрык на дадзены момант не ўдзельнічае ў матчах з-за станоўчага допінг-тэста. Апошні раз ён з’яўляўся ў складзе «Чэлсі» 1 снежня падчас гульні супраць «Астан Вілы».

Рэшфард можа апынуцца ў “Ювентусе”

Ангельскі футбаліст Маркус Рэшфард можа перайсці ў турынскі “Ювентус” на правах арэнды. Як паведамляе Football Italia, “Манчэсцер Юнайтэд” прапанаваў італьянскаму клубу пераход форварда, аднак “Ювентус” пагодзіцца толькі пры ўмове, што ангельскі клуб будзе аплачваць частку яго заробку. У той жа час галоўны трэнер “Ювентуса” Цьяга Мота аддае перавагу іншаму футбалісту “чырвоных д’яблаў” — нападніку Джошуа Зіркзэ, з якім ён раней працаваў у “Балоньі”. У гэтым сезоне 27-гадовы Рэшфард згуляў 24 матчы за “МЮ” ва ўсіх турнірах, забіўшы 7 галоў і аддаўшы 3 галявых перадач.

Беларускае Радыё Рацыя